З летам развіталіся ў бугурце: Полацк прымаў фестываль гістарычнай рэканструкцыі
Рэканструктарскі лагер – само па сабе відовішча захапляльнае. У парку старажытнага горада раскінуліся шатры, ля якіх віравала звычайнае для сярэдніх вякоў жыццё: гарэлі вогнішчы, тут жа варылася ежа, працавалі рамеснікі, гулялі дзеці. А трошкі ў баку на рысталішчы воіны высвятлялі, хто з іх мацнейшы і спрытнейшы.
Кватэра за даспех
Менавіта двубоі і бугурты часцей за ўсё прыцягваюць найбольшую ўвагу гледачоў. У Полацку яны таксама не засталіся расчараванымі.
– На гэтым фестывалі вельмі вялікая ваенная праграма, – заўважыў Сяргей Бабенка, які кіруе народным клубам гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” Цэнтра культуры “Віцебск”. – Спаборніцтвы на дзідах і забаўляльнага характару: кола Одзіна, кола Локі. Будзе і эксперыментальны для Беларусі турнір – вольны выбар. Гэта двубой адзін на адзін, праціўнікі б’юцца 3 раунда і пасля кожнага мяняюць зброю.
Як і ў любым актыўным відзе спорту, займаючыся гістарычным фехтаваннем, можна атрымаць траўмы. Прычыны для іх, з пункта гледжання Сяргея, які займаецца гістарычнай рэканструкцыяй ужо больш за 15 гадоў, цалкам прадказальныя.
– Па-першае, ніхто не захаваны ад неспадзяванкі, – гаворыць ён. – Так часта бывае: і даспех добры, і фізічная форма выдатная, але выпадкова “прыляціць”. Але часцей за ўсё людзі, якія атрымліваюць траўмы, проста не маюць нармальнай амуніцыі або ігнаруюць трэніроўкі. Такі чалавек не ведае, што ў баі рабіць.
Воіны ранняга Сярэднявечча.
Пры гэтым кіраўнік клуба адзначае, што даспех – задавальненне нятаннае. Так, у заможнага ваяра перыяду позняга Сярэднявечча ён можа суадносіцца па кошце з аднапакаёвай кватэрай. Ранняе Сярэднявечча ў гэтым плане больш дэмакратычнае. Рэканструктару, які прэтэндуе на званне нябеднага чалавека, дастаткова мець кальчугу, шлем, меч ці сякеру. Самай жа масавай зброяй у VIII–XI стагоддзях былі дзіды і лукі. Пасля па папулярнасці ішлі шчыты і сякеры. І толькі адзін з 10 вояў меў шлем ці кальчугу.
Рамяство вам у рукі
Абавязковая ўмова ўдзелу ў рэканструктарскім руху – веданне якога-небудзь сярэднявечнага рамяства. Бо фестываль – гэта дэманстрацыя таго, што атрымалася дасягнуць: выкаваць, выткаць або пашыць з выкарыстаннем тэхналогій і матэрыялаў нашых продкаў. Над сваімі жа касцюмам і рэчамі рэканструктар працуе не адзін год.
Госця з Літвы паказвае, як даўней рабілі свечкі.
Тыя рамёствы, што не патрабуюць спецыфічнага памяшкання – ткацтва на дошчачках або вертыкальных кроснах, ліццё, выраб фібул – часта дэманструюць на фестывальных пляцоўках. У час майстар-класаў можна спасцігнуць асновы, каб потым удасканальваць новае ўмельства ўжо самастойна.
Прывезла майстар-клас у Полацк і Наста Глушко с Мінска. Яна займаецца не рэканструкцыяй, а этнаграфіяй у межах Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ). Але тэхніка, якую яна паказвала, тым не менш вельмі старажытная.
Наста Глушко дзеліцца сакрэтамі майстэрства.
– Сёння мы будзем дэманстраваць мастацтва алейнай набойкі, – патлумачыла яна. – А прывезлі свае вырабы не толькі з алейнай, але і кубавай набойкай.
Набойка – гэта малюнак, які нашы продкі наносілі на тканіну. Сэнс кубавай у тым, што ў колер індыга фарбуецца ўсё палатно, а ўчасткі ўзору захоўваюць першапачатковы колер. Алейная адрозніваецца тым, што арнамент наносіцца фарбай на тканіну.
– Мы гэтаму вучымся па кнігах, у экспедыцыях, – тлумачыць Наста. – Нельга сказаць: “Ідзіце туды і навучыцеся”. Але па крупінках веды яшчэ сабраць можна.
Майстроў набойкі, на жаль, у сучасных вёсках ужо няма. Але Наста дзеліцца адкрыццём, якое падаравала гэта лета: экспедыцыі СЭТа пашанцавала знайсці сапраўдныя вясковыя формы для набойкі. Цэлая майстэрня Аркадзя Пінчука, які працаваў як рамеснік яшчэ ў 60–70-я гады мінулага стагоддзя, захоўваецца ў нашчадкаў майстра.
Майстар-клас па набойцы.
– Цэлая выварка штампаў, – у захапленні прыгадвае дзяўчына. – Ён быў самавучка, але вельмі таленавіты: сам выразаў формы, сам набіваў, сам прадаваў. Формы нам не прадалі, не падарылі, бо яны дарагія сям’і як памяць. Але папрацаваць з імі далі. І зараз можна пабачыць тут тканіну з тымі штампамі. Можна заўважыць, што яны істотна адрозніваюцца – яны эксклюзіўныя, прыдуманыя сапраўдным майстрам.
Аркадзь Пінчук пераехаў пад Ракаў, дзе знайшлі ягоную майстэрню, з Аршанскага раёна. Наогул жа, набойка была найбольш распаўсюджана на Віцебшчыне. Вялікі набоечны цэнтр існаваў у цяпер расійскім Веліжы, а майстэрня – у Полацку.
Займаліся гэтым рамяством і у Расіі, і ва Украіне. Але арнаменты там былі зусім іншыя: напрыклад, украінская набойка больш падобна на выцінанку, а беларусы любілі ажурныя прынты, з дробнымі элементамі, маленькімі кропачкамі.
– На жаль, набоечную тканіну асабліва не захоўвалі, – заўважае Наста. – Гэта не ткацтва ці вышыўка, куды ўкладвалі вялікі сэнс. Тканіну часта выкідвалі, таму ў музеях яна асабліва не захавалася.
Час для гульні
Майстар з Глыбокага Віктар Дудкевіч на полацкі фестываль прыехаў упершыню. Хаця ягоныя вырабы ўжо добра і даўно ведае ўся Еўропа. Віктар займаецца рэканструкцыяй дзіцячай цацкі. На ягоным стале – не толькі выразаныя з дрэва мячы і лялькі, якіх сам майстар жартам называе першымі Барбі, але і цалкам механічныя прылады.
Віктар Дудкевіч бярэ ў рукі маленькі прапелер, пракручвае яго паміж далоняў, і ён мякка ўзлятае ў паветра.
Віктар Дудкевіч запускае “вікінгаўскі дрон”.
– Чалавек заўсёды хацеў зрабіць нешта такое, што будзе рухацца, лятаць, – разважае Віктар. – Такія ветрачкі былі знойдзены пад Ноўгарадам. Нехта пажартаваў, што гэта – першыя вікінгаўскія дроны. Цацкі часам бацькам падабаюцца не менш, чым дзецям. Яны кажуць: вось, глядзі, дзеці раней не прасілі: “Купі, купі”, а самі рабілі. І так прыгаворваюць бацькі з усіх краін. І абавязкова, незалежна ад нацыянальнасці, дадаюць: “Гэта вам не з “мышкай” гуляць”.
Ёсць у Віктара і прылады не толькі для гульні: хадулі развіваюць дзіця фізічна, а цір, дзе праз акенцы драўлянага замка пазіраюць рыцары, у якіх трэба пацэліць каштанам, вучыць меткасці.
Сярэднявечныя хадулі.
– І такія цацкі цалкам апраўданыя, – лічыць майстар. – З 12 гадоў хлопцаў ужо рыхтавалі да ваярства. Звярніце ўвагу, нават карусель, якую рэканструявалі на дзіцячай пляцоўцы, раней была не для забавы. Гэта – трэнажор будучага воіна.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фото аўтара