У гастранамічны тур «Полаччына гасцінная» – разам з носьбітамі культуры продкаў
Усё пачалося з багатага этнаграфічнага матэрыялу, які сабралі супрацоўнікі клубных устаноў раёна. Адной з галоўных тэм аказалася… гастранамічная.
– І прыйшла ідэя праекта “Полаччына гасцінная”: старажылы перадаюць моладзі рэцэпты і тэхналогію прыгатавання ўнікальных страў, – расказала дырэктар раённага Цэнтра культуры Наталля Дзёміна. – Праект рэалізуем разам з мясцовай тэлекампаніяй. Ролю сучаснай дапытлівай гарадской дзяўчыны, якой надакучылі піцы ды хот-догі і захацелася пакаштаваць тое, што раней гатавалі бабулі, выконвае метадыст Цэнтра культуры Надзея Зайцава.
Што такое раўгеня і цыбрыкі
Першай гераіняй кулінарнага падарожжа ў мінулае стала Марыя Ракіцкая, 78-гадовая жыхарка вёскі Багатырская. Пад песні народнага фальклорнага калектыву “Галасы Спадчыны” сельскага Дома культуры жанчына паказала, як з варанай бульбы гатуюць цыбрыкі, рэцэпт якіх дастаўся ёй ад бабулі.
– А яшчэ буйную бульбу церлі на дранікі і клёцкі, таксама рабілі забеленыя галушачкі, – распавядала яна Надзейцы. – І маленькія бульбіны не прападалі: іх адварвалі, таўклі, туды дадавалі сырыя яйкі. Потым гэта цеста часцей усяго фаршыравалі грыбамі. Іх драбнілі, у фарш дадавалі цыбулю, кмен, кроп. Камы абсмажвалі ў алеі і – можна есці!
А запівалі ежу продкі раўгеняй. Гэты натуральны кісла-салодкі напітак рыхтавалі на аснове жытняй мукі з дадаткам бульбы і мёду. Па смаку незаслужана забытая раўгеня падобная на квас.
Рэцэпты ад Вольгі Чобат
Якія традыцыйныя стравы гатавалі ў Полацкім раёне ў пост, Надзейка даведалася ў знакамітай фалькларысткі Вольгі Чобат, што жыве ў аграгарадку Блізніца. Вольга Станіславаўна прапанавала прыгатаваць стравы без мяса. На першае – арыгінальны суп з салёнага ці кансерваванага шчаўя з дадаткам сушанай рыбы, найлепей шчупака. Булён з пачышчанай рыбы трэба варыць каля 40 хвілін, затым дадаць парэзаную бульбу, абсмажаную цыбулю, шчаўе, а за 5 хвілін да гатоўнасці прыправіць лаўровым лістом, перцам, кменам. На стол падаваць са смятанай.
На другое гаспадыня падала таўчонікі па-блізніцку з макам. У даўніну іх часцей за ўсё пяклі на талаку, калі трэба было несці ежу працаўнікам у поле. З варанай бульбы рабілі пюрэ, у яго дадавалі крыху мукі, яйка, соль. Для начыння цыбулю дробна крышылі і абсмажвалі ў алеі, перамешвалі з таўчоным макам. З цеста і фаршу ляпілі піражкі, абсмажвалі іх на патэльні з алеем.
Сустрэча з Вольгай Чобат пазнаёміла ўдзельнікаў праекта не толькі з кулінарнымі асаблівасцямі рэгіёна. Жанчына аддана працуе над захаваннем культурнай спадчыны роднага краю. У сельскім Доме культуры яна арганізавала ансамбль народнай песні “Блізнянка”, а на базе Сільніцкай бібліятэкі стварыла музей этнаграфіі “Бабін кут”.
– Усё гэта блізка маёй душы, – расказала Вольга Станіславаўна. – Бабуля і маці цудоўна спявалі, бацька і дзяды былі выдатнымі майстрамі. Чым магу стараюся і я падзяліцца з іншымі.
Сакрэт гаспадыні
А ці спрабавалі вы гарохавыя камы? Падчас новай сустрэчы з Надзейкай Вольга Рабікава з аграгарадка Мацюшы расказала, што тутэйшыя гаспадыні гатуюць іх не так, як паўсюдна. Дарэчы, Вользе Цімафееўне ўжо 80 гадоў, але з хатняй гаспадаркай спраўляецца лёгка – усё ў яе руках ладзіцца. Сюрпрызам для госці стала тое, што гарохавыя камы па-мацюшаўску – зусім не круглыя камочкі з аднайменнай бабовай культуры.
– Кожную бульбіну чысцім і наразаем на 4 часткі, – распавядала гаспадыня. – Выкладваем першым слоем у казан альбо гаршчок. Рэжам грыбы, цыбулю, моркву і абсмажваем на льняным алеі – гэты другі слой. А трэці – замочаны гарох. Пасыпаем насеннем кропу, солім, дадаём ваду і тушым каля гадзіны. Перад падачай на стол лыжкай усё перамешваем, выкладваем на талерку камочкам – і частуемся.
Нашы продкі гатавалі гэтую страву ў печы. І Надзейка з Вольгай Цімафееўнай – таксама. Бо гаспадыня ўпэўнена: калі гатаваць на пліце, будзе зусім не той смак. Але можна паспрабаваць зрабіць камы ў мультыварцы.
Вольга Цімафееўна раскрыла яшчэ адзін сакрэт: стравы ў яе атрымліваюцца найсмачнейшыя, бо гатуе іх яна толькі ў добрым настроі.
– У кожнай вёсцы мы адкрываем для сябе нешта новае і пераконваемся, наколькі адметную, разнастайную, багатую спадчыну мае наш народ, – адзначыла дырэктар раённага Цэнтра культуры Наталля Дзёміна. – Таму надалей праект “Полаччына гасцінная” будзе толькі пашырацца і ўдасканальвацца.
…На падарожнай карце ўжо пазначаны іншыя вёскі раёна, дзе Надзейка навучыцца гатаваць крупяныя бліны, сыр з казінага малака, печанёўкі, вантрабянкі і іншыя прысмакі. Па выніках гастранамічнага тура з'явіцца цыкл тэлеперадач “Смачнае падарожжа Надзейкі” і, магчыма, будзе арганізавана выстава-дэгустацыя страў з удзелам усіх герояў “смачнага” падарожжа.
Любоў ТРАПЕЗНІКАВА
Здымкі з архіва Полацкага раённага Цэнтра культуры