Без рубрики

Што вабіць дзяўчыну ў мужчынскай прафесіі і “цягне”на работу нават у выхадны дзень?

Новы тэлевізійны сезон стартаваў. Кожны з каналаў медыяхолдынга падрыхтаваў свае прэм’ерныя паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў, забаўляльных праектаў, рэаліці-шоу і інтэрактыўных праграм на любы густ.

Мы пагутарылі  аб захапленні любімай прафесіяй з маладым тэлеаператарам тэлеканала “Беларусь 3” Юліяй Глінскай, якая яшчэ летась была студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Андрэем Леўчыкам у складзе групы аператараў яна працавала над дакументальным фільмам “Подзвіг Скарыны”, які прысвечаны 500-годдзю кнігадрукавання і неўзабаве з’явіцца на экранах нашых тэлевізараў.

– Удзень студыя была занятая, таму здымалі ноччу: пачыналі ў 22 гадзіны, заканчвалі недзе а трэцяй, – распавяла Юлія пра работу над фільмам. – У здымках бралі ўдзел вядомы аператар-пастаноўшчык Віталь Шхіньян, Мікалай Сянчыла і я. Побач з намі заўсёды знаходзіўся рэжысёр. На пляцоўцы панавала такая натхняльная атмасфера, што сон не ішоў, а творчы запал не пакідаў і пасля здымак.

– У аператара ёсць сваё, асаблівае бачанне таго, што адлюстроўваецца ў кадры?

– Так, трэба не толькі ўяўляць, пра што ідзе гаворка, але і адчуваць кампазіцыю, мастацкія вобразы. Мне яшчэ шмат трэба працаваць і вучыцца для таго, каб удасканаліць сваё майстэрства.

– Чаму ты абрала менавіта прафесію тэлеаператара? Па сутнасці, гэта мужчынская спецыяльнасць, і дзяўчына з відэакамерай – даволі рэдкая з’ява.

– Яшчэ ў дзяцінстве я марыла рабіць фотаздымкі, а падлеткам хацела хутчэй пакінуць школу, каб вучыцца ў акадэміі мастацтваў, але на якой спецыяльнасці, яшчэ не вырашыла. Мая малая радзіма – вёска Гарадок Уздзенскага раёна. Пасля 7-га класа я паступіла ў мастацкую школу ў горадзе Узда, і мая педагог Кацярына Андрэеўна не давала мне спыняцца. Першая спецыяльнасць у мяне – “мастак па дрэве, рэстаўратар”. Пасля заканчэння мастацкага каледжа ў Радашковічах год адпрацавала ў творчай майстэрні “Басталія”. Давялося рэстаўраваць у Геранёнах (на мяжы з Літвой) і ў Нясвіжы. Мае рукі пакінулі адбітак і на каплічцы каля Нясвіжскага замка. Але думка працягваць вучобу непакоіла. Я даведалася, што ў мастацкай акадэміі ёсць факультэт экраннага мастацтва, дзе вучаць аператараў. Знайшла інфармацыю аб падрыхтоўчых курсах і тры месяцы перад паступленнем упарта займалася. Прайшла на платнае аддзяленне, але гэта не перашкодзіла, бо вельмі хацелася вучыцца мастацтву здымаць

– А як трапіла на тэлебачанне?

– Пасля кожнага курса, вядома, была практыка. Калі аператар пайшоў у адпачынак, я працавала на перадачы “Добрай раніцы, Беларусь!”, потым былі “Дзіцячы доктар”, “Здароўе” і іншыя праграмы. Сустрэлі мяне вельмі прыязна. Зараз працую і за відэакамерай, і за аператарскім кранам (доўгая страла з камерай. – Заўв. аўт.). Я вельмі ўдзячная лёсу за тое, што працую з такімі мэтрамі, як Віктар Мілько-Чарнаморац, Канстанцін Карніенка, Віктар Плужнікаў, Алег Соркін, і іншымі. Усе яны – аператары вышэйшай катэгорыі. Мая праца для мяне – гэта яскравыя ўражанні! Нават сёння, у свой выхадны дзень, я прыйшла паглядзець, што адбываецца ў студыі.

Яна ЯГОРАВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ