test gtag

Наш дзед Талаш: да 175-годдзя з дня нараджэння славутага партызана, чалавека-легенды

– Валерый Аляксеевіч, у вашым рабочым кабінеце шмат выданняў «Дрыгвы» на розных мовах. Адкуль гэтыя кнігі?

– Падчас вучобы ў Віцебскім педінстытуце я вельмі зацікавіўся музейнай працай і потым браў удзел у афармленні многіх музеяў і выстаў. Калі ж там даведаліся пра сваяцтва з Талашом, то пачалі даручаць рыхтаваць матэрыял пра яго і партызанскі рух. Так і павялося: выкладаючы дызайн ва ўніверсітэце і ўзначальваючы тут музей Сухога, я ніколі не забываўся пра родзіча, пакрысе збіраючы сведкі аб ім. Напрыклад, знайшоў рэдкае выданне «Дрыгвы» на рускай мове (1950 года): яго прыбралі з бібліятэк, бо ў тэксце згадвалася прозвішча Сталіна. Увогуле кніг сабраў нямала, бо аповесць была вельмі папулярнай. Запісаў я і ўспаміны родных і блізкіх, атрымалася аж некалькі папак, з цягам часу сабраў і фамільныя рэліквіі – асабістыя рэчы Талаша і падораныя ім маёй маці, Алене Фамінічне Дрызе (у дзявоцтве Талаш).

– А ад каго ўпершыню пачулі пра сваяка?

– Ад маці. Мой бацька загінуў на петрыкаўскай судаверфі яшчэ маладым, і мама больш не выйшла замуж, адна гадавала дваіх дзяцей. Працавала настаўніцай. Памятаю, мой старэйшы брат Леанід распытваў яе, чаму Колас пісаў пра нашага сваяка. Не раз я чуў успаміны іншых людзей, у тым ліку сваякоў з нашай роднай вёскі Белка, дзе нарадзіўся Васіль Ісакавіч. На селішчы засталіся ліпа ды старасвецкая груша – Талаш надта любіў дзічкі. Дзверы ў нашай хаце не закрываліся – сваякі і суседзі звычайна абмяркоўвалі разам розныя навіны, распавядалі і пра дзеда-героя. Цікава было слухаць, як Талаш не стаў мірыцца з польскімі акупантамі і, будучы ў салідным узросце, арганізаваў партызанскі атрад. У твор Коласа, зразумела, увайшло не ўсё. Шмат цікавага адбывалася ў той час, калі дзед Талаш быў старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета, у Вялікую Айчынную. Выпала яму жыць у час супярэчнасцей, але заўсёды ён заставаўся на баку простых людзей. Дарэчы, маці сцвярджала, што Талаш быў пісьменным: вучыўся дома ў народнага настаўніка, а экзамены за тры класы здаваў у Скрыгалаўскай школе Мазырскага раёна.

– Ці быў Талаш такім, як апісваў Колас?

– У жыцці ён быў невысокім, каржакаватым, крэпкім, вёрткім, гаспадарлівым і ашчадлівым селянінам, ладзіў свой дабрабыт уласнымі сіламі. З суседзямі жыў мірна, але дужа не любіў несправядлівасць. Мог нават у бойку кінуцца. І калі што вырашаў, то свайго дабіваўся – такі характар. Ні хвіліны не мог сядзець без справы. Любіў, як і кожны паляшук, лес, Прыпяць, рыбачыў на сваім чоўне.

Маці згадвала, як Васіль Ісакавіч прыходзіў прадаваць рыбу да іх у Петрыкаў з Навасёлак, дзе жыў са сваёй сям’ёй. Звычайна да могліц ішоў у лапцях, а ў Белцы абуваў хромавыя боты. Прадаўшы рыбу, завітваў на бацькоўскае селішча. Маці мая падлеткам яшчэ была, дык казала, што аж прысядала, калі паціскаў ёй руку. Цаніў гумар, запомніўся добрым апавядальнікам. Яшчэ прыгадвала, як ехала ў 1945 годзе да майго бацькі ў Днепрапятроўск. У Муляраўцы (чыгуначная станцыя каля Петрыкава. – Заўв. аўт.) разам з дзедам Талашом з яго ўнучкай Клавай чакалі цягніка. Яму 101 год, а памяць цудоўная! Памятаў усе свае прыгоды. Надта абураўся на фашыстаў за тое, што ў 1941-м хацелі адабраць у яго ордэн Чырвонага Сцяга. Выручыла тады перакладчыца, якая пацвердзіла: ордэн дзеду далі за барацьбу з палякамі. Настроеныя супраць палякаў, немцы адпусцілі старога.

– Пісалі, што Талаш разыграў тады сваю смерць і пайшоў да партызанаў.

– Так. Каб падумалі, што ўтапіўся ў Прыпяці, ён пакінуў ля высечанай лункі рыбацкія снасці і пайшоў шукаць партызан. На Любаншчыне патрапіў у атрад Мачульскага, дзе і прыняў прысягу. Баявы дзед! Праўда, у разведку яго не пускалі, але да парад прыслухоўваліся. Ён быў сімвалам змагання. Аднак у 1943 годзе Талаша адправілі ў Маскву: усё ж такі ўзрост – 99 гадоў. Там ён выступаў на фабрыках і заводах, перад вайскоўцамі, распавядаў пра барацьбу партызан, у тым ліку па радыё. Вярнуўся пасля вызвалення Гомеля. Калі фашыстаў пагналі з Петрыкава, выбраўся дадому. Дзеду далі каня з возам, правіянт, а камендант Гомеля выдаў нават салдацкую коўдру з вышытай на ёй зоркай.

– Ці захавалася яна?

– А як жа! Я перадаў яе ў музей-сядзібу ў Навасёлках. І ўвогуле сабраў звыш 30 артэфактаў, не лічачы граблей, вясла і сякеры, якімі карыстаўся славуты родзіч. Шмат чаго пры жыцці мне аддаў сваяк Якаў Талаш – стрыечны брат майго дзеда Фамы. Да яго гэтыя рэчы перайшлі ад Змітрака, сына дзеда Талаша (Панас у «Дрыгве»), з якім ён жыў да самай смерці. Захоўваю я і паходную лыжку, вырабленую для Талаша партызанамі з кавалкаў збітага нямецкага самалёта; падараваную салдатамі біклажку; знакамітую шапку з нашытай па дыяганалі тканінай чырвонага колеру; патранташ і табакерку, адабраныя дзедам у польскіх жаўнераў. А яшчэ некалі знайшоў у скрынцы Талаша унікальную пячатку Рэўваенсавета 1918 года. Толькі як яна да яго патрапіла? Загадка. Можа, згубілі, а дзед знайшоў… Цікавы дакумент – свірнавая нямецкая кніга, дзе жонка Змітрака запісвала знахарскія замовы. Шмат посуду, які Васіль Ісакавіч прывёз з Оўруча маёй маці. А яшчэ ікона, ручнік і царкоўная кніга – з хаты, дзе нарадзіўся Талаш. Думаю, на выставе ў Гомелі з нагоды юбілею гэта змогуць пабачыць усе жадаючыя.

– А ці згадвалі ў вашай сям’і пра сустрэчы Талаша з Якубам Коласам?

– Канешне. Цяпер, праўда, рознае пішуць, маўляў, Талаш нечага ад пісьменніка патрабаваў. Але гэта няпраўда. Ён быў удзячны Коласу за сваю вядомасць. Ну, магчыма, чакаў, што класік яшчэ нешта напіша пра яго. Талаш усім казаў: «Колас вельмі добры і разумны чалавек».

Гутарыў Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота аўтара