Наверх

“Абдымкі” з плотам і прадказанне фасолі: як на Шчодрык жаніхоў шукаюць

12 января 2018

На Шчодры вечар у хаце жыхаркі аграгарадка Гожа Гродзенскага раёна Марыі Ільючэнка штогод збіраюцца не толькі яе дзеці і ўнукі, але і мясцовыя дзяўчаты.

Марыя Фамінічна – адна з захавальнiц самабытнай мясцовай культуры. У яе хаце мы бачым шмат вышываных ручнікоў, абрусаў, аздабленне на люстры. Здаецца, спалучэнне белага і каляровых узораў тут усюды. Аказваецца, усё гэта Марыя вышывала сама, навучыўшыся ад маці.

Простая сялянская страва

У госці да гаспадыні разам з намі завіталі і ўдзельнікі фальклорнага гуртка філіяла Гожскага цэнтра культуры. Адна з іх, Даша Лапнеўская, напрыклад, распавяла, што сёння амаль ніхто не варожыць на Святкі і не ўсе сем’і гатуюць бабку, кішкі і вяндліну, але ж дзяўчатам з гуртка вельмі цікава, як гэта робіцца. У хаце Марыі Фамінічны яны апранаюць традыцыйныя беларускія строі і ўважліва слухаюць расповед пра тое, як нашы продкі сустракалі зімовыя святы.

– Мама мая казала: “Ты ж не ўвесь час, дочачка, са мной будзеш, пастроіш сваю сям'ю, а мужыку ж гатаваць трэба”. То я і аглядвалася вокал печы, – гаворыць Ільючэнка.

На стале, між тым, чакаюць гасцей згатаваныя па мясцовых рэцэптах наліснікі з тварагом, адмысловыя катлеты, сала, каўбаскі, печаная бульба. Дарэчы, цеста для наліснікаў гаспадыня гатуе такое ж, як і для звычайных бліноў, але дабаўляе ў яго некалькі лыжак бульбянога крухмалу. У катлетны фарш кладзе адну сырую бульбіну, драную на мелкай тарцы.

Вабяць знешнім выглядам галубцы з… вішнёвым варэннем і цёртай булкай, запечаныя свіныя ножкі (рулькі) – простая, самая што ні на ёсць сялянская страва; “хрушчыкі” на яечках, прасяная каша.

Праўду кажа варажба?

Аднак не адной смакатой усцешыцца дзявочае сэрца ў гэты вечар. Пасля калядных песень дзяўчаты расплятаюць косы, здымаюць заколкі, упрыгажэнні і рыхтуюцца да варажбы. Кіраўніца Гожскага цэнтра культуры Аксана Янкунене расказвае:

– Раней варажылі на штыкетніках (ці знойдзеш у гэтым годзе сабе пару?), а цяпер – на фасолі, таму што агароджу сёння вырабляюць у асноўным з бетону. А так, бярэш жменю фасолі і глядзіш: калі цотная лічба, то будзе табе пара, калі не – застанешся адна. У талерцы пад фасоляй можна схаваць розныя “цудоўныя” рэчы – манетку, пярсцёнак, цукерку, кавалак хлеба. Выцягнула дзяўчына пярсцёнак – абручыцца, хлеб – будзе жыць у дастатку, цукерка азначае салодкае жыццё, манетка – багацце.

Напрыканцы вечарыны дзяўчаты, дарэчы, знайшлі ўсё ж такі драўляную агароджу і пачалі яе “абдымаць”. І што вы думаеце? Ніводнай не ўдалося абхапіць рукамі цотную колькасць штыкецін. То і зразумела – дзяўчаты яшчэ толькі школу заканчваюць. Вось і не вер пасля гэтага варажбе.

Гатуем самі: галубцы з вішняй

Патрабуецца: 200 г мяса без костак, 800 г капусты, 1/3 шклянкі рысу, 2 галоўкі цыбулі, 1 невялікая морква, 1 ст. лыжка цёртых белых сухароў, 1 ст. лыжка тамата-пюрэ, 2 ст. лыжкі смятаны, 1–2 ст. лыжкі вішнёвага варэння без костачак, соль, перац.

Мяса пракручваем праз мясарубку (можна ўзяць гатовы фарш). Рыс намочваем у цёплай вадзе. Смажым цыбулю і дабаўляем яе і рыс у фарш. Усё перамешваем. Закручваем фарш у абвараныя лісты капусты і смажым галубцы на патэльні. Гатуем соус: кладзём на патэльню цыбулю, моркву, цёртыя сухары, памідоры (альбо кетчуп), смятану, вішнёвае варэнне без костачак, дабаўляем адзін кубак вады, солім па смаку і томім. Потым заліваем гэтым соусам галубцы і тушым на слабым агні пад покрыўкай або ў духоўцы на працягу 30–40 хвілін.

Алёна СІНЕВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
23 апреля 2024 22 апреля 2024 21 апреля 2024 20 апреля 2024 19 апреля 2024
Все новости