Актыўныя віцяблянкі на чале са старшынёй Віцебскай педагагічнай пярвічкі БСЖ Людмілай Галушкінай наведваюць спектаклі тэатра, якія так ці інакш звязаны з тэматыкай года гістарычнай памяці.
Першая пастаноўка, якую яны пабачылі – монаспектакль Зінаіды Гурбо «Незагойная рана». У яго аснове творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя Вялікай айчыннай вайне. Са сцэны актрыса чытае апавяданні Васіля Быкава і Янкі Брыля, вершы Уладзіміра Караткевіча. Актрыса, у якой на вайне загінуў бацька, па-асабліваму ставіцца да абранай тэмы. І яе манументальны спектакль кранае да глыбіні душы.
Наступны сцэнічны твор – спектакль-канцэрт «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз». Пад песні ваеннага часу, якія гучаць у выкананні артыстаў у суправаджэнні фартэпіяна і акардыёна, разгортваецца невыдуманая гісторыя кахання двух віцяблян – Уладзіміра Смерадзінскага і Валянціны Якаўлевіч.
Героі пазнаёміліся ў ваенным Сталінградзе. Там Уладзімір удзельнічаў у стварэнні ваеннага шпіталя. А карэнная віцяблянка Валянціна пасля заканчэння Сталінградскага медыцынскага інстытута прыбыла ў гэты шпіталь на працу ў якасці урача-ардынатара. Нягледзячы на 20-гадовую розніцу ва ўзросце яны пакахалі адзін другога. І настолькі моцна, што пранеслі пачуцце праз усю вайну.
Уладзімір і Валянціна здолелі выжыць, захаваць дачку Веру, якая нарадзілася ў 1944 годзе, а пасля перамогі прыехалі ў Віцебск. Іх лісты, якія яны пісалі адзін другому чатыры гады, гучаць у спектаклі гімнам каханню, якому не страшны ніякія перашкоды.
На першы погляд выбіваецца з гэтага шэрага спектакль «Несцерка» Віталя Вольскага, які грамадская арганізацыя таксама пажадала паглядзець у межах акцыі. Але гэта толькі на першы погляд. Лёс віцебскага «Несцеркі» цесна звязаны з Вялікай Айчыннай.
Спектакль паводле беларускага фальклору «нарадзіўся» у Карэліі. У час гастроляў, якія праходзілі ў Петразаводску, адбылася яго прэм’ера. Гэта быў 1941 год. Вестка аб пачатку вайны застала коласаўцаў далёка ад дома. Артысты выехалі ў Віцебск. Але эвакуяваць матэрыяльную частку было немагчыма, яна так і засталася б ў Карэліі, калі б не ўдзячныя глядачы. У Петразаводску даведаліся, што калектыў тэатра з Віцебска адпраўляецца ва Уральск. Тады петразаводскія чыгуначнікі, многія з якіх прысутнічалі на прэм’еры, выдзелілі для дэкарацый асобны вагон і накіравалі яго ў Казахстан. Туды, куды пераехала трупа. Спектакль дасюль з’яўляецца візітнай карткай тэатра імя Якуба Коласа.
Апошні спектакль цыкла – пастаноўка «Не пакідай мяне» па п’есе Аляксея Дударава. Аўтар чарговы раз узнімае тэму жанчыны на вайне. Вопыт беларусак, якія прайшлі праз Вялікую Айчынную спрабуюць прапусціць праз сябе, зразумець і спасцігнуць маладыя актрысы. Сведчаннем таго, што дзяўчаты адчулі атмасферу, у якой давялося жыць іх прататыпам, з’яўляецца трапяткое стаўленне да спектакля гледачоў усіх пакаленняў.
Перад кожным са спектакляў адбываецца невялікае мерапрыемства: гучаць уступныя словы, члены грамадскай арганізацыі чытаюць вершы, госці спяваюць песні. А ўзнагародай становяцца самаробныя анёлы, якіх Людміла Галушкіна дорыць усім як сімвал міра і спакою на зямлі.
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа знайшоў магчымасць падтрымаць ініцыятыву: члены Беларускага саюза жанчын на спектаклі, што праходзяць у межах сумеснай акцыі, маюць права набыць білет за 50% кошту.
Вікторыя Дашкевіч
Фота Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай і з архіва тэатра