Наверх

Выхаванне – найлепшае лякарства ад гістарычнай беспамятнасці

27 мая 2019

У размове з нашым карэспандэнтам ён расказаў пра гісторыю мястэчка, дзе нарадзіўся, і гісторыю свайго роду.

– Фелікс Язэпавіч, мабыць, вы навучыліся красці час, бо інакш не патлумачыш, калі паспелі зрабіць так многа: напісалі шмат карцін, сабралі калекцыю ракаўскай керамікі, якая прызнана спецыялістамі самай буйной у Еўропе. Што тычыцца стварэння  адзінай у Беларусі ўласнай арт-галерэі, дык і зусім дзіву даешся, як асілілі такую глыбу?

– Час – паняцце філасофскае. Жыві, жадай, вер – і ўсё атрымаецца, зразумела, не без падтрымкі звыш.

А цяпер пра сэнс майго жыцця: ён у творчай працы. Карціны пішу больш за 50 гадоў, таму не дзіўна, што работ шмат. Ідэя стварыць уласную арт-галерэю з’явілася пасля таго, як пабываў у музеі-тэатры Сальвадора Далі ў Іспаніі. Менавіта тады я перабраўся са сталіцы ў родны Ракаў. Наш род паходзіць адсюль, тут жылі мае продкі, тут нарадзіўся і я.  

Калі мне было 10 гадоў, у Мінску адкрылі школу для таленавітых дзяцей. Будучых мастакоў прымалі з 4-га класа, і бацькі аддалі мяне туды. У выніку я вучыўся без перапынку аж да 30 гадоў: пасля рэспубліканскай школы-інтэрната скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў, дзе, дарэчы, абараніў кандыдацкую. Дзеля яе  і сабраў  вялікую калекцыю ракаўскай керамікі – каля 1700 экспанатаў. Як грамадзянін сваёй краіны, як жыхар Ракава я не мог дазволіць, каб такая каштоўнасць загінула.

Мэстэчка Ракаў вядома з XV стагоддзя. Гэта зараз яно – невялікі аграгарадок у Валожынскім раёне Міншчыны. А калісьці гэтае мястэчка было культурным, эканамічным і рэлігійным цэнтрам, сталіцай графства магнатаў Агінскіх. Тут працавалі лесапільны і цагляны заводы, 16 ганчарных майстэрняў, будавалі вадзяныя млыны. Ракаў валодаў Магдэбургскім правам. Да аб’яднання з Усходняй Беларуссю ў 1939 годзе тут было больш за 100 крам, каля 80 рэстаранаў, казіно і шмат іншых цікавых устаноў, нават публічных дамоў. Слуцкія паясы  таксама ткалі ў Ракаве, іх фрагменты ёсць у нашай галерэі.

Цяпер вы разумееце, адкуль набралася 3 паверхі ўнікальных экспанатаў? Я не  мог дапусціць, каб хоць маленькая частачка гісторыі гэтага ўнікальнага месца загінула. Ну, а яшчэ мы з братамі ніколі не складвалі грошы ні ў панчохі, ні ў афшоры. І вырашылі адкрыць у Ракаве нашу арт-галерэю – дзеля сябе, сваіх патомкаў і ўсіх, каму не абыякавы лёс Радзімы.

Фонд нашага ўнікальнага музея, які існуе ўжо 12 гадоў, налічвае каля 12 тысяч экспанатаў. Усе гэта зроблена без спонсараў, грантаў і дзяржаўнай дапамогі. Гэта наша з братам Валяр’янам, вядомым у Беларусі скульптарам, задумка і рэалізацыя.

У галерэі размясціліся калекцыя ракаўскай керамікі, прадметы быту беларусаў, творы, напісаныя мной, і скульптуры Валяр’яна. Экскурсіі па галерэі ваджу я сам, яны займаюць шмат часу, бо мне ёсць што расказаць. Гісторыя нашай сям’і і роду – таксама гісторыя краіны.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю знакамітую сям’ю. Кажуць, ваш прадзед працаваў сакратаром у самога Адама Міцкевіча?

– Сярод экспанатаў музея Янушкевічаў ёсць дарожны сакрэтнік паэта. Лічу, што ён невыпадкова ў нас. Можаце запытаць у яго наконт Яўстафа Янушкевіча – ці працаваў такі ў Міцкевіча (смяецца). Я ганаруся сваім старадаўнім знакамітым родам. Янушкевічы нямала зрабілі для Радзімы, як бы на той час яна ні называлася – Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая ці СССР.

У нашых бацькоў было 5 сыноў, кожны з іх выгадаваны дастойным чалавекам. Старэйшы, Казімір, кандыдат матэматычных навук, займаецца фізікай цвёрдых цел, аўтар шматлікіх навуковых прац. Язэпа ведаюць як літарататара, ён кандыдат філалагічных навук, лаўрэат прэміі Льва Сапегі, аўтар больш чым 400 публікацый – навуковых і літаратурных. Валяр’ян – скульптар, яго работы ўпрыгожваюць Нясвіжскі замак, сярод твораў – помнікі Міцкевічу ў Навагрудку, Агінскаму ў Маладзечне, Скарыне ў Лідзе і іншыя ў розных гарадах краіны. Досыць іх вы ўбачылі ў нашай арт-галерэі, ёсць яны і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Я і малодшы брат – мастакі.

– Ваша арт-галерэя – гэта сімвал вяртання да вытокаў, ушанавання памяці аб малой радзіме?

– Не, даражэнькая, не. Аб якім вяртанні можна весці гаворку, калі мы ніколі нічога не пакідалі! Так, быў час, калі я жыў у сталіцы, але заўсёды меў ракаўскую прапіску. Ды што там прапіска! Я, як і браты, сэрцам належым гэтай мясціне. Ракаў для нас – гэта усё, гэта  само жыццё. Нездарма ж збіраў і збіраю ўнікальныя рэчы з мясцовай прапіскай. Аб кожнай магу расказваць гадзінамі. Веру, што сямейную справу працягнуць і дзеці, іх у мяне двое: яны таксама пайшлі па творчай лініі.

– Падчас размовы вы неаднаразова звярталіся да рэлігійнай тэмы, бачу, што яна прысутнічае і ў вашай творчасці.  Вы – веруючы чалавек?

– Несумненна. А як інакш? Самае моцнае, самае яднаючае для ўсяго нашага роду – вера і гістарычная памяць. Дзякуючы ім і рэалізуюцца мары, працягваецца жыццё. Творчаму чалавеку вера патрэбна больш, чым каму іншаму.

У 90-х гадах мінулага стагоддзя я ўзначальваў беларускую каталіцкую грамаду. Існавала такая грамадская арганізацыя, якая планавала развіваць у нашай краіне каталіцызм “з беларускім тварам”. Мы змагаліся за тое, каб набажэнтвы ў Беларусі праходзілі на роднай мове, каб выходзіла рэлігійная літаратура для дзяцей і дарослых, выступалі за развіццё роднай мовы, культуры і адукацыі. Арганізацыя была зарэгістравана ў 1991 годзе.

У хуткім часе Беларусь атрымала незалежнасць, пачалі развівацца дэмакратычныя працэсы. На гэтай хвалі грамада вырашыла распрацаваць план дзеянняў і правесці з’езд. Першы адбыўся ў Мінску.

Шчыра кажучы, былі тады  ў краіне асобы, каму наша дзейнасць не прыйшлася да густу. Але мы знайшлі падтрымку ў простых вернікаў і святароў. Каталіцкі касцёл у Беларусі рабіўся ўсё больш беларускім,  на роднай мове пачалі выходзіць разнастайныя рэлігійныя выданні. У 2003 годзе, калі задачы, што стаялі перад арганізацыяй, былі выкананы,  Беларуская каталіцкая грамада спыніла дзейнасць.

Потым я нават паспеў пабыць прэзідэнтам, праўда, на грамадскіх пачатках – узначальваў Беларускую акадэмію мастацтваў.

– У вас сваё бачанне гісторыі, свае адносіны да ўсяго, што адбывалася. Гэта бацькі калісьці зрабілі прышчэпку ад гістарычнай беспамятнасці ці вы сам набылі нейкі імунітэт?

– Вось што я скажу на гэты конт: галоўнае, жыць у ладзе з самім сабой і любіць Радзіму – астатняе чалавек набывае аўтаматычна.

Памятаю, заязджаў да нас ізраільскі пасол. Мяне ўразіла, што водгук у кнізе ганаровых наведвальнікаў ён пакінуў на рускай мове. Не на ідзіш, не на іўрыце. Як так? Самая старажытная рэліквія нашага мястэчка – габрэйскія могілкі. Там на помніках ведаеце якія надпісы? “Цудоўны кравец”, “Вядомы пекар”. Вось гэта ўшанаванне, я разумею. Але мы так не робім. Чаму? Каго саромеемся?

Мой род жыў у Ракаве шмат стагоддзяў, я памятаю пра гэта і хачу, каб памяталі мае нашчадкі. Дзеля гэтага арт-галерэя, дзеля гэтага ўсё маё жыццё.

Галіна СТРОЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости