Сёння ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята – Міжнародны дзень тэатра.
Сёння, 27 сакавіка, у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Палаца Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выстаўкі «ТЭАТР. INSIGHT», якая прысвечана 85-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балету Беларусі. Галоўнай дзеючай асобай гэтага праекта з’яўляецца тэатр.
Як адзначыў дырэктар мастацкай галерэі Павел Сапоцька, вернісаж пройдзе ў закрытым фармаце, але з 28 сакавіка па 10 красавіка выставу змогуць наведаць усе жадаючыя. Уваход вольны.
У экспазіцыі выстаўкі аб’яднана мінулае, сучаснае і будучае. Тут можна ўбачыць серыю эскізаў і касцюмаў да опер «Аіда» і «Набука» Джузепе Вердзі, балетам «Каханне і Смерць» Палада Бюль-Бюль-аглы і «Санеты» на музыку Пітэра Уорлака і Ральфа Воана-Уільямса.
У асобнай зале прадстаўлены спектаклі Вялікага тэатра оперы i балета, якія атрымалi дзяржаўныя ўзнагароды: «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага і «Царская нявеста» Мікалая Рымскага-Корсакава, балет «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова. Аўтары балета (беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова «Анастасія»), прэм’ера якога адбудзецца ў наступным сезоне, адкрыюць таямніцу таго, як тэатральнымі мастакамі ўвасабляецца лібрэта. Частка экспазіцыі будзе прысвечана дзіцячаму рэпертуару. Юныя гледачы змогуць азнаёміцца не толькі з касцюмамі, але і з бутафорыяй і маляўнічымі афішамі да спектакляў «Вінні-Пух» і «Айбаліт», «Чароўная музыка» i «Церам-Церамок», «Чыпаліна».
Тым часам у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў тэатралы працуюць у штатным раскладзе і рыхтуюцца да прэм’ернага паказу мюзікла «Недалёка ад нормы», які адбудзецца заўтра, 28 сакавіка.
Таццяна IЛЬіНА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ