Наверх

У Ельску прэзентавалі кнігу «Права на жыццё»

24 апреля 2018

Кнігу пісалі душой педагогі…

Ініцыятарам стварэння і ўкладальнікам выдання стаў таленавіты педагог, імя якога вядома далёка за межамі  Гомельшчыны, кіраўнік установы Якаў Дзмітрыевіч Ліпскі.

– “Права на жыццё” – не проста кніга, дзе змешчаны матэрыялы з вопыту работы педкалектыву па фарміраванні сацыяльна-адаптаванай асобы. Гэта і адлюстраванне гісторыі навучальнай установы, няпростых лёсаў вучняў і педагогаў, – адзначыў на прэзентацыі дырэктар КСУП “Саўгас “Камуніст” Рыгор Бабчанок, які два дзесяцігоддзі шэфствуе над школай-інтэрнатам. — Кніга напісана душой і сэрцам дырэктара і педагогаў, якія сапраўды даюць права на паўнацэннае жыццё і будучыню выхаванцам, абдзеленым лёсам.

Агульнаадукацыйная Ельская школа-інтэрнат адкрылася 50 гадоў назад. Амаль 400 навучэнцаў з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў атрымалі тут не толькі сярэднюю адукацыю, але і авалодалі асновамі прафесій, запатрабаваных у сельскай мясцовасці. Многія выпускнікі сталі перадавікамі сельгасвытворчасці, плённа працуюць у іншых сферах.

Пасля трагедыі на ЧАЭС у 1986 годзе, школа запрацавала ў статусе дапаможнай. Цяпер тут вучацца дзеці з 7 раёнаў Гомельскага Палесся, большасць – з Мазыршчыны, Ельшчыны, Нароўлі і Лельчыц. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з праблемамі са здароўем, але і тыя, што часта застаюцца без належнай увагі бацькоў.

Таму педагогі імкнуцца рыхтаваць навучэнцаў да самастойнага жыцця. У школе створана выдатная матэрыяльная база, пакоі абсталяваны ўтульна, а двор з фантанам патанае ў зеляніне і кветніках. Але так было не заўсёды.

Добра папрацуеш – смачна паясі

Калі толькі пачынаў працаваць, Якаў Ліпскі даў сабе абяцанне: як бы складана ні было, пастарацца зрабіць усё магчымае, каб дзеці ў школе-інтэрнаце адчувалі сябе шчаслівымі і здаровымі, не сумавалі па родным доме, па бацьках. Належала пераўтварыць дзяржаўную ўстанову ва ўтульны прыгожы дом.

Працавалі нямала. На 10 га зямлі, якую ўзялі ў шэфаў, вырошчвалі ўсё, што неабходна для харчавання дзяцей, займелі ўласную свінаферму на 50 галоў. Дзяцей кармілі не тры, а чатыры разы ў дзень.

Лішкі прадукцыі прадавалі. Дзякуючы такой прадпрымальнасці вырашалі многія матэрыяльныя праблемы: рамантавалі спальныя пакоі і класы, набывалі новую мэблю, навучальнае абсталяванне, спортінвентар. І ў зіму ўступалі падрыхтаванымі як след.

Дарэчы, і дагэтуль дапаможная гаспадарка (пры школе – свой зямельны ўчастак) – не столькі спосаб зарабіць грошы, колькі найважнейшая частка сістэмы рэабілітацыі, выхавання, сацыялізацыі вучняў. Тут вырошчваюць бульбу, моркву, капусту, агуркі, цыбулю, памідоры. Вінаграду, яблыкаў са свайго маладога саду хапае надоўга. Лішкі рэалізуюць на восеньскім кірмашы. Прадаўцамі выступаюць дзеці: яны рэальна могуць ацаніць вынік сваёй працы, усвядоміць, што гаспадарка прыносіць матэрыяльную карысць. Якаў Ліпскі перакананы: так выпрацоўваецца беражлівасць, фарміруецца ўяўленне, як зарабляць грошы, дзеці вучацца рацыянальна гаспадарыць.

Якаў Ліпскі любіць сваіх выхаванцаў.

Без любові да роднага не створыш годнага

У школе многа незвычайнага. Так, больш за 10 гадоў тут вырошчваюць сорга. З расліны робяць венікі, ствараюць іншыя дробныя вырабы.

Тут рыхтуюць выпускнікоў па спецыяльнасцях “швачка”, “санітарка”, “дворнік”, можна авалодаць прафесіямі “агароднік” і “слесар па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі”. Невыпадкова пасля 11-га класа многія выпускнікі адразу ўладкоўваюцца на працу.

А яшчэ ў Ельскай школе-інтэрнаце ведаюць: без любові да роднага нельга стварыць годнага. Таму гэта – адзіная ў Беларусі спецыялізаваная ўстанова адукацыі, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на роднай мове.

Сёння тут выхоўваюцца 47 хлопчыкаў і дзяўчынак, і ніхто з іх не адчувае сябе абдзеленым. Творчая атмасфера, цяпло і любоў згладжваюць вострыя вуглы характараў, асаблівасцей у развіцці псіхікі, лічаць педагогі.

– Галоўная задача, – адзначае Якаў Ліпскі, – каб было добра дзецям, каб яны навучыліся шмат чаго рабіць сваімі рукамі і выходзілі ад нас у самастойнае жыццё годнымі людзьмі.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 ноября 2024 27 ноября 2024 26 ноября 2024 25 ноября 2024
Все новости