Наверх

Як спасцігнуць культурную талерантнасць і навучыцца любіць Радзіму: погляд эксперта

09 января 2019

Калісьці ён называўся Бярэсцем, Брэст-Літоўскам, Брэстам над Бугам, і ў кожнага этапа ёсць свая гісторыя. Пра сувязь мінулага, сучаснасці і будучыні распавяла Прэзідэнт Фонду Еврапейскага інстытута ўрбаністыкі, доктар урбаністыкі і архітэктуры, даследчык Ірына ЛАЎРОЎСКАЯ.

– Ірына Барысаўна, вы ўсё жыццё прысвяцілі захаванню беларускай гісторыі і спадчыны, не маючы пры гэтым беларускіх каранёў. Адкуль такая цікавасць?

– Так, мой прадзед нарадзіўся ў Таліне, бабуля і бацька – у Санкт-Пецярбургу, а сваякі па лініі маці – з Татарстана. Мая бабуля ў 1941 годзе трапіла ў нямецкі палон пад Ленінградам, і пасля вайны ёй не дазвалялі жыць у вялікіх гарадах. Так сям’я апынулася ў Брэсце, дзе я і нарадзілася. Тое, што гэта мая адзіная радзіма, я зразумела яшчэ ў дзяцінстве. Калі ў школе з’явілася магчымасць не вывучаць беларускую мову, тата цвёрда сказаў: «Гэта твой народ, і ты мусіш ведаць яго мову, Іра».

У бацькоўскае акружэнне ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі інтэлігенцыі: паэт Міхась Рудкоўскі, мастак Мікалай Чураба, дырыжор Мікалай Шошчыц і іншыя цікавыя людзі. І міжволі я ўвабрала ў сябе любоў да Беларусі. Трэба адзначыць, што ў 50-х гадах мінулага стагоддзя Брэст быў полікультурным горадам. Толькі ў двары свайго дома я чула не менш за 5 моў. Побач суіснавалі розныя культуры, стылі, стравы. Такім чынам я спасцігала культурную талерантнасць.

– Калі зацікавіліся гісторыяй Брэста?

– У нашай сям’і на першым месцы заўсёды было мастацтва, таму я рана пачала маляваць і пасля школы выбрала архітэктурную спецыяльнасць. Вучылася ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. Моцным імпульсам для пачатку ўласных даследаванняў стала адкрыццё недзе ў 1988 годзе руін бернардынскага кляштара на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, пабудаванага ў XVII–XVIII стагоддзях. Тады я зразумела: «Брэст – не толькі крэпасць». У 1989 годзе ўзнікла суполка, а ў 1992-м – грамадскае аб’яднанне «Стары горад», якое займалася вывучэннем гістарычнай спадчыны і яе захаваннем. Па ініцыятыве членаў гэтай арганізацыі былі ўпершыню праведзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні забудовы перыяду XVI–XVIII стагоддзяў. Паспрыялі гэтаму археолагі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў (яны ўзначальвалі камісію па культуры Вярхоўнага Савета), раскопкі праводзіў выдатны беларускі археолаг Валянцін Собаль. І я атрымала свой першы даследчыцкі досвед, бо фактычна выконвала функцыі навуковага кіраўніка.

– Якія мэты ставіла перад сабой аб’яднанне «Стары горад»?

– На першым этапе галоўнай мэтай былі асвета і папулярызацыя ведаў аб гісторыі Брэста. У 1989–1994 гадах існавала неверагодна высокая цікавасць да гістарычнай спадчыны. Не памылюся, калі скажу, што менавіта «Стары горад» вярнуў Брэсту каля 500 гадоў гісторыі. Так, з нашай ініцыятывы з’явіліся музей гісторыі горада, мастацкая галерэя, якая працуе ў казармах крэпасці, быў упершыню праведзены фэст берасцейцаў свету. Пад патранатам аб’яднання і маім навуковым кіраўніцтвам створана тэматычная выстава мастачкі Анастасіі Фецісавай – «Міражы над Брэстам», якая і сёння ўпрыгожвае залы мастацкай галерэі. І хоць у 2007 годзе «Стары горад» спыніў сваё існаванне, мэты мы дасягнулі: гістарычнае Бярэсце стала аб’ектам даследаванняў, прадметам вывучэння, творчасці і натхнення.

– Раскажыце, калі ласка, пра малавядомы Берасцейскі замак, які існаваў да XVIII стагоддзя.

– Насамрэч гэта адзін з найбольш старадаўніх замкаў. Яго тэрыторыя амаль роўная тэрыторыі музея «Бярэсце». Ён быў акружаны драўляна-землянымі валамі, каменнымі (хутчэй, цаглянымі) вежамі, меў сеймавую залу, лазню, вада ў якую падавалася праз вадаправод (рурмус) з Буга на вышыню да 15 метраў. У палове XVII стагоддзя замак разам з гарадскімі фартыфікацыямі мадэрнізавалі і ён і набыў выгляд бастыённага. Для ўмацавання нават быў разабраны бернардынскі кляштар, што знаходзіўся паблізу. Пры будаўніцтве крэпасці замак панізілі, змяніўшы параметры. Першае яго даследаванне праводзілася ў 1937–1938 гадах з удзелам знакамітых польскіх архітэктараў.

– Цяпер зразумела, чаму вы напісалі дысертацыю па архітэктуры сярэдневяковага Брэста. Але чаму на польскай мове і чаму абаранілі яе ў Польшчы?

– Гэта здарылася ў сілу абставін, аднак я атрымала магчымасць прадоўжыць у Польшчы працу, пачатую ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Як ужо казала, вучылася я ў савецкім ВНУ, дзе і размовы не шло пра гісторыю беларускай архітэктуры. Фарміраванне ж прасторы аднаго з найбуйнешых гарадоў Вялікага княства Літоўскага, развіццё архітэктурных стыляў адбывалася ў кантэксце прававых норм і будаўнічых правілаў, якія дзейнічалі ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Без разумення гэтага кантэксту немагчыма зразумець акалічнасці фарміравання прасторы Брэста. Мне ўдалося выявіць яго ўнікальную планіровачную структуру, а запоўніць хібы ў ведах аб развіцці ўрбаністыкі нашай краіны мне дапамаглі польскія архівы, бібліятэкі і навукоўцы. Ганаруся тым, што мая праца натхніла на далейшыя даследаванні Бярэсця. У 2010 годзе разам з майстэрняй «АМІГ» я распрацавала канцэпцыю рэгенерацыі гістарычнай забудовы былога Замухавецкага і Пясецкага прадмесцяў з прапановай надаць новыя функцыі будынкам бернардынскіх і Брыгідскага манастыроў, з мемарыялізацыяй тэрыторыі былых драўляных цэркваў, паркам над Бугам, адзначэннем месца пакуты вязняў Брыгідскай турмы.

– Над чым працуеце цяпер?

– Разам з прафесарам Валянцінам Голубевым з НАН Беларусі працую над артыкулам, прысвечаным арганізацыі работы берасцейскіх порта і мытні, рыхтуюся да новых навуковых падарожжаў па Беларусі, папаўняю інфармацыю ў Публічнай базе даных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ведаю, што маю пакліканне: 30 гадоў працы для аднаўлення славы старадаўняга Бярэсця – вялікі тэрмін, але змены, якія адбыліся за гэты час, натхняюць, і не толькі мяне. Побач з гісторыяй Другой сусветнай вайны на тэрыторыі крэпасці з’яўляецца іншая, немілітарная рэчаіснасць. Вядзецца пошук сродкаў для кансервацыі руін бернардынскага кляштара. Рэстаўравана і дзейнічае царква святога Мікалая (былая гарнізонная), кансервуюцца руіны царквы святых Пятра і Паўла (базыліянскай), касцёла Езуса і святога Казіміра і калегіума Езуітаў. Для новых шыльд, што будуць усталяваны пасля кансервацыі, дырэкцыя мемарыяла «Брэсцкая крэпасць» выкарыстала мае чарцяжы рэканструкцыі храмаў. Гэта важныя вынікі доўгай працы ў імя свядомасці будучых пакаленняў.

Галіна СТРОЦКАЯ

Фота з сайтаў realbrest.by і radzima.org

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости