Наверх

Гісторыя аднаго аграгарадка: чаму музей у Заронава вядомы за межамі Беларусі

08 октября 2021

Музей «Гісторыя Заронаўскага краю» ў аграгарадку Заронава Віцебскага раёна вядомы далёка за межамі нашай краіны. А ў самой вёсцы ён з’яўляецца культурным, патрыятычным, адукацыйным, выхаваўчым цэнтрам. Сюды ў першую чаргу запрашаюць гасцей Віцебскага раёна, тут праводзяць важныя мерапрыемствы. Стварыла яго і кіруе ім па сённяшні дзень былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Нікіціна.

Менавіта ў музеі старшыня абласнога камітэту прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома і старшыня Віцебскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава ўручалі ўзнагароды да Дня пажылога чалавека аднаму з самых знакамітых заронаўцаў – былому кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства Валерыю Берманту. А зваротным падарункам гасцям стала экскурсія па музеі.

Народны музей

Установа ў Заронава унікальная, бо з’яўляецца народнай і па змесце, і па сутнасці. Як прызнаецца Людміла Нікіціна, музей стваралі ўсёй вёскай.  Дзеці, якія заўсёды гуртаваліся вакол жыццярадаснай, вясёлай і вострай на язык настаўніцы, неслі ў экспазіцыю ўсё тое, што знаходзілі на гарышчы, у клеці, на двары, і ў чым вяскоўцы ўжо не мелі патрэбы. Дапамагалі ім і дарослыя, не заставаліся ў баку ўлады.

– Ведаючы аб тым, што я і сёння ашчадна папаўняю экспазіцыю, мяне не забываюць паклікаць перад тым, як знесці пусты дом або непатрэбную пуню, – усміхаецца гаспадыня музея. – А я ўпэўнена, у маёй справе дробязей не бывае, усяму, што можа распавесці пра быт і духоўнае багацце заронаўцаў, я знайду месца ў адной з 8 экспазіцыйных залаў.

Ашчаднасць гаспадыні музея прыносіць плады: толькі калаўротаў у яе каля дзясятка. Пры тым Людміла Канстанцінаўна не сквапная: яна гатовая дзяліцца назбіраным дабром з іншымі энтузіястамі. Галоўнае, каб рэчы ішлі на добрую справу, станавіліся часткай экспазіцый новых музеяў.

Не самая падрабязная экскурсія па Заронаўскім музеі займае каля 2 гадзін. І пралятаюць яны імгненна. Бо цікавая інфармацыя пра ўнікальныя экспанаты тут перамешваецца з лёгкай падачай матэрыяла. Разам з юнымі экскурсаводамі (рэдкі вясковы хлопчык ці дзяўчынка не бегае на заняткі да Нікіцінай), стваральніца музею напісала вершаваныя прыгаворкі, якія застаюцца ў памяці заронаўцаў і тады, калі яны выходзяць з узросту юных экскурсаводаў:

– У першай зале этнаграфічнай многія рэчы ўжо непрывычныя. Тут ёсць печка, куфар, лавы, дываны ды бёрдаў пары, рушнікі ёсць ды трапач, цэпы, ступы і гарлач. Вышываныя сурвэткі,  вязаныя шкарпэткі, – цытуе былая юная экскурсавод, а цяпер журналістка Аляксандра Гвоздзева. –Сюды экспанаты прывозілі дзеці, што ў вёсках яны з бабуляў знайшлі. У куфры, у пуні, у клеці, у хляве, на гарышчы і нават у зямлі. І вось цяпер тыя лыжкі і лапці, кашулі, збаны, рушнікі на паліцы ў парадку паставілі, каб расказываць людзям пра побыт былы.

У этнаграфічнай зале створаны інтэр’ер беларускай традыцыйнай хаты. Усе рэчы тут арыгінальныя, шмат драўлянага начыння  і тэстыля – дзіцячы стаячок, люлька, калаўрот, даматканыя дываны і посцілкі, падараныя жыхарамі вёскі. Ёсць тут і традыцыйная печ, стаіць драўляны стол з лавамі, які карыстаюць па прызначэнні па сённяшні дзень: гасцінная гаспадыня засцілае яго посцілкамі і частуе гасцей нацыянальнымі стравамі.

Заронаўская гісторыя

Другая зала прысвечана гісторыі края. І першае, аб чым тут ідзе гаворка – гісторыя назвы Заронава.

– У перакладзе з фіна-угорскай мовы Заронава – гэта возера, – тлумачыць Людміла Нікіціна. – Мы жывем на беразе шыкоўнейшага возера, даўжыня берагавой лініі якога складае 21,3 кіламетры, найбольшая глыбіня яго – 15 метраў.

Тое, што не можа быць прадстаўлена ў выглядзе рэчаў, адлюстравана на фотаздымках. Напрыклад, царква святога Ануфрыя.

– Заронава асвечана імем святой Ефрасінні Полацкай, – заўважае Людміла Нікіціна. – Калі ў  1871 годзе пераносілі сярэдні перст яе рукі, тут малілася тысяча вернікаў, расказваецца ў дакументах. А другі раз, у час урачыстага перанясення машчэй з Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Полацкі Спаса-Ефрасіньеўскі манастыр у 1910 годзе, у царкве святога Ануфрыя, дзе зноў спынялася святыня, супольную малітву ўзносілі 2000 вернікаў розных канфесій.

Сабраныя у музеі малітоўныя фаліянты, якія перадавалі жыхары розных веравызнанняў. Ёсць тут кнігі габрэйскія, праваслаўныя, каталіцкія, стараабрадчаскія. Вялікая стараабрадчаская кніга, напрыклад, апынулася тут дзякуючы Наталлі Гвоздзевай, прабабулі Аляксандры. Гісторык Вітольд  Ермалёнак вызначыў: па змесце фаліянт датуецца 17 стагоддзем, а перавыдадзены быў у пачатку 20.

Захоўваецца ў гістарычнай экспазіцыі званок. Пакуль у вёсцы працавала базавая школа, менавіта ён абвяшчаў пачатак школьнага жыцця для першакласнікаў і заканчэнне – для выпускнікоў. Людміла Нікіціна ўпэўнена, раней яго выкарыстоўвалі ў царкве святога Ануфрыя. А пасля таго, як храм знішчылі ў  1924 годзе, нехта з вяскоўцаў яго падабраў і захаваў.

Знайшлося ў музеі месца і героям мясцовых гісторый.  Адзін з іх – на фотаздымку. Заронавец Бараноўскі, якога вясковыя батракі выбралі дэлегатам на пахаванне Леніна, быў барадатым і доўгавалосым, нечым нагадваў Карла Маркса. Расказваюць, нібыта людзі, што прыходзілі развітацца з Леніным адразу звярталі ўвагу на «Маркса ля труны».  Тут жа прадстаўлена і прысвечаная гэтаму факту кніга віцебскага гісторыка Аркадзя Падліпскага.

Асобная тэма гістарычнай экспазіцыі – Вялікая Айчынная вайна. Заронаўцы актыўна займаюцца пошуковай работай. Людміла Нікіціна ганарыцца, што дзякуючы пошукавым вахтам, актыўным удзельнікам якіх з’яўляецаа яна сама і яе сын Станіслаў, на сёння ўлічана 10 тыс. 300 чалавек, што пахаваны ў Заронаве. Але гэта далёка не ўсе салдаты, што загінулі тут.

– Я ўпэўнена, што тут не меней чым 30-40 тыс. павінна быць увекавечана, – гаворыць яна. – У 2009 годзе я выдавала кнігу, тады было вядома 8 тыс. 82 імені загінуўшых, а сёння вось колькі. Кніга патрабуе перавыдання, што я і зраблю. Але тады, калі колькасць знойдзеных і перазахаваных людзей будзе раўняцца хаця б 20-25 тыс. 

З’яўляецца музей ў Заронаве і ўдзельнікам беларуска-расійскага праекта «Награда внукам». Ягоны сэнс у тым, каб перадаваць знойдзенныя ў час вахты памяці ўзнагароды родным герояў.

– Копасаў Аляксей Мікалаевіч. Гэты хлопчык загінуў у весцы Палойнікі, 75 год адляжаў у нашай зямлі, – паказвае медаль і гвардзейскі значок салдата Людміла Нікіціна. –  А ўвекавечылі яго ў Шумілінскім раёне, быццам бы ён там пахаваны. Дакументам не ўсім трэба верыць. Мы ж другі год мы не можам адшукаць радню салдата. Прычына ў тым, што Аляксей Копасаў быў прызваны з Алма-Аты. Архівы ваенкамата, куды звярталіся нашы сябры ў прыватным парадку, не вельмі хочуць даваць нам звесткі. Цяпер падключылі Дзяржаўную думу Расійскай Федэрацыі, спадзяемся, што знайсці сваякоў героя дапаможа іх афіцыйны запрос да кіраўніцтва Казахстана.

Апавядаючы пра вайну, Людміла Нікіціна заводзіць патэфон, са старога вініла гучаць песні тых год. Уся тэхніка, выстаўленная ў музей, працуе дзякуючы галоўным паплечнікам гаспадыні – мужу Пятру і сыну Станіславу.

Праз яркія асобы заронаўцаў прадстаўлены пасляваенныя гады. У вітрынах выстаўлены дзеннікі, якія вялі мясцовыя сялянкі, ашчадныя кніжкі, нават пашпарт каня. Апавядаюць тут пра трактарыстку Алу Сухоцкую, праведнікаў народаў свету Ганну і Назара Кузьміных, якія выратавалі яўрэйскага хлопчыка, дырэктара школы Аляксандра Гушчанку, кіраўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства Уладзіміра Маладзечкіна і Валерыя Берманта, якія ператварылі вёску ў аграгарадок…  Заканчваецца гістарычная частка экспазіцыі апавяданнем пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. 

Па залах музею

У зале, якая называецца «Настальгія» сабраныя самыя розныя рэчы з нядаўняга мінулага: тут ёсць калекцыя тэлефонных апаратаў, настальгічная экспазіцыя «Кінь курыць», скарбонкі з моднай некалі біжутэраяй, форменнае адзенне.

Скарбы гэтай залы становяцца матэрыялам для конкурсных работ, якія выконваюць заронаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі, прымаючы ўдзел у розных конкурсах. На сёння у рабоце праца, прысвечаная традыцыйнай фаце.

– Перад вамі фата 70-х гадоў мінулага стагоддзя, – паказвае экспанат Людміла Нікіціна. – Яна не вельмі старая, але сёння гэта ўжо рарытэт. У сваёй даследчай працы юная  экскурсавод Даша Зіміна апавядает, што традыцыйная фата складаецца з 3 частак. Першая – вэлюм, яна накрывае вочы і твар. Бо нашы продкі лічылі, што сурочыць можна па вачах. Так званая доўгая фата прыкрывае косы. І, нарэшце, на вэлюм накладвалі вяночак. Падняць фату з вачэй можна было толькі пасля вянчання. Прыкладаецца да працы і рэканструкція фаты, якую зрабіла мясцовая майстрыца Настасся Мяшкова.

У «Калекцыйнай зале» Нікіціна апавядае пра яшчэ адзін унікальны праект, вынаходнікам  якога  з’яўляюцца  краязнаўцы Віцебшчыны. Ён атрымаў назву «Музей у чамадане». Людміла Канстанцінаўна разам са сваімі выхаванцамі могуць задаволіць фактычна любы запыт, сабраць калекцыю і выехаць у школу, садок, на мерапрыемства з аповядам пра гісторыю елачнай цацкі, лялькі, фотаапарата, календароў і шмат чаго іншага.

У зале, якая мае назву «Хата-чытальня», экспазіцыя не такая разнастайная. Тут аформлены школьны куток з традыцыйнай мэбляй, а да 100-годдзя рэвалюцыі з’явіўся і Ленінскі куток. Але галоўнае напаўненне хаваецца ў шафах. Там – вынікі даследчай працы, якая на базе музея вядзецца пастанна. Дзеці складаюць свае радаводы, Станіслаў і Людміла Нікіціны распрацоўваюць турыстычныя маршруты, займаюцца краязнаўчымі даследваннямі, вядуць дакументацыю па пошукавай дзейнасці. Тут жа сабрана вялікая бібліятэка беларускай і краязнаўчай літаратуры.

– Адно з апошніх паступленняў – кніга Міколы Півавара «Звод помнікаў на тэрыторыі Вітебскага раёна», – паказвае набытак гаспадыня музея. – Шмат кніг прывозяць нам і з Расіі. Па магчымасці, выдаем і свае.

Каб пабачыць яшчэ тры экспазіцыі, трэба перайсці ў асобныя памяшканні. У пуньцы выстаўлены «санкі, саначкі, вазок, незвычайная лавушкі, барана ды валакушка». Ёсць тут і ўнікальныя рэчы. Напрыклад кола ад першага трактара, які з’явіўся ў Заронаве, і першая вадаправодная калонка, што была ўстаноўлена ў вёсцы. А цяжкія жорны працуюць і па сённяшні дзень, калі ёсць патрэба, з іх дапамогай можна змалоць зерне.

На знаёмства з беларускімі нячысцікамі Людміла Нікіціна вядзе сваіх гасцей у склеп. Тут цёмна, а аднекуль з цемры чуюцца загадкавыя гукі. Чароўная атмасфера – далёка не ўсё, на  што варта звярнуць тут увагу. Гаспадыня музея расказвае, што беларускія нячысцікі мелі свае асаблівасці:

– Напрыклад, у беларусаў замест бабы Ягі была Ягіня, – паказвае Людміла Нікіціна на абаяльную істоту, што сядзіць у склепе. – Адметным быў і сімвал зімы – Зюзя. Ен апісаны так: белы, з белай барадой, у кажушку і валенках, але без парток. Бегае па лесе з голым задам і булавой у руках. Лес трышчыць, значыць, Зюзя недалёка.

Апошнюю эзкспазіцыю стварыў Станіслаў Нікіцін. Гэта – ваенная зямлянка. Яе адметная рыса ў тым, што ўсе прадстаўленыя рэчы – аўтэнтычныя. Рэканструкцыя адна – скураны падсумак.

У зямлянцы можна пабачыць скураны плашч, які ў часы вайны насілі палітрукі, сабрана тут калекцыя бутэлек, свяцільнікі, якія выкарыстоўвалі ў зямлянках, посуд. Ёсць тут  франтавы самагонны апарат, прывезены з месца стаянкі штаба 43-й арміі у час аперацыі Баграціен. А вялізную мясарубку амерыканскай вытворчасці знайшлі ў гарадоцкім раёне.

І самае галоўнае – наведаць унікальны музей можа любы жадаючы. Гасціннасць і дасціпнасць ягонай гаспадыні аднолькавая для ўсіх: і для знакамітых гасцей, і для выпадковых падарожнікаў.

Вікторыя ДАШКЕВIЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
19 апреля 2024 18 апреля 2024 17 апреля 2024
Все новости