Дзень роднай мовы адзначаць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Святочнае мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы арганізуе Міністэрства замежных спраў краіны.
МЗС зладзіла імпрэзу сумесна з Нацыянальнай камісіяй Беларусі па справах ЮНЕСКА, Нацыянальнай бібліятэкай і кампаніяй A1, паведамляе сайт міністэрства.
У свяце возьмуць удзел прадстаўнікі замежных дыпмісій, міжнародных арганізацый, культурных і акадэмічных колаў, іншыя сябры і партнёры МЗС.
Увазе гасцей будуць прадстаўлены сумесныя праекты Міністэрства замежных спраў і кампаній Viber і A1, прымеркаваныя да тэматыкі дня. Замежныя дыпламаты зачытаюць на сваёй роднай мове ўрыўкі з твораў пра сваю радзіму.
Падчас мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя фотавыставы “Беларусь: выдатныя імгненні”.
Для ўдзельнікаў свята кампанія A1 арганізуе майстар-клас па вырабе сувеніраў з беларускай сімволікай.
Міжнародны дзень роднай мовы – адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 2000 годзе, а ў Беларусі святы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009-га. Сэнс гэтага дня – у заахвочванні моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
21 лютага было абрана для святкавання таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане. Пазней яго ўсходняя частка стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Падрыхтаваў Сяргей КІРЫК
Фота Вiталя ГIЛЯ