В стране

У нацыянальным стылі: пешаходныя дарожкі ў цэнтры Гомеля «апранаюць» у вышыванку

Тут праводзіцца шэраг мастацкіх, літаратурных і культурна-грамадскіх акцый на беларускай мове. Напярэдадні 80-годдзя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Грачанікава па ініцыятыве абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў урачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар таленавітага літаратара-земляка. Па вуліцах горада ўжо некалькі гадоў курсіруюць “паэтычныя” аўтобусы з выявамі класікаў беларускай літаратуры, дзе гучаць іх лірычныя творы.

Да таго ж камунальнікі ўзяліся “апранаць” горад у рознакаляровую плітку ў нацыянальным стылі. Так, у 2017 годзе скончана рэканструкцыя набярэжнай ракі Сож у цэнтральным парку, дзе якраз такім чынам выбрукавана пешаходная частка набярэжнай. Агульная працягласць выкладзенай вышыванкі складае тут каля 2 кіламетраў, і спецыялісты называюць яе самай вялікай у Беларусі.

Прыклад падобнага добраўпарадкавання не адзінкавы ў абласным цэнтры. Так, нядаўна ў стылі нацыянальнай вышыванкі выкладзена пліткай пешаходная дарожка на вуліцы Жаркоўскага, дзе сёлета рэканструявана Гомельская абласная дзіцячая клінічная бальніца. Арыгінальныя пешаходныя дарожкі “апрануліся” ў вышыванку і на галоўнай плошчы горада над Сожам, перад абласным драматычным тэатрам.

Як адзначылі ў камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Гомельская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка”, такое добраўпарадкаванне – класці плітку з элементамі ўзору нацыянальнага беларускага арнаменту – працягнецца і надалей.

Так, зараз актыўна замяняецца састарэлае пешаходнае пакрыццё па абодва бакі цэнтральнай транспартнай артэрыі Гомеля – вуліцы Савецкай. Менавіта тут праводзяцца ўсе значныя гарадскія святы, ладзяцца выставы і, па сутнасці, вуліца з’яўляецца візітоўкай горада над Сожам, таму, зразумела, павінна быць самай прыгожай.

Як адзначаюць прадстаўнікі камунальнага прадпрыемства, старую плітку, якая праляжала каля 10 гадоў і страціла былую прывабнасць, заменіць якасная пешаходная плітка трох колераў. Набыта яна ў гомельскага вытворцы, што знізіла гарадскія затраты. А няпростую працу выконваюць падрадныя дарожна-будаўнічыя арганізацыі абласнога цэнтра.

У кастрычніку пры спрыяльных пагодных умовах плануецца завяршыць аб'ём працы на ўчастку працягласцю 1,35 кіламетра ад плошчы Леніна да плошчы Паўстання.

Дарэчы, у гарадской камунальнай структуры не выключаюць, што ў працяг адзінага стылю будуць добраўпарадкаваны і іншыя пешаходныя зоны ў цэнтральнай частцы Гомеля.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота аўтара