Фінал конкурсу “Новыя імёны-2017” сярод работнікаў сферы гандлю
Канцэртная зала ўнівермага Беларусь у Мінску стала добрай пляцоўкай для яркіх выступленняў, падчас якіх спаборнічалі фіналісты конкурсу “Новыя імёны-2017” сярод работнікаў сферы гандлю.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве прыехала больш за 100 чалавек з усёй краіны.
Святочны тон настрою прысутных задаў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч – ён упершыню выканаў сваю аўтарскую песню. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця з пажаданнямі творчага натхнення і поспеху выступіла таксама старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю Аксана Герашчанка.
Прыгажосцю і выканаўчым майстэрствам пакарыў гледачоў і журы жаночы духавы аркестр “Ліра”: работніцы ААТ “Універмаг “Цэнтральны” Магілёва заваявалі перамогу ў адной з намінацый, падзяліўшы 1-е месца з інструментальным ансамблем ГКУП “Беларусь” (дарэчы, танцавальны калектыў гэтага прадпрыемства таксама ў ліку пераможцаў). Сямейны дуэт Уладзіміра і Таццяны Малухаў (ААТ “Прыдняпроўе”), студыя бальнага танца прыватнага прадпрыемства “Ірына-Сэрвіс” і творчая ініцыятыўная моладзь прыехалі з Гомеля паказаць свае здольнасці і стаць пераможцамі. Так і адбылося. Дарыя Муха (ААТ “Калінкавічыгандаль”) i Iнэса Зайцава (“Ірына-Сэрвіс”) у намiнацыi “Эстрадны вакал” занялi прызавыя месцы. Для некаторых прафсаюзны конкурс творчасці стаў першай прыступкай у кар’еры, а хтосьцi з выканаўцаў ужо плануе браць удзел у адным са знакамітых песенных шоу талентаў.
У арыгінальным жанры 1-е месца атрымаў калектыў “Забава” (ААТ “ЦУМ Мінск”). Памяці ахвяр фашызму прысвяціла сваё эмацыянальнае выступленне Ірына Марынская (прадавец ААТ “Базіс-Наваполацк”). А ўдзельнікi вакальнага ансамбля “Красуні” (Брэсцкая вобласць) спявалі так, што ногі самі прасiліся ў скокі.
Сапраўдны фурор стварылі і маладыя супрацоўнікі Гродзенскага гарадскога гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Купалінка». Песні групы “17 секунд” прагучалі настолькі прафесійна, што журы запрасіла іх спець яшчэ і а капэла. І спевакі не разгубіліся, пацвердзіўшы сваё майстэрства. Сапраўды, пералiчыць усiх пераможцаў у 6 намiнацыях немагчыма, але ўсе яны таленавiтыя i з поспехам прадстаўлялi сваю галiну. I вельмi прыемна было атрымаць дыпломы з рук знакамiтага выканаўцы Беларусi, старшынi журы Аляксея Хлястова.
У маі ўсіх пераможцаў чакае выступленне на гала-канцэрце.
Яна ЯГОРАВА
Фота аўтара