Наверх

«Радуніца – дзень, які належыць не жывым, а мёртвым». Дачка святара расказала, як рыхтаваліся да свята ў іх сям’і

28 апреля 2020

Мінчанка Ірына Сідарэвіч гаворыць пра свайго бацьку з вялікай павагай і любоўю. На яе вуснах гуляе лёгкая ўсмешка, а ў вачах – светлая радасць. Бацькі няма ўжо 35 гадоў. Але памяць аб ім жыве, як не страціліся і ўсе традыцыі, якім з дзяцінства прывучаў яе тата – протаіерэй Павел Варановіч.

“Вернікі любілі яго за цярплівасць, уменне выслухаць і даць параду”

– Я нарадзілася ў вёсцы Войстам Гродзенскай вобласці, – пачынае расказ Ірына Паўлаўна. – Тады тата яшчэ не быў святаром – працаваў рабочым на масласырзаводзе. Але ў яго заўжды было жаданне займацца іншым, служыць людзям. У царкве, куды ён хадзіў, пазнаёміўся з бацюшкай, дзякуючы якому вывучыўся на святара. У 1962 годзе тату накіравалі ў Траецкую царкву ў мястэчка Даўгінава Вілейскага раёна.

 

Храм, дзе ладзіў службы Павел Варановіч, быў пабудаваны з белай цэглы ў 1870 годзе. Сёння яго лёгка пазнаць па трох уваходах, упрыгожаных аркамі.

– Калі сонца садзілася, можна было назіраць, як гарыць у яго прамянях залацістым полымем велічны крыж… Непаўторнае відовішча, – успамінае Ірына Сідарэвіч. – У самой царкве драўляны іканастас абсыпаны пазалотай, а абразы даюць адчуванне душэўнай гармоніі і супакою.

Прыхаджане – а пастаянных вернікаў было больш за сто – любілі айца Паўла за яго далікатнасць, цярплівасць, уменне выслухаць і даць параду. У той савецкі атэістычны час протаіерэй нават згаджаўся пахрысціць немаўлят, не запісаўшы іх у царкоўную кнігу, каб у бацькоў не было праблем з працай.

– Такая адкрытасць не раз станавілася нагодай для маміных жартаў, – усміхаецца мая суразмоўца. – Яна працавала ў царкве рэгентам хору, усё бачыла і часта пасля службы пыталася ў таты: “А чаго гэта да цябе на споведзь кожную нядзелю ходзяць Ганна і Марыля? Няўжо за тыдзень паспяваюць награшыць?” На гэта ён спакойна адказваў: “Пакаянне ў грахах перад святаром і дараванне ім грахоў – іх асабістая справа. А сам бацюшка не мае права расказваць іншым пра гэта”.

Усё, што тычылася царквы, Павел Варановіч прымаў блізка да сэрца. Яго дачка ўспамінае гісторыю, калі камісія па справах рэлігіі загадала спаліць “усю старызну, што валяецца на даху”. “Старызной” былі кнігі і іконы, якім не знайшлося месца ў храме. Касцёр гарэў два дні. У айца Паўла здарыўся першы інфаркт…

– Але адну кніжку ён уратаваў, – адзначае Ірына Сідарэвіч. – Там былі запісы даўгінаўцаў аб нараджэнні, шлюбах. З часам ён перадаў каштоўнасць у Вілейскі краязнаўчы музей.

“Адначасова і лёгкі, і цяжкі дзень”

Каляды, Вадохрышча, Грамніцы, Масленіца, Вербніца, Дабравешчанне, Вялікдзень, Сёмуха, Пакровы – святы, якія суправаджалі маю суразмоўцу ўсё жыццё. Iнакш і быць не магло.

– Падчас іх у доме панавала атмасфера надзеі, чагосьці светлага, добрага. Безумоўна, галоўным святам быў Вялікдзень з кулічамі, фарбаванымі яйкамі і традыцыйнай службай з хрэсным ходам. Яна пачыналася дзесьці ў 11 гадзін вечара і заканчвалася ў 5 раніцы. Было вельмі прыемна, калі бацька выглядваў мяне сярод прыхаджан, а, адшукаўшы вачамі, лёгка кланяўся, – усміхаецца дачка святара.

А праз 9 дзён сустракалі Радуніцу.

– Раней яе ладзілі толькі на могілках, – успамінае Ірына Паўлаўна. – Іх упарадкавалі загадзя, а на свята маліліся, гатавалі пачастунак. Добра памятаю, як даўгінаўцы станавіліся ў чаргу, каб запрасіць бацюшку Паўла памаліцца за іх памерлых продкаў. Потым садзіліся, расцілалі настольнік, раскладвалі фарбаваныя яйкі, кулічы, адвараны кумпяк і запрашалі пачаставацца знаёмых, тых, хто прыязджаў з іншых мясцін на Радуніцу. У меру прысутнічала віно ці гарэлка – налівалі і як бы сваім памерлым блізкім. Радуніца для ўсіх была і цяжкім, і лёгкім днём адначасова.

«Традыцыі дапамагаюць»

Нягледзячы на тое, что мая суразмоўца ўжо даўно жыве і працуе ў Мінску, яна захавала традыцыі, якіх прытрымліваліся ў іх сям’і.

– Лічу, што сям’я будуецца на адносінах людзей і традыцыях, якія мы перадаём сваім дзецям і ўнукам, – дзеліцца Ірына Паўлаўна. – Я зберагла ўсё тое светлае і добрае, что атрымала ад сваіх бацькоў, усе каштоўнасці, якім яны мяне вучылі. Гэта стала надзейным фундаментам для майго далейшага жыцця і не раз дапамагала вырашаць складаныя сітуацыі. Упэўнена, нашы продкі моляцца за нас на тым свеце.

Юлія КУЛІК

Фота з архіва Ірыны Сідарэвіч i з адкрытых iнтэрнэт-крынiц

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 ноября 2024 25 ноября 2024 24 ноября 2024 23 ноября 2024 22 ноября 2024
Все новости