Zingeray у Віцебску. Плануем паўтарыць!
Усё гэта можна было адчуць на свяце яўрэйскіх песень і танцаў Zingeray, якое прывёз у Віцебск лідар групы “Vuraj” і арганізатар “Спеўных сходаў” Сяржук Доўгушаў. Паспяваць і патанцаваць ахвотнікі сабраліся ў дворыку дома-музея Марка Шагала.
Сяржук Доўгушаў.
Цяжка было знайсці больш лагічнае месца для мерапрыемства, якое з’яднала культуры народаў, што спрадвеку жылі ў некалі невялікім правінцыйным Віцебску.
– У пачатку XIX стагоддзя яўрэі складалі амаль 60% ад усяго насельніцтва горада, – распавяла дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава. – Так было амаль па ўсёй Беларусі, бо праз нас праходзіла мяжа аседласці. Беларусы, рускія, палякі, літоўцы, яўрэі – усе яны жылі ў супольнасці і пераймалі звычкі адзін аднаго. Наш музей зацікаўлены ў тым, каб папулярызаваць яўрэйскую культуру ў супольнасці з беларускай, паказваць, наколькі яны блізкія. Гэтыя народы заўжды жылі побач, так павінна быць і надалей.
“На прэўкрасным месцы карчомка стаяла, да нова; Ай-вай і зуг-зуг, кум-кірім бом-бом, карчомка стаяла”, – разносіліся над вуліцай Пакроўскай песні, у якіх дзіўным чынам перапляліся беларускія словы з традыцыйнымі яўрэйскімі прыпевамі. Акампаніраваў спевакам музычны калектыў “Baraznburger kapeley”. Яго ўдзельнікі жывуць у розных гарадах Беларусі, але збіраюцца разам, каб іграць народныя песні. Тое, што музыкі прыехалі і ў Віцебск – прыемная і значная падзея. А Сяржук Доўгушаў лічыць: гэты прыезд і цёплая сустрэча гараджан і музейшчыкаў – першая нагода, каб задумацца пра больш маштабны праект.– Спадзяюся, калі-небудзь на гэтым месцы адбудзецца фестываль клезмерскай музыкі, дзе будуць не толькі ўдзельнікі з Беларусі, але і з суседніх краін, – выказваў свае думкі Доўгушаў. – Хто ведае, можа нехта прыедзе і з Амерыкі. Там шмат нашых. І іх трэба запрашаць, каб яны для нас выступалі і гралі.Пашырылася запланаваная праграма і віцебскім экспромтам. На сцэну выйшаў артыст Віцебскага самадзейнага яўрэйскага тэатра Міхаіл Саломенскі і папрасіў дазволу выканаць уласную песню. Вядома, ён атрымаў не толькі дазвол, але і музычную, і нават танцавальную падтрымку ад гасцей.
Спевы змяніліся танцамі. Танцмайстар Ната Голава, што прыехала з Барысава, навучала віцеблян традыцыйным “па”. Пад жывую музыку атрымлівалася выдатна. І само сабой узнікала пытанне: няўжо ў Віцебку, горадзе з надзвычай багатай яўрэйская спадчынай, праект не будзе мець працягу?
“Будзе!”, – упэўнены супрацоўнікі музея. Ужо зараз тут сур’ёзна думаюць пра тое, каб зрабіць Zingeray рэгулярным. А штогадовае свята “У гасцях у Марка і Бэлы”, якое праводзіцца 7 ліпеня ў дзень нараджэння мастака, сёлета плануецца з удзелам яўрэйскага танцавальнага калектыву “Витебские девчата”. А значыць, танцы ў двары Шагалаўскага дома працягнуцца ўжо зусім скора.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фота аўтара