Сто гадоў жыццёвага аптымізму. У Гродне са знакавым юбілеем віншавалі Валянціну Баранаву
09 ноября 2023
Цяжка паверыць, што ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Валянціне Баранавай споўнілася сто гадоў. Вайна пачалася, калі ёй было ўсяго 17, раніцай пасля выпускнога вечара. Учорашняя школьніца напісала чатыры заявы, хацела пайсці добраахвотнікам, перш чым атрымала позву.
У мірнай біяграфіі франтавой сувязісткі значнае месца займаюць у тым ліку старонкі настаўніцтва. Больш за 30 гадоў яна працавала спачатку музычным работнікам дзіцячага сада №4 у абласным цэнтры, а пасля — выкладчыкам методыкі музычнага выхавання Гродзенскага педкаледжа (сёння — Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы). Дарэчы, у каледжы створаны імянны кабінет Валянціны Пятроўны.
Словы віншавання ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ў дзень юбілею адрасавала кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных устаноў. Віншавальны адрас за подпісам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.