Наверх

“Славянскі базар у Віцебску”: да пабачэння, фестываль, і да сустрэчы!

17 июля 2018

У фестывальныя дні горача было не толькі ад сонца, але і ад усмешак удзельнікаў і гасцей свята. А дождж, які перыядычна нагадваў пра добрую традыцыю (які фестываль без дажджу!), толькі рабіў больш яркімі фарбы гарадскога пейзажу.

Якія толькі культурныя праекты не рэалізаваны за гэты час! Выставы? Калі ласка. У самым маладым музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў першы ж дзень адкрылася выстава, якая расказала пра аднаго з яркіх прадстаўнікоў авангарднага мастацтва мінулага стагоддзя Восіпа Цадкіна. Спектаклі? Паклоннікам тэатра таксама не прыйшлося сумаваць. Прыхільнікі фізкультуры і спорту прынялі ўдзел у “Славянскім забегу”, а аматары народнай творчасці ў “Горадзе майстроў” маглі набыць арыгінальныя вырабы.

Толькі ў рамках фэста вулічнага мастацтва “На сямі ветрах” адбылося 80 мерапрыемстваў розных жанраў і напрамкаў. Усяго на фестывальных пляцоўках іх прайшло больш за 150.

Сёлетні “Славянскі базар” можа пахваліцца і своеасаблівымі рэкордамі. Напрыклад, беларускі тэатр “Лялька” зрабіў незвычайны парад сцэнічных лялек: паказаў 114 персанажаў з 16 спектакляў. А ўдзельнікі школ карнавальнай самбы і бразільскіх барабанаў з Беларусі і Расіі за 1 гадзіну 40 хвілін зрабілі па вуліцах Віцебска 15 170 крокаў. Канцэртаў прайшло столькі, што і не палічыць.

Але галоўная і самая яркая старонка фестывалю – міжнародныя конкурсы. Два дні хваляваліся юныя зорачкі, якія прынялі ўдзел у дзіцячым музычным конкурсе. У выніку Гран-пры – у 12-гадовага кіяўляніна Аляксандра Балабанава. На Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні разгарнулася сапраўдная барацьба за галоўны прыз. Прадстаўнікі Румыніі і Казахстана набралі аднолькавую колькасць балаў – 156. У выніку Гран-пры атрымаў спявак з Румыніі Марчэла Рошке. Дарэчы, прадстаўнік Беларусі Яўген Курчыч раздзяліў трэцюю прэмію з польскай студэнткай Сільвіяй.

“Славянскі базар у Віцебску-2018” праводзілі ў ноч з 16 на 17 ліпеня. Абыякавых на яркім урачыстым закрыцці не было: калі яшчэ можна ўбачыць такое суквецце артыстаў! Гледачы авацыямі сустракалі знакамітага італьянца Раберціна Ларэцці і рамантыка сцэны Аляксандра Малініна, расійскага кампазітара Аляксандра Марозава і пераможцу тэлешоу “Голас” беларуса Сяргея Валчкова, дуэт Алены Ланской і Глеба Матвейчука, Тамару Гвердцытэлі і Аляксандра Буйнова…

ХХVII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2018” увайшоў у гісторыю. Але яшчэ сёння і заўтра паклоннікаў эстрады будуць радаваць сустрэчы са знакамітымі артыстамі. 

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости