Наверх

Як беларуская мова становіцца мовай бізнесу і інтэрнэту

21 февраля 2018

Апошнім часам бізнесмены ўсё часцей аддаюць перавагу рэкламе на беларускай мове. Але разам з тым існуюць пэўныя моўныя праблемы. Асабліва гэта датычыцца якасці рэкламнага тэксту.

Мова інтэрнэту, бізнесу і царквы

Сёння ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Беларуская мова – адна з найбольш старажытных сярод славянскіх. Па афіцыйных падліках, на ёй размаўляюць больш за 6 мільёнаў чалавек, якія жывуць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой – у Расіі, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Канадзе. Штогод асветніцкія і адукацыйныя курсы беларускай мовы адкрываюцца ў розных краінах свету – у Расіі, Польшчы, Украіне, Чэхіі, Сербіі, Кітаi. Хутка з’явяцца ва Узбекістане.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя пашыранага ўжывання беларускай мовы, адзначыў падчас пасяджэння “круглага стала”, прысвечанага ўзаемадзеянню беларускай мовы і бізнесу, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа НАН, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў.

“Беларуская мова перастала быць сялянскай, яна становіцца мовай горада. Гэта мова інтэрнэту, царквы, бізнесу. Зараз усё больш і больш з’яўляецца беларускамоўнай рэкламы, тавараў, якія выкарыстоўваюць у афармленні родную мову. Усё часцей мы можам пачуць беларускую мову з вуснаў бізнесменаў, – сказаў Ігар Капылоў. – Мы вітаем ужыванне роднай мовы нашым бізнесам, але разам з тым бачым, што існуюць пэўныя моўныя праблемы. Асабліва гэта датычыцца якасці рэкламнага тэксту. Гэта вельмі важна, паколькі рэклама ўздзейнічае на вялікую аўдыторыю, на свядомасць і падсвядомасць людзей, таму яна павінна адпавядаць не толькі прававым нормам, але і моўным”.

Меркаванне пра тое, што беларуская мова ў рэкламе павінна быць узорнай, падзяляе і мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Аляксандр Лукашанец.

На яго думку, прадстаўнікі бізнесу не павінны саромецца звяртацца да навукоўцаў за дапамогай у перакладзе, бо значна лепш адразу зрабіць добра, чым потым перарабляць. Аляксандр Лукашанец прывёў у якасцi прыкладу плённую працу з сеткай крамаў “Еўраопт” па перакладзе назваў некаторых тавараў  і беларускамоўным афармленні гандлёвых кропак.

“Нам трэба ганарыцца тым, што ў Беларусі вырабляюцца якасныя тавары. І мы павінны выкарыстоўваць родную мову ў назвах прадуктаў, на этыкетках і ў рэкламе. Гэта будзе спрыяць пашырэнню вядомасці і прэстыжу нашай вытворчасці за мяжой. Сённяшні бізнес павінен гэта разумець”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашанец.

Тандэм мовазнаўцаў і бізнесу

Бізнес – гэта найбольш рухомая частка грамадства, якая чуйна рэагуе на патрэбы грамадства, лічыць член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

“Некалькі гадоў таму вяліся спрэчкі: ці патрэбна беларуская мова на ўпакоўках тавараў айчыннага вырабу? У Палаце прадстаўнікоў яшчэ не прынялі канчатковага рашэння, але мы бачым, што людзі не толькі выказаліся “за”, але і прагаласавалі рублём за такія прадукты. Гэта вельмі пазітыўная тэндэнцыя”, – дадала Алена Анісім. 

Таксама дэпутат адзначыла, што замежныя кампаніі, якія працуюць на нашым рынку і выкарыстоўваюць беларускую мову, даволі часта звяртаюцца да Таварыства беларускай мовы з тым, каб пазбегнуць моўных хібаў, якія часам з’яўляюцца падчас апісання прадукцыі.

“Чым часцей беларуская мова будзе выкарыстоўвацца ў рэкламе, тым хутчэй мы прывучым людзей да роднай мовы, – такую думку выказала начальнік сектара па рэкламе ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Інна Гаўрыльчык. – Можа, зараз гэты працэс ідзе не такімі хуткімі тэмпамі, як нам хацелася б, але, на маю думку, кожную спробу трэба падтрымліваць. Беларускамоўная рэклама адразу прыцягвае ўвагу спажыўцоў, у тым ліку замежных турыстаў. Яны цікавяцца аўтэнтыкай, ім хочацца бачыць асаблівыя рысы краіны. Беларускія словы маюць для гасцей нашай краіны незвычайнае гучанне, якое ім вельмі падабаецца”.

Пераважае стэрэатыпная беларуская рэклама

У сваю чаргу, выкладчык філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук Алена Лянкевіч адзначыла апошнія тэндэнцыі выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе.

“Апошнім часам у рэкламе назіраецца некалькі ўмоўных стратэгій: стратэгія ігнаравання (беларуская мова ўвогуле адсутнічае на прадукце), стратэгія  раўнапраўя, “сімвалічная” і беларуска арыентаваная стратэгіі. Стратэгія раўнапраўя – гэта павага кампаніі да моў, якія ўжываюцца ў пэўнай краіне. Такім прынцыпам кіруецца кампанія IKEA. Інфармацыя аб прадукце можа складаць 12 аркушаў, кожны з якіх будзе распісаны на мовах абсалютна ўсіх краін, дзе ёсць афіцыйныя прадстаўніцтвы IKEA”, – адзначыла Алена Лянкевіч.

Але, на жаль, часцей за ўсё беларускія вырабнікі і маркетолагі абіраюць сімвалічную стратэгію. Гэта прадукцыя са стылізаваным арнаментам, вырабы, звязаныя з “простай” ежай, падкрэсліванне рыс нацыянальнага характару беларусаў (гасціннасць, працавітасць).

Даволі часта ў такой рэкламе сустракаюцца памылкі, якія ўзнікаюць з-за даслоўнага пераклада слоў. Напрыклад, на паліцах нашых крамаў можна знайсці прадукт з назвай “Княжае пачастунак”. Відавочна, што гэтую рэкламу рабілі людзі, якія мысляць па-руску. Яны памылкова пераклалі на беларускую мову выраз “Княжеское угощение”.

Разам з тым існуе і беларуска арыентаваная стратэгія. Гэта можа быць як цалкам беларускамоўная, так і двухмоўная ўпакоўка. Яна нацэлена на пакаленне так званых “новых беларускамоўных”. Гэта крэатыўная рэклама, якая выкарыстоўвае гістарычныя алюзіі (“Стары Менск”) і моўныя гульні (“Цудоўная цукерня”).

У якасці добрага прыклада беларуска арыентаванай стратэгіі Алена Лянкевіч прывяла варэнне “Сёлета”. “Гэта трапнае беларускае прыслоўе, якое не мае эквіваленту ў рускай мове: азначае “ў гэтым годзе” і добра перадае ідэю свежага, толькі зваранага варэння з сёлетняга ўраджаю ягад”, – дадала выкладчык БДУ.

На яе думку, ужыванне беларускай мовы ў нашым грамадстве мае пакуль сімвалічную функцыю, назіраецца яўная перавага рускай мовы. Але, з іншага боку, на фоне беларускай прадукцыі (напрыклад, бульбы) усё часцей пачынаюць з’яўляцца ўзоры сапраўднай якаснай беларускамоўнай рэкламы. Ёсць спадзяванне, што ў будучым такіх праектаў стане больш”, – адзначыла Алена Лянкевіч.

Анастасія ШЫРАЛІЕВА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости