Звязаныя назаўжды: як на Навагрудчыне захоўваюць памяць пра сусветна вядомага земляка
У снежні мы адзначылі чарговую гадавіну з дня нараджэння славутага сына беларускай зямлі – Адама Міцкевіча. Нагадаем чытачам пра яго ўнёсак у сусветную літаратуру і раскажам, як на малой радзіме паэта захоўваюць памяць пра яго.
Прызнаны талент
Адам Міцкевіч быў сынам збяднелага шляхціца Мікалая Міцкевіча і Барбары – прадстаўніцы вядомага на Навагрудчыне роду Маеўскіх. Хоць у той час сям’я жыла ў Наваградку, месцам нараджэння паэта называюць фальварак Завоссе: напярэдадні Калядаў Міцкевічы прыехалі ў госці да сваякоў і 24 снежня там нарадзіўся Адам. Хрысцілі хлопчыка ў фарным касцёле Навагрудка, у гэтым горадзе ён хадзіў у школу, якая знаходзілася ў манастыры дамініканцаў каля касцёла Міхаіла Архангела. Пасля яе заканчэння паступіў у Віленскі ўніверсітэт.
Лёс паэта не быў простым. Сталася так, што ў роднай хаце ён не быў з 22 гадоў. Памерлі бацькі, выйшла замуж каханая Марыля Верашчака, а праз некаторы час Адама арыштавалі за ўдзел у таварыстве філаматаў і філарэтаў. Пасля пяці месяцаў зняволення ў сутарэннях базыльянскага манастыра паэта выслалі ў Пецярбург. Ён пакінуў родны край у 25-гадовым узросце і, што трагічна, назаўжды. Ва ўсёй творчасці Адама Міцкевіча адчуваецца настальгія. У аснову многіх яго твораў ляглі традыцыі, легенды і паданні Навагрудчыны: паэма “Дзяды”, балады “Свіцязь”, “Пані Твардоўская” і іншыя.
– Міцкевіч з’яўляецца заснавальнікам рамантызма ў польскамоўнай літаратуры. Яго папярэднікі пісалі пра цароў і каралёў, ён жа звярнуў увагу на простых людзей. Ігнат Дамейка адзначаў, што менавіта ўбогі дах сялянскай хаты і народная песня зарадзілі ў душы Міцкевіча першае паэтычнае натхненне, – адзначае дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба. – Уплыў яго паэзіі праглядаецца ў творчасці многіх аўтараў.
Дом Міцкевіча
Памяць пра знакамітага земляка музей захоўвае ўжо больш за 80 гадоў. Установа размяшчаецца ў адноўленай шляхецкай сядзібе пачатку XIX ст., якая стаіць на месцы згарэлага ў 1881 годзе дома Міцкевічаў. Першы раз музей адкрылі ў 1938 годзе, але ўжо ў чэрвені 1941 года яго разбурыла нямецкая бомба. Аднавілі культурны аб’ект у 1955 годзе, а сваё сучаснае аблічча сядзіба набыла пасля маштабнай рэканструкцыі ў 1990 годзе. Штогод музей прымае больш за 20 тысяч гасцей з усяго свету.
Кожная з залаў ахоплівае пэўны перыяд жыцця Адама Міцкевіча: дзяцінства, час вучобы ва ўніверсітэце, гады ў Маскве і Пецярбургу. Інтэр’ер аднаўлялі, у тым ліку, па ўспамінах малодшага брата паэта – Аляксандра.
Ад яго, напрыклад, даведаліся, што ў кабінеце главы сям’і віселі партрэт Касцюшкі і абраз Маці Божай Вастрабрамскай, стаяла шафа з юрыдычнай літаратурай і пісьмовы стол, на якім ляжалі дакументы. Усё гэта можна ўбачыць у музеі.
– Удзельнікі экскурсій заўсёды цікавяцца, якія экспанаты звязаны непасрэдна з паэтам. Паколькі бацькоўскі дом Міцкевічаў згарэў ў 1881 годзе, рэчаў сям’і захавалася няшмат: у адноўленым пасля пажару доме з колішняга засталіся толькі камода і сафа, – адзначае Мікалай Гайба. – Але сёння ў музеі ёсць гадзіннік, які стаяў у пакоі Міцкевіча ў Вільні. Перад камінам змешчана камінная заслонка з сядзібы графа Храптовіча ў Шчорсах, дзе бываў Міцкевіч. У экспазіцыі знаходзіцца стол і крэсла з маёнтка Туганавічы, дзе жыла Марыля Верашчака. Цікавы экспанат, які быў яшчэ ў даваенным музеі, – бронзавая мадэль помніка Міцкевічу ў Парыжы.
У гонар земляка
Дом-музей – не адзіны напамін пра славутага паэта на Навагрудскай зямлі. Пасля таго, як у 1922 годзе гэты край наведаў старэйшы сын Адама Міцкевіча Уладзіслаў, у Навагрудку стварылі добраахвотнае таварыства «Камітэт ушанавання памяці Адама Міцкевіча». Да таго часу помнікі паэту ўстанавілі ў Познані, Варшаве, і землякам хацелася зрабіць нешта асаблівае. Вырашылі ў гонар знакамітага выхадца насыпаць курган.
– У 1924 годзе працы пачаліся, прыехаў прэзідэнт тагачаснай Рэспублікі Польшча Станіслаў Вайцяхоўскі. На пергаменце напісалі пасланне нашчадкам, паклалі ў алавяную шкатулку і забетанавалі ў падножжа кургана. У першыя гады зямлю для насыпу бралі ад праведзеных на замкавай гары археалагічных раскопак, але многа прыносілі і нават дасылалі па пошце звычайныя людзі (у кургане ёсць зямля з 10 краін свету). У 1931 годзе аб’ект урачыста адкрылі, – расказвае Мікалай Гайба.
У 20-я гады ХХ ст. у гонар Міцкевіча назвалі вуліцу побач з бацькоўскай хатай. На жаль, у чэрвені 1941-га яна таксама была разбурана. У мірны час на гэтым месцы разбілі сквер. Але горад не забыў паэта: імя Міцкевіча далі былой вуліцы Слонімскай. Акрамя таго, у Навагрудку ўстанавілі два помнікі земляку і скульптуры, прысвечаныя яго творчасці. У 1998 годзе, калі святкавалася 200-годдзе з дня нараджэння паэта, каля музея пасадзілі ў яго гонар дуб.
Алена КАЯЧ
Фота аўтара