Наверх

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «Геалакацыя Мінск. Графіка ХХ стагоддзя».

11 сентября 2020

Экспазіцыя прымеркаваная да Дня горада, які традыцыйна адзначаецца ў другую суботу верасня. Сёлета Мінск святкуе 963-годдзе.

На выставе прадстаўлена каля 30 жывапісных і графічных работ са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. У іх адлюстраваны знаёмыя месцы – плошчы і вуліцы беларускай сталіцы. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва апошніх 200 гадоў жыцця Мінска, дзе кожны перыяд адметны сваімі асаблівасцямі, знакавымі для гараджан падзеямі: будаўніцтвам новых мікрараёнаў і адраджэннем гістарычнага цэнтра, гарадскімі святамі і буднямі мінчан.

Вядомыя мастакі і менш папулярныя аўтары выступаюць у ролі гістарыёграфаў беларускай сталіцы – па-свойму адлюстроўваюць яе на палотнах і паперы, і кожнаму з іх удаецца перадаць тое, што называюць душой горада.

Творы Віктара Сташчанюка – рэканструкцыі гарадскіх панарам і помнікаў дойлідства – ілюстрацыі Мінска ў пачатку XIX стагоддзя. А дзякуючы работам Мікалая Дучыца мы ведаем, як выглядаў горад у даваенны час, у перыяд акупацыі і разбурэнняў.

Жывапісныя і графічныя работы 1950–1960-х гадоў пранізаны атмасферай вялікай будоўлі, надзеяй на добрую светлую будучыню, настроем мірнага і спакойнага жыцця. Гэты перыяд знаходзіць адлюстраванне ў працах Анатоля Тычыны.

У творах 1970–1980-х гадоў прасочваецца настальгія, цікавасць да гістарычнай спадчыны, а таксама новыя працэсы дынамічнага развіцця горада. Сярод аўтараў гэтага часу вылучаецца Кацярына Паплаўская: яе мастацкія творы прасякнуты цікавасцю да гарадской архітэктуры, адрозніваюцца пэўным «урбанізмам», майстэрствам валодання графічнымі тэхнікамі.

Графічныя творы здольны перадаваць многія нюансы і дэталі, яны выдатна адлюстроўваюць трансфармацыю, якую Мінск зведваў на працягу ХХ стагоддзя.

Падрыхтаваў Сяргей КІРЫК

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
3 мая 2024 2 мая 2024 1 мая 2024 30 апреля 2024
Все новости