Аб’яднаныя поспехам: праз узлёты і падзенні да стабільнасці і сучаснай прадукцыі
Гэтае прадпрыемства зведала і радасць узлётаў, і горыч падзенняў, аднак выстаяла і нават умацавалася, аддаўшы перавагу тэхнічнаму пераўзбраенню і новым тэхналогіям.
Збераглі завод
За савецкім часам «Цэнтраліт» асвоіў вытворчасць вырабаў з ліцця для станка- і машынабудаўнічай галін народнай гаспадаркі. Завод, у прыватнасці, выпускаў чыгунныя цюбінгавыя колцы дыяметрам 5,5–10,5 метра для будаўніцтва метрапалітэна ў Маскве, Баку, Мінску, Чалябінску і іншых гарадах. Буйныя пастаўкі чыгуннага ліцця з Гомеля ажыццяўляліся ў Японію, Венгрыю, Турцыю і Балгарыю.
Аднак, як вядома, не ўсе металургічныя прадпрыемствы паспяхова перажылі перабудову, развал СССР і пераход да рыначнай эканомікі: на тэрыторыі СНД спынілі існаванне 8 аднайменных спецыялізаваных заводаў (альбо працуюць як ліцейныя цэхі ці малыя прадпрыемствы). У Гомелі ж своечасова зарыентаваліся ў сітуацыі, захавалі ўсю інфраструктуру вытворчасці і тэхналогіі, а потым распачалі мадэрнізацыю.
Па няпростым шляху
– Паціху заваёўвалі рынак, заяўляючы аб сабе на міжнародных выставах. Так і пераадолелі цяжкі перыяд, – распавядае дырэктар завода Міхаіл Сайкоў. – Сёння цвёрда стаім на нагах дзякуючы таму, што бесперапынна асвойвалі сучасныя віды прадукцыі ліцця, павялічвалі аб’ёмы вытворчасці і пашыралі асартымент.
Дарэчы, кіраўнік «Цэнтраліта» – прафесіянал высокай пробы: ён кандыдат тэхнічных навук, доктар філасофіі, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. На заводзе працуе больш за 40 гадоў, звыш 15 – узначальвае яго. Міхаіл Сайкоў перакананы, што да 2020 года прадпрыемства дасягне еўрапейскага ўзроўню. Ужо цяперашнія магчымасці забяспечваюць патрэбу ў ліцці для любога прадпрыемства Беларусі, а наменклатура прадукцыі перасягнула 3 тысячы.
На гэты момант завод пастаўляе на экспарт амаль 50% прадукцыі. Павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці, растуць заробкі.
– Станоўчыя вынікі – заслуга калектыву прафесіяналаў, – дадае старшыня прафкама Наталля Савельева. – У нас працуюць амаль 1000 чалавек, і ўсе – члены прафсаюза. Наша галоўная традыцыя – працаваць якасна і творча.
Ёсць чым ганарыцца
Новыя магчымасці з’явіліся і дзякуючы асваенню прынцыпова новага напрамку – вытворчасці мастацкага ліцця для гарадскога дызайну. На завадской алеі можна пабачыць усе ўзоры як машынабудаўнічых дэталяў, так і дэкаратыўнага ліцця: ажурныя лесвічкі, карнізы, лавы, «карункавыя» элементы агароджаў, альтанкі, скульптуры, кветачніцы.
Дарэчы, прадукцыя мастацкага ліцця з Гомеля ўпрыгожвае скверы (Цэнтральны, Вялікага тэатра оперы і балета) і парк імя Янкі Купалы ў Мінску, Кіраўскі мост праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску, а таксама вуліцы абласных і раённых цэнтраў Беларусі. Акрамя таго, гамяльчане вырабілі чыгунную агароджу Патрыяршага маста каля храма Хрыста Выратавальніка ў Маскве.
Выпускаюць цэнтралітаўцы і шырокі асартымент дарожнай арматуры – сёлета, напрыклад, паставяць яе ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» для будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы. Стабільна заказы паступаюць з Казахстана і Прыбалтыкі.
«Галоўная каштоўнасць – людзі»
На тэрыторыі завода размешчаны транспарант з такімі словамі, усталяваны тут і сімвалічны помнік у гонар рабочых – усё гэта сведчыць пра клопат аб людзях.
Апынуўшыся ў цэху, адразу разумееш, што цэнтралітаўцы штодзён здзяйсняюць подзвіг – настолькі цяжкая іх праца. Шум, тысячы іскраў, распалены метал – не кожны гэта вытрымае. Аднак на прадпрыемстве нямала моладзi – звыш 30% калектыву.
Напрыклад, браты Аляксандр і Вадзім Брэлі ўжо 7 гадоў працуюць плавільшчыкамі металу і сплаваў 2-га разраду цэха плаўкі і спецыяльных спосабаў ліцця № 5. Іх партрэты не раз змяшчаліся на Дошцы гонару цэха і завода. А прывяла на завод сваіх прыгожых сыноў-двайнят іх маці Галіна Брэль, якая больш за 20 гадоў працуе тут машыністам крана.
Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт прадпрыемства шмат робяць для таго, каб задачанам было камфортна: створаны належныя ўмовы працы і адпачынку, арганізавана таннае харчаванне. А з мэтай абнаўлення кадраў на заводзе адкрыты філіялы кафедр вядучых ВНУ краіны.
Наградили лучших работников и гомельские профсоюзы.
Уладзімір МІКАЛАЕЎ
Фота Аляксандра ПОБАТА и автора