Наверх

Цуды Зашыр’я: з аднаго боку –радыяцыйны запаведнік, з другога – украінская мяжа

21 сентября 2017

Ельскі раён, аграгарадок Зашыр’е. Тут з аднаго боку – Палескі радыяцыйны запаведнік, з другога  – багністая ўкраінская мяжа. Але менавіта ў гэтым палескім куточку пашчасціла сустрэць таленавітых людзей, якія не толькі аруць, сеюць, будуюць фермы і дамы, але і шчыра клапоцяцца пра заўтрашні дзень сваёй роднай вёскі.

Людзі на балоце

Учарашняе Зашыр’е  – маленькая вёсачка, акружаная балотамі. Амаль такая, як мележаўскія Курані. У савецкі час тут была разгорнута ўсесаюзная камсамольская будоўля. За тры гады меліярацыі вакол вёскі асушылі 7 тыс. гектараў балот, а саму яе адбудавалі да мястэчка  – некалькі дзясяткаў двухпавярховых дамоў ды прасторныя асфальтаваныя вуліцы. Ранейшы саўгас “Новае жыццё” стаў “Камуністам”, які, як і меркавалася, павёў сялян “у светлую будучыню”.

Гаспадарка хутка набірала абароты, выконваючы задачы павелічэння вытворчасці мяса і малака, і праславілася на ўсю краіну  – працаўнікі атрымлівалі высокія ўрадавыя ўзнагароды з Масквы.

Дбайны гаспадар

“Камуніст” і сёння лепшы ў раёне. Тут вырошчваюць збожжа амаль 40 цэнтнераў з гектара, гадуюць жывёлу, маюць уласныя пераапрацоўчую вытворчасць і гандлёвыя пункты, атрымліваюць годны заробак  – і ўсё гэта дзякуючы таленту карэннага палешука дырэктара гаспадаркі Рыгора Бабчанка.

Ён, дарэчы, яшчэ і паэт, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго творы “гавораць” з месцічамі і гасцямі Зашыр’я нават на прыдарожных камянях: так-так, выказванні Бабчанка, з выхаваўчым і лірычным зместам, можна ўбачыць на сценах будынкаў і транспарантах. Яны, паверце, кранаюць душу.

“Гамоняць” фантаны

Аграгарадок, дарэчы, не раз станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па добраўпарадкаванні. Тут нават фантаны ёсць: у цэнтры Зашыр’я, у дзіцячым садку, у студэнцкім парку  – усяго 10. Той, што ўсталяваны на мехдвары, ціха “спявае” для трактарыстаў, шафёраў, слесараў і камбайнераў; а ў доме жывёлаводаў каля струменей вады збіраюцца жанчыны. Рыгор Бабчанок усміхаеццца: “Гледзячы на імклівае цячэнне вады, некаторыя дарослыя задумваюцца аб імклівым цячэнні жыцця, а іншыя нават лечаць зрок такім чынам”.

Вяскоўцы з гонарам расказваюць аб гэтым сваім цудзе. Праўда, ёсць і прыкры момант: некаторыя фантаны гаспадарка перадала на баланс раённай камунальнай службе, а там усхапіліся за галаву (дорага, браткі: вада плюс электрычнасць!) і давай адключаць “прыгажосць”…

Зацятыя творцы

Да аўтарства зашырскіх фантанаў мае дачыненне дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія Шадрына. 30 гадоў таму яна, ураджэнка Чалябінскай вобласці, па вялікім каханні выйшла замуж за хлопца з Зашыр’я і падалася ўслед за ім у беларускую глыбінку. Мясцовы ДК, якім апошнія 17 гадоў кіруе Яўгенія, даволі ўнікальны. Па атмасферы, якая пануе ў ім, ён нагадвае сямейны клуб па інтарэсах. Тут дзейнічаюць 25 творчых калектываў (7 з якіх  – народныя) і спартыўныя секцыі. Заняткі наведваюць больш за 100 юных жыхароў аграгарадка. Артысты гастралююць па вёсках раёна, выступаюць з канцэртамі і за мяжой, у прыватнасці ў Германіі. Прычым праграма за апошнія 15 гадоў ні разу не паўтарылася! І ніякіх фанаграм.

Сама Яўгенія Аляксандраўна захапляецца вырабам скульптур з дрэва, лялек, выступае ў ролі дызайнера касцюмаў для мастацкай самадзейнасці (“з таго, што змаглі знайсці ці не патрэбна дома”).

Увогуле ўсе яе таленты не пералічыць. Дарэчы, характар – ох і ўпарты! Вырашыла, напрыклад, пашырыць межы і без таго немалога культурна-спартыўнага цэнтра і пачала ствараць… “Горад майстроў”. Дапамагае ёй у гэтай справе дырэктар “Камуніста”.

Будынак Дома культуры ўяўляе сабой тыповы праект савецкага ўзору. А вось за ім хаваецца чароўны свет фантазій. Скульптуры ўтварылі алею: рыцары ў даспехах ахоўваюць уваход у двор з кузняй, ганчарнай і бандарнай майстэрнямі.

Імправізаванае кафэ, міні-фантаны. На клумбах растуць чарніцы, брусніцы, грыбы. Каларытны роспіс на сценах зроблены самой Шадрынай. Кажа, у ёй адначасова “прачнуліся” скульптар і мастак, этнограф і філосаф: “Сама не ведаю, адкуль што бярэцца, але “загарэлася” і зрабіла”. Ды і каманда Яўгеніі (хормайстар, акампаніятар і іншыя супрацоўнікі клубнай установы) такая ж  – асвоіла будаўнічыя прафесіі.

Рай для турыстаў

Уздоўж культурна-спартыўнага цэнтра на месцы колішняй пусткі пракладзена алея, на плоце  – скульптурныя выявы птушак Беларусі. Выхаванцы дзіцячага садка і школы, якія знаходзяцца побач, даўно вывучылі назвы тых птушак на памяць. Цікава, што ўсе будынкі ды прыбудовы зроблены з “непрыдатнага” будматэрыялу. Непадалёк можна ўбачыць двухпавярховы зруб, дзе, па задумцы Яўгеніі, размесцяцца навучальны рамесніцкі цэнтр і гісторыка-этнаграфічны музей. Гэта таксама пляцоўка для фальклорных пастановак, этнічных вечароў і тэатралізаваных легенд.

А ў двары дырэктар стварыла інтэрактыўную вуліцу-экспазіцыю, якая нагадвае пра культуру і традыцыі ўжо зніклых вёсак.

 – Мы сабралі тысячы здымкаў і розных рэчаў у пакінутых дамах, і размесцім усё гэта ў музеі пад адкрытым небам,  – распавядае Яўгенія Шадрына.  – Пабудавалі стылізаваныя хаты, аднавілі старадаўні побыт. І гэта не сумныя стэнды за шклом у старасвецкіх рамках. Для тых, хто прыедзе шукаць сваякоў ці вывучаць фальклор, ацыфроўваем архіў, які збіраўся больш за чвэрць стагоддзя,  – кіламетры аўдыё- і відэаплёнак. Для турыстаў, якіх цікавіць культурная гісторыя краю, ажывім старадаўнiя народныя абрады.

Каманда Шадрынай не пакладаючы рук працуе над тым, каб давесці пачатую справу да канца, зарабляючы грошы падчас канцэртаў. Перакананы: будзе тут неўзабаве і свой фестываль. У любым выпадку палешукі-энтузіясты робяць усё магчымае, каб уключыць Зашыр’е ў турыстычнае “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
27 ноября 2024 26 ноября 2024 25 ноября 2024 24 ноября 2024 23 ноября 2024 22 ноября 2024
Все новости