Без рубрики

Кручэнні, стойкі, абароты: як беларускія бі-боі пакараюць свет

Ёсць спадзяванні, што вельмі хутка брэйк-данс з’явіцца ў праграме Алімпійскіх гульняў і будзе вельмі запатрабаваны. Днямі ў Мінску Беларуская федэрацыя брэйк-данса і праект PROKA4 правялі афіцыйны адборачны турнір па брэйкінгу для ўдзелу ў чэмпіянаце свету-2019, які адбудзецца ў Кітаі. Пра тое, як рыхтуюцца да адказных спаборніцтваў, распавёў вядомы ў рэспубліцы трэнер і бі-бой Дзмітрый Мазур (Mr. Mazalini), які сустрэўся з карэспандэнтам 1prof.by.

– Для таго, каб займацца брэйк-дансам, неабходна быць музычна развiтай асобай альбо неабавязкова?

– Першыя трэніроўкі ў нас пачынаюцца з рытму. Таксама вывучаем сваё цела, каб адчуць работу кожнай мышцы. Перш чым стаць з ног на рукі, адбываецца даволі доўгі працэс падрыхтоўкі ўсяго цела. Усё працуе на мышачнай памяці. Стойка на руках пачынаецца ад сцяны, на якую спачатку трэба караскацца нагамі ўверх.

На трэніроўцы ў Бараўлянах (студыя танца “Fleur Savage”).

Зараз мае навучэнцы могуць 60 метраў прайсці на руках самі без чужой дапамогі. Брэйк-данс – адзін з відаў танца, які з’яўляецца самым экстрэмальным і відовішчным. Ва ўсім свеце працуюць бі-боі і дзяўчаты (бі-гёрл), і ў іх шмат працы. Дарэчы, у цырку «Дзю Салей» і ў Нью-Ёрку на галоўнай плошчы больш за 40 гадоў таньчаць прафесіянальныя бі-боі.

– Як да вас прыходзяць жадаючыя?

– У нас Маладзёжнае спартыўнае грамадскае аб’яднанне. Напачатку навучальнага года ходзім па школах, выступаем у класах, паказваем, што ўмеем самі, і прапаноўваем навучыццца такім жа батлам кожнаму падлетку. Падыход індывідуальны. Падчас танца шмат разнастайных формаў i палажэнняў, тут без фізічнага развіцця нікуды.

– Акрамя танцавальных практыкаванняў, што яшчэ могуць выконваць хлопцы?

– Як на спартыўнай трэнiроўцы: размінка, абавязкова расцяжка… Асабліва важны псіхалагічны настрой, таму заўсёды падтрымліваю з бацькамі цесны кантакт. Настройваю асабіста навучэнцаў на добры лад, на пазітыўнае: толькі наперад з высока паднятай галавой! Каб быць у выдатнай фізічнай форме, кожны дзень, акрамя трэніровак, хлопцы дома выконваюць пэўныя практыкаванні. Напрыклад: 20 адцісканняў і 30 прысяданняў і 40 практыкаванняў на мышцы прэса, паступова павялічваючы колькасць плюс адзін. У калектыве займаюцца хлопцы ад 5 да 14 гадоў, і сямігадовыя падцягваюцца ўжо 15 разоў. Акрамя таго, кожны тыдзень у нядзелю група ходзіць у басейн, потым у гімнастычную залу. Вельмі важна, каб забаўляльны працэс з’яўляўся адным з матывацыйных ключоў для малых і падлеткаў. На спаборніцтвах яны адчуваюць пільную ўвагу і трымаюцца з годнасцю. У мяне займаюцца вельмі таленавітыя хлопцы: браты Дзяйкун Мікалай, Валодзя, іх сястра Варвара, Чарэднік Валерыя, Мярзоеў Рамазан, Касовіч Арсеній і іншыя.

Чэмпіянат рэспублікі-2019 (злева направа): Стрыга Макар — BBoy Mak (чэмпіён), Стрыга Захар — BBoy Zah, Стрыга Гоша — BBoy Goga.

На чэмпіянаце па брэйкінгу ў Рызе Стрыга Макар ва ўзроставай катэгорыі да 7 гадоў стаў пераможцам чэмпіянату і ўнесены ў рэестр як першы чэмпіён Беларусі. Ён будзе прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце свету (Outbreak) у Славакіі.

– А “зорная хвароба” ім знаёма?

– Не. Яны цудоўныя, адказныя і па-чалавечы добрыя хлопцы.

Як ты прыйшоў у брэйк-данс і стаў бі-боем?

– Мой лепшы сябар Мікалай Раеўскі (сын былога рэжысёра Купалаўскага тэатра) захапіўся брэйк-дансам, а я ў той час хадзіў на веславанне. І ён паклікаў мяне паглядзець, чым ён займаецца. Калі я ўбачыў, як выконваюцца акрабатычныя элементы – флаер (ці кольцы Даласа), – мне здалося, што гэта проста нерэальна. Але чароўныя рухі танца – кручэнні, стойкі, балансы, абароты – узялі мяне ў палон. Я нават уявіць не мог, што праз паўгода зраблю падобныя элементы сам. Так пачалося маё жыццё прафесійнага танцора. Я трапіў у каманду “Дыспойлерс” да харэографа Аляксандра Мяжэнава. Акрамя таго, мы трэніравалі каманду AllStars, якая на першым танцавальным конкурсе «Еўрабачання” ў Ротэрдаме (Нідэрланды) выйграла.

Kienjuice Сrew на адкрыцці салона «РЕНО» у Мінску.

Праз некаторы час Алесь Залескі, Мікола Раеўскі, Павел Бубновіч, Саша Кушніроў і я стварылі команду, вядомую на той момант як Plan DS. Мы шмат выступалі на разнастайных святочных мерапрыемствах, удзельнічалі ў конкурсах і фестывалях пад эгідай БРСМ. Бралі ўдзел у «Славянскім базары», гастралявалі па ўсіх гарадах нашай краіны. Як танцор я вучыўся не толькі ў Мінску, але і ў Маскве, і ў Кіеве. Калі вярнуўся зноў у Мінск, паступіў у Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Варапаева. Там навучыўся некаторым іншым танцавальным накірункам. Танцы – гэта штодзённыя фізічныя нагрузкі. Бо не проста так ідуць на пенсію асобы творчых прафесій у 35 – 38 гадоў (у асноўным танцоры, артысты балета і цырка). За гады выступленняў набываеш шмат траўмаў: расцяжэнні, пашкоджванні ад падзенняў, удары, праблемы з хрыбетнікам. Наша цела можна параўнаць з механізмам, які зношваецца падчас эксплуатацыі. Калі б у мяне былі тыя веды, якія даю цяпер сваім падапечным, то ў мяне 100% не было б тых траўмаў, якія атрымаў. Гэта фізіка цела і развіцця. Я цяпер пішу кнігу пра тэхніку трэніровак па брэйк-дансу, працую трэнерам, і ўсё маё жыццё – гэта танцы. Дагэтуль выступаю на сцэне, восенню давялося ў Італіі працаваць…Увогуле, ёсць чэмпіянаты, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўзроставай катэгорыі ад 40 гадоў. На танцавальную пляцоўку выходзяць падцягнутыя, спартыўнага выгляду дзядзькі, якія, можна сказаць, стаялі ля вытокаў сучаснага брэйк-данса. Яны даюць майстар-класы, ладзяць батлы адзін супраць аднаго. Глядзіш і разважаеш, колькі каму гадоў можа быць? Калі пытаешся, у адказ чуеш – 52 гады. Але рэальна молада выглядаюць.

На тваю думку, што гэтаму спрыяе?

– Падчас танца адбываецца выкід эндарфінаў (гармона радасці), і старэнне клетак запавольваецца. Нездарма падчас Вялікай Айчыннай вайны прыязджалі ў вайсковыя часці артысты. Яны спявалі, танцавалі, каб падняць баявы дух салдат.

– Брэйк-данс прыйшоў з Амерыкі, а перспектывы развіцця па-беларуску магчымы?

– У развіццё брэйк-данса сваю лепту ўнеслі рускія народныя танцы: у плане дробных крокаў. Данскія казакі выкарыстоўваюць выпрыжкі, перакідкі, перавароты… Мне здаецца, што ў брэйк-данса па-беларуску таксама ёсць будучыня.

Яна ЯГОРАВА

Фота з архіва Дзмітрыя МАЗУРА