test gtag

Школьнікі і сцэна: 25 год разам. У Віцебску пройдуць юбілейныя сцэнічныя чытанні

Кожны хлопец ці дзяўчына, які ў Віцебску сур’ёзна займаецца тэатральным мастацтвам, можа разлічваць на тое, што раз на год ён сыграе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Яго выступленне ацэняць прафесіяналы і цалкам магчыма прапануюць стаць паўнапраўным членам старэйшага ў краіне творчага калектыву. Адбываецца гэта дзякуючы Сцэнічным чытанням «Школьны тэатр», якія 25 красавіка пройдуць у 25 раз.

Як з’явіўся і развіваўся форум, што не страчвае сваю папулярнасць вось ужо чвэрць стагоддзя, нам расказала асістэнт рэжысёра, у мінулым кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Святлана Дашкевіч, якая стаяла ля вытокаў «Школьнага тэатра».

Віцебскі эксклюзіў

– Калі ў мяне пытаюцца пра тое, хто прыдумаў  такую форму супрацоўніцтва з тэатральнымі калектывамі горада, я адразу прыгадваю метадыста Першамайскага аддзела адукацыі, у мінулым супрацоўніцу аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Бяруту Аляксандраўну Семянкову, – расказавае субяседніца. – Яна звярнулася ў тэатр з просьбай. Першамайскі РАНА пастаянна ладзіў конкурсныя прагляды для школьных тэатральных калектываў. А калі раён разросся, педагогі захацелі заручыцца падтрымкай прафесіяналаў.

Гэта адбылося ў сярэдзіне 90-х мінулага стагоддзя. На той час раён сапраўды павялічыўся, у горадзе з’явіліся новабудоўлі ў мікрараёнах «Югоў», адпаведна, выраслі і вялікія школы: №37 (цяпер гімназія 8), №39 (цяпер гімназія 7), №32. Бярута Семянкова разумела: маштабнае мерапрыемства павінны судзіць аўтарытэтныя людзі. Так Святлана Дашкевіч упершыню стала членам журы конкурсу і, ацаніўшы ўзровень дзяцей, прапанавала паказаць самадзейных школьных артыстаў мастацкаму кіраўніцтву тэатра.

– А паколькі тэатральныя рэжысёры часу не маюць, часта працуюць адначасова над некалькімі праектамі, прасцей было не іх вазіць па школах, а запрасіць дзяцей у тэатр. І не толькі вучняў Першамайскага раёна, з першых год форум стаў агульнагарадскім, – прыгадвае асістэнт рэжысёра. – На карысць ідэі сыграў яшчэ адзін факт: на той час трупа мела вялікую патрэбу ў маладых артыстах.

Пасля прыходу ў тэатр у 1993 годзе выпускніцы Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алены Шарэпчанкі, трупа на працягу трох год не папаўнялася. Гэтаму было шмат прычын, але галоўная ў адсутнасці жылля для маладых спецыялістаў (зарплата пачынаючага артыста не дазваляе спадзявацца на арэнду). Таму на той час мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Маслюк падхапіў ідэю, першы «Школьны тэатр» прайшоў у 1996 годзе і меў статус фестываля.

Зоркі школьнай сцэны

З прыходам у 1997 годзе ў коласаўскі тэатр Віталя Баркоўскага – рэжысёра, нацэленага на працу ў першую чаргу з моладдзю, фестываль атрымаў новы віток развіцця. Баркоўскі сам праводзіў рэпетыцыі перад фестывальнымі праглядамі. А аднойчы пасля фестываля паставіў казку «А пры чым тут Кашчэй?», дзе ў пары с прафесійнымі артыстамі працавалі старшакласнікі. Сутнасць эксперымента была ў тым, каб пабачыць, наколькі яны здатныя выконваць рэжысёрскую задачу і іграць у спектаклі. Тады ўпершыню выйшла на прафесійную сцэну актрыса і рэжысёр Алена Картыннік (цяпер – Ганум).

Самых яркіх школьнікаў запрашалі пасля заканчэння школы на працу ў тэатр з той умовай, што яны адразу ж паступаюць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, працуюць і завочна вучацца. Так у калектыве з’явіліся самы рэпертуарны сучасны артыст тэатра імя Якуба Коласа Яўген Бераснеў, артысты Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Дзяніс Аўхарэнка і Яўген Лук’янаў, артыст, кіраўнік студыі «Тэатралка» Арцём Герак і многія іншыя. Але былі выпадкі, калі юныя артысты пакідалі тэатральнае мастацтва толькі ў якасці хобі.

– Тры гады запар на фестывалі мы назіралі за вучнем школы №4 Яўгенам Павалоцкім, – расказвае Святлана Дашкевіч. – Гэтага арганічнага хлопца вельмі хацелася бачыць у трупе. Але на нашы прапановы ён адказваў катэгарычная адмовай. У Яўгена з-за цяжкай хваробы не стала мамы. І хлопец паабяцаў, што абавязкова вывучыцца на доктара, каб бацькі не паміралі так рана. Так і здарылася: Жэня паступіў у медыцынскі універсітэт, зараз працуе ўрачом. Цікава, што не кінуў і мастацтва, паралельна займаецца рэжысурай. У вучаніцы школы № 28 па прозвішчы Маркіна (такое ж прозвішча насіла народная артыстка БССР, актрыса нашага тэатра Галіна Маркіна), таксам былі ўсе дадзеныя для паспяховай сцэнічнай кар’еры: і рост, і знешнасць, і талент. Але дзяўчына адразу сказала, што звязваць лёс з мастацтвам не плануе.

Вербы на шчасце

Як любы салідны форум, тэатр з самага пачатку імкнуўся заахвоціць сваіх удзельнікаў. Ужо ў першы год з дапамогай выканаўчага дырэктара Аляксандра Харкевіча было вырашана пашукаць спонсараў, каб набыць дзецям прызы. Гэты эпізод прыгадваюць цяпер ў тэатры як анекдатычны. На просьбу коласаўцаў адгукнуўся адзін мясцовы бізнесмен. Фестываль только арганізоўваўся, і мецэнат не зусім зразумеў каму і колькі падарункаў трэба. Ён выдзяліў тэатру вялізныя шклянкі з тоўстага шкла.

– Мы падлічылі удзельнікаў, тады калектываў было 6, і зразумелі, што  можам дарыць адну шклянку аднаму чалавеку, – прыгадвае субяседніца. – Фестываль праходзіў напярэдадні Вялікадня і Валерый Маслюк прыдумаў, як зрабіць падарунак сімвалічным: кожную шклянку ўпрыгожылі галінкай вярбы. А тэатр падрыхтаваў удзельнікам дыпломы.

Так адбывалася не заўсёды, быў год, калі прадпрымальнік Мікалай Панцялееў зрабіў для юных артыстаў эксклюзіўныя статуэткі, яны вельмі ўпрыгожылі ўзнагароджанне. А аднойчы за пошук мецэнатаў узяўся былы загадчык гарадскога аддела адукацыі Віктар Праснякоў. Ён знайшоў спонсараў, якія прадставілі ў якасці галоўнага прыза відэамагнітафон (на той час гэта быў вельмі важкі прыз, яго атрымала школа №4), астатнім ўдзельнікам падарылі прыгожыя гадзіннікі, вырабленыя спецыяльна для фестывалю.

Аб тым, што ў Віцебску нараджаецца унікальны для Беларусі праект, адразу паведамілі ў Дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Уладзімір Мішчанчук, на той час загадчык кафедры майстэрства акцёра, а цяпер дэкан тэатральнага факультэта, асабіста прыязджаў на кожны конкурс. Пры гэтым камандзіравала выкладчыка сама навучальная ўстанова.

У 1997 годзе звярнуліся па дапамогу і да Міністэрства культуры, падрыхтаваліся грунтоўна, распрацавалі «Палажэнне». Тады і зразумелі, што правільней форум называць не фестывалем, а сцэнічнымі чытаннямі. Падтрымка Міністэрства аказалася настолькі значнай, што сродкаў хапіла нават на тое, каб запрасіць для ўдзелу юных артыстаў з усёй Беларусі. У Віцебск прыехалі калектывы з Лепеля, Баранавіч, Магілёва. Гэта былі ўзорныя драматычныя калектывы, якіх можна было запрашаць без папярэдняга прагляду. Для іх ладзілі асобную конкурсную праграму.

Адчувальную дапамогу аказваў тэатру гарадскі аддзел культуры, дзякуючы ім у сцэнічных чытанняў заўсёды былі надрукаваныя ў друкарні афішы. 

– Мы разлічвалі, што зможам развіваць сцэнічныя чытанні і далей, – кажа Святлана Дашкевіч. – Але людзі пачалі больш ашчадна лічыць грошы і цяпер мы можам праводзіць «Школьны тэатр» толькі на гарадскім узроўні. І тым не менш, фестываль жыве і застаецца прэстыжным. Адмянілі яго только аднойчы, у 2020 годзе. І зараз, калі эпідэміялагічная сітуацыя палепшылася, ён аднавіўся. А нашы юныя ўдзельнікі самай галоўнай узнагародай лічаць магчымасць заслужыць права выйсці на прафесійную сцэну. І я вельмі ўдзячная мастацкаму кіраўніцтву тэатра і літаратурнай частцы за тое, што наш эксклюзіўны форум жыве і працягваецца.

Адкрыць новыя імёны

«Школьны тэатр» патрэбны не только вучням школ і тэатральным рэжысёрам. Зацікаўлены ў ім і кіраўнікі калектываў.

Наталля Шлімакова першы свой калектыў арганізавала ў школе №3. Для юных артыстаў дырэкцыя здолела стварыць выключныя ўмовы. Вучнёўскі тэатр меў асобнае памяшканне і асаблівую атмасферу. Менавіта тут свой першы спектакль – «Чорную нявесту» Аляксея Дударава – паставіў тады яшчэ школьнік, а цяпер выпускнік рэжысёрскага факультэта ГІТІСа Данііл Обухаў.

Цяпер Наталля Шлімакова кіруе калектывам Гарадскога цэнтра дзяцей і моладзі, і яе новыя выхаванцы пастаянна ўдзельнічаюць у «Школьным тэатры». Памятаюць арганізатары сцэнічных чытанняў, як добра умее падабраць зразумелы і блізкі дзецям матэрыял Галіна Мароз (школа №4), як удала знаходзіць падыход да пастаянна занятых інтэлектуальных вучняў гімназіі № 2 Эля Каржыцкая, як доўга і паспяхова кіравала калектывам школы №28 Зоя Таранеўская.

– У гэтым годзе кіраўнік калектыву школы №45 Канстанцін Ганчароў будзе паказваць спектакль «Цені» паводле Францішка Аляхновіч, – расказвае Святлана Дашкевіч. – На папярэднім праглядзе ягоныя выхаванцы паказаліся вельмі добра. І хто ведае, магчыма менавіта сярод іх – будучыя новыя тэатральныя зоркі, якіх падораць мастацтву юбілейныя сцэнічныя чытанні.

Вікторыя ДАШКЕВIЧ

Фота з архіва тэатра імя Якуба Коласа