Наверх

Тры дні – адно імгненне: як Полацк сустракаў гасцей на Дзень беларускага пісьменства

04 сентября 2017

У час адкрыцця Дня беларускага пісьменства намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко зачытаў віншаванне кiраўнiка дзяржавы, у якім было падкрэслена: друкаванае слова, веды, любоў да роднай зямлі заўсёды застануцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа…

Дарэчы, Полацк пакуль адзіны горад у Беларусі, які ўжо тройчы сустракаў гэтае знакавае для краіны свята. І невыпадкова. Як адзначыў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, першую друкаваную кнігу свайму народу і ўсім усходнім славянам даў вялікі палачанін Францыск Скарына, і знамянальна, што яго радзіма сёлета стала сталіцай святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства. Горад адзначыў яшчэ і сваё 1155-годдзе: прыгожым і маладым Полацк у святочныя дні сустрэў гасцей больш чым з 20 краін.

А ўбачыць было што! Прычым многае адбылося ўпершыню. Так, 1 верасня можна было наведаць школу XIX стагоддзя. А свята горада 2 верасня стала своеасаблівай прэлюдыяй да ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства і пачалося з касцюміраванага шэсця. Палачане “прымерылі” адзенне сваіх продкаў – дарэчы, самі зрабілі больш за 300 гістарычных касцюмаў. На чале з дружынай легендарнага князя Усяслава Чарадзея ў святочнай калоне iшлi Францыск Скарына і Рагнеда, прадстаўнікі гільдый друкароў, рамеснікаў, лесарубаў, хлебапёкаў, іншы просты люд. За “гістарычнымі асобамі” рухалiся прадстаўнікі полацкіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Галоўныя ўрачыстасці ў гонар Дня беларускага пісьменства пачаліся 2 верасня з адкрыцця памятнага знака “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”, які ўсталяваны на беразе Заходняй Дзвіны ў сцен Сафійскага сабора. Як адзначыў яго аўтар і скульптар Уладзімір Піпін, кожны ў кампазіцыі ўбачыць свой вобраз: ці то калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, ці то ладдзю, што плыве па рацэ вечнасці… Толькі бронзы на знак пайшло 1,7 тоны, а ў цэлым вага помніка – 8 тон.

Унікальны мастацкі праект “Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая» таксама стаў яшчэ адной значнай падзеяй. Першая выстава работ маладых мастакоў Беларусі, Расіі і Украіны – удзельнікаў міжнароднага пленэра – адбылася ў Сафійскім саборы. А на пляцоўцы побач з плошчай Свабоды дэманстраваўся відовішчны праект “Горад у мініяцюры” – 26 макетаў полацкіх славутасцей у маштабах 1:20 і 1:30, якія выканалі студэнты і школьнікі. У экспазіцыі не толькі будынкі, якія сёння ўпрыгожваюць Полацк (Сафійскі сабор, Богаяўленская царква, Іезуіцкі калегіум), але і тыя, што не захаваліся (Нікалаеўскі вакзал, ратуша).

На плошчы Францыска Скарыны працаваў «Друкарскі двор XVI стагоддзя». Кожны жадаючы мог надрукаваць першы аркуш Скарынаўскай бібліі. І наш карэспандэнт вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі друкара. Па словах “настаўнікаў”, атрымалася, як… 500 гадоў таму.

Дарэчы, апынуцца ў мінулым таксама без машыны часу даў магчымасць фэст сярэдневяковай культуры «Рубон». Палачане і госці горада сталі ўдзельнікамі піратэхнічных і паветраных шоу, сплаваў на ладдзях па Заходняй Дзвіне, маштабных бугуртаў, турніраў рыцараў, канцэртаў сярэдневяковай музыкі, танцавальных майстар-класаў.  

Святочныя дні ў Полацку вызначыліся дзясяткамі культурных і асветніцкіх мерапрыемстваў. Сярод іх – выставы, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, продаж літаратуры, фестываль кнігі і прэсы, канцэрты… Прычым тут былі i такія, што праходзілі ўпершыню. Сярод іх – рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя ФПБ “Мы – разам!”, якая адбылася 3 верасня. Галоўная мэта яе ўдзельнікаў – уславіць людзей творчых, працавітых, добрасумленных. Як адзначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, менавіта яны робяць нашу Полаччыну, нашу краіну багатай і моцнай. Юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” атрымалі трэнер па спартыўным арыентаваннi Пётр Міронаў і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Галіна Муравей, а падзяку ФПБ – дырэктар філіяла “Полацкі хлебазавод” Віцебскхлебпрама Андрэй Мярзлоў і механізатар філіяла ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” Пётр Карклінь. Сярод тых, каго ўшаноўвалі на галоўнай сцэне свята, – механізатары, якія добра працавалі ў час жнiва, маладыя спецыялісты і іх настаўнікі, працоўныя дынастыі. Калі выйшлі прадстаўнікі дынастыі ААТ “Полацк-Шкловалакно”, пачынальнікі якой Вера Паўлаўна і Канстанцін Нікенцьевіч Гвоздзевы, палачане літаральна сустрэлi iх апладысментамі. На сцэне – 18 чалавек! Але, як паведаміла ткач Вера Фомкіна: “Нас значна больш – каля 30, а агульны працоўны стаж – за 400 гадоў”. Усе маюць розныя прафесіі, але аб’яднаў іх адзін працоўны калектыў. І, як бачым, ужо на вякі. Праўнук пачынальнікаў дынастыі, 8-гадовы Міша Захарэнка, паабяцаў: ён таксама прыйдзе на прадпрыемства.

Больш за 1000 гледачоў сталі сведкамі яркага песеннага шоу: перад палачанамі выступілі фіналісты Рэспубліканскага конкурсу ФПБ “Новыя імёны Беларусі” Вольга Новікава, Мікалай Гамэраў, Руслан Рагалевіч, Вольга Любавіна. Свой непаўторны талент прадэманстраваў народны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Белы птах” Палаца культуры МТЗ. Нязменны вядучы Глеб Лапіцкі не толькі весела, з гумарам прадстаўляў артыстаў, але і сам падарыў палачанам музыкальны нумар. Пакарылі публіку вядомыя беларускія групы Navi Band, ByCity. А народная артыстка рэспублікі Ірына Дарафеева паставіла яркую і моцную кропку ў сцэнічным дзеянні. “Мы – разам!” – спявалі ўдзельнікі акцыі ў фінале, а гледачы не пераставалі апладзіраваць і падпяваць. 138-ы па ліку канцэрт удзельнікаў прафсаюзнай акцыі ўпісаў яркую старонку ў праграму святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

3 верасня названы лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі і адбылася перадача эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці.

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фото аўтара і Андрэя Марцінкевіча

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости