Беларускія старшакласнікі прэзентуюць свае ідэі на маштабнай канферэнцыі ў Мінску
Асаблівасцю канферэнцыі стане той факт, што ўпершыню ў гісторыі TED-руху ў нашай краіне ўсе спікеры будуць выступаць выключна на беларускай мове. Рэгістрацыя ўжо завершана, але паглядзець прамую трансляцыю можна будзе па спасылцы. https://www.voka.tv/channels/velcom_youth
Спікерамі TEDxYouth@Minsk стануць 10 беларускіх старшакласнікаў. Па ўмовах, навучэнцам 10-х і 11-х класаў было прапанавана рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры і інклюзіі, зняць пра гэта відэаролік і размясціць яго ў сацыяльных сетках. Журы было прадстаўлена амаль 100 праектаў ад старшакласнікаў з усёй Беларусі.
Фіналістамі і ўдзельнікамі канферэнцыі сталі Iлля Баркоўскі, Анастасія Шор, Максім Хамета, Крысціна Байко, Сяргей Берлін, Цімафей Стамброўскі, Паліна Мураева, Мікіта Абрамчук, Юлія Стэфняк, Артур Царыковіч – навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў і каледжаў Мінска, Гомеля, Жодзіна, Брэста, Слуцка і Вілейкі.
Для большасці з іх удзел у канферэнцыі – першы вопыт публічных выступленняў перад такой вялікай аўдыторыяй. Упершыню даступнымі шырокай аўдыторыі стануць і іх ідэі: ад відовішчных да сур'ёзных – праекта па распрацоўцы турыстычнага брэнда роднага горада і інтэрнэт-платформы ўліку дасягненняў школьнікаў.
Такім чынам, на сцэне Prime Hall 18 мая галоўнымі героямі будуць удзельнікі і іх ідэі.