Наверх

З дзяцінства бацькоў: ад савецкіх значкоў да “Масквіча” на педальнай цязе

28 февраля 2019

Незвычайную выставу савецкіх цацак у музейных установах Гомельшчыны прэзентуе 15-гадовы Пётр Тужык.

Такое незвычайнае захапленне ў хлапчука з’явілася  некалькі гадоў таму, прычым зусім выпадкова.

Аднойчы яго бацька, Сяргей Тужык, падараваў сыну некалькі савецкіх значкоў, якія засталіся з яго дзяцінства і захоўваліся дома. Хлопчык, які вельмі любіць гісторыю, не толькі ўзрадаваўся падарунку, але і даволі актыўна пачаў цікавіцца тэмай савецкага дзяцінства, напрыклад, якімі цацкамі гулялі яго родныя. Бацькі падтрымалі сынава захапленне. Так, за некалькі гадоў Пётр сабраў унікальную калекцыю, якая цяпер налічвае звыш 2 тыс. цацак і храналагічна ахоплівае перыяд з 50-х да 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Асаблівую цікавасць у юнага калекцыянера выклікаюць металічныя цацкі 50-х гадоў, вырабленыя ў пасляваенны час. Зроблены яны былі на сумленне і дагэтуль, праз 70 гадоў, выглядаюць прыгожа. Дарэчы, адну з такіх машын хлопчык выкупіў на гарадской звалцы па цане металалому, і цяпер яна – адзін са старэйшых экспанатаў калекцыі.

Пётр Тужык сабраў і шмат гумавых і пластмасавых лялек вядомых казачных персанажаў, герояў мультфільмаў. Яны знайшлі сваё месца сярод інтэр’ераў з мініяцюрнай цацачнай мэблі і невялічкіх дзіцячых музычных інструментаў. Не абышлося, канешне, без мары кожнага савецкага дзіцяці: самалёцікаў, коней на калёсах, веласіпедаў і персанальнага аўто – дзіцячага “Масквіча” на педальнай цязе.

Калі цацак сабралася досыць многа, мясцовыя краязнаўцы прапанавалі юнаму калекцыянеру выстаўляць калекцыю ў музейных установах Гомельшчыны. Яны былі перакананы: выстава савецкіх цацак зацікавіць сучасную дзятву, а для дарослых стане радасным прывітаннем з дзяцінства і магчымасцю акунуцца ва ўспаміны, узгадаць самы шчаслівы перыяд жыцця. І спецыялісты не памыліліся! 

Так, на пачатку года прыватная калекцыя юнага гамельчаніна экспанавалася ў Рэчыцкай карціннай галерэі імя Аляксандра Ісачова, цяпер “пераехала” ў Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. На выставу прыходзяць адразу вялікімі сем’ямі – бабулі і дзядулі, бацькі з дзецьмі. Гэта сведчыць, што задума арганізатараў прыйшлася даспадобы.

Пётр Тужык таксама задаволены, што яго захапленне прыносіць радасць і другім людзям.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота з газеты “Петрыкаўскія навіны”

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
24 апреля 2024 23 апреля 2024 22 апреля 2024 21 апреля 2024 20 апреля 2024
Все новости