Наверх

Свята сустрэчы вясны наладзяць у суботу ў Гомелі

20 марта 2019

З сівой даўніны прыйшоў да нас абрад, калі людзі заклікаюць вясну, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму. Сёлета свята пройдзе ў сэрцы абласнога цэнтра на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля.

Мерапрыемства, па задумцы арганізатараў, будзе масавым, яркім, музычным і вясёлым. Жыхары старажытнага Гомеля пагукаюць вясну разам з фальклорным калектывам «Сталбунскія вячоркі» з Веткаўшчыны, фальклорным ансамблем «Этнашкола «Традыцыя» сярэдняй школы № 30 і пеўчым калектывам «Талака» з Гомеля.

У праграме – паход на ўзбярэжжа ракi Сож, спяванне разам архаічных веснавых песень і скокі пад гармонік. Палешукі будуць вадзіць карагоды, гуляць у вясёлыя традыцыйныя гульні, распальваць абрадавае вогнішча, вырабляць  і спальваць пудзіла Зімы, а яшчэ гатаваць яечню непасрэдна на  адкрытым вогнішчы.

Як адзначаюць яго арганізатары, у час абрадавага дзейства асабліва ўшануюць птушак, бо без іх «вясна не вясна». Раней у гэты дзень на Гомельшчыне пералётных птушак традыцыйна заклікалі не толькі спевамі. Выявы птушак выраблялі з паперы і ўпрыгожвалі імі вокны дамоў, дрэвы і агароджы вакол паселішчаў. У кожнай хаце выпякалі фігуркі з цеста, якія потым абавязкова спрабавалі разам.

Смачнае печыва ў выглядзе абрадавых птушачак змогуць пакаштаваць і ўдзельнікі свята ў Гомелі. Яны пажадаюць адзін аднаму, каб новы год быў цёплым, багатым і абавязкова светлым.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
29 марта 2024 28 марта 2024 27 марта 2024
Все новости