Нафта з рэчыцкай прапіскай
Ля вытокаў
Свідравіна № 6 Рэчыцкага нафтавага радовішча ў 1964 годзе выдала першы прамысловы прыток нафты, тым самым даказаўшы, што ў Беларусі ёсць вуглевадародная сыравіна. У той час лабарантка Наталля Севярынец узяла пробу з першай мільённай тоны нафты. Той чорна-белы здымак з колбай нафты хутка з'явіўся на першых старонках усіх газет СССР, зрабіўшы дзяўчыну вядомай.
– Мы працавалі сумленна, пра славу не думалі, – згадвае праз 55 гадоў Наталля Магілевіч (Севярынец). – У 18 гадоў скончыла курсы, і мяне адразу ўзялі лабарантам хімічнага аналізу ў нафтапрамысловае ўпраўленне. Працаваць было вельмі няпроста…
Па словах ветэрана, якая аддала працы ў нафтавай галіне амаль 40 гадоў, бездарожжа было асноўным выпрабаваннем. У дождж і непагадзь дзяўчыне ў гумавых ботах даводзілася дабірацца да свідравін, каб прынесці нафту ў лабараторыю на аналізы.
– Але ж па маладосці хіба звяртаеш на цяжкасці ўвагу? Запомнілася на ўсё жыццё другое: у той час мы падтрымлівалі адзін аднаго, было адчуванне, што мы, нафтавiкi, разам працуем дзеля агульнай справы.
Час высокіх планаў
Як толькі ў 1967 годзе быў атрыманы першы мільён тон палескай нафты, рэспубліка трапіла ў лік саюзных нафтаздабываючых рэгіёнаў з вялікім патэнцыялам. Пазней сучаснікі менавіта ў такім падыходзе будуць шукаць прычыны цяжкасцей, якія паўплывалі на лёс беларускай нафты. Толькі адступіць ад зацверджаных планаў па нафтаздабычы кіраўніцтва аб'яднання таго перыяду не магло. У1969 годзе нафтавікі рапартавалi аб 5 мільёнах тон здабытай нафты, а да 50-годдзя ўтварэння СССР перавысiлi мяжу ў 20 мільёнаў тон. Праз 3 гады – чарговая веха: 40 мільёнаў тон і гадавая здабыча беларускага “чорнага золата” на ўзроўні ў 7 млн. 950 тыс. тон. У 1975-м быў дасягнуты максімальны вынік нафтаздабычы.
Нафтаздабыча сёння
Свідравіна № 6 Рэчыцкага нафтавага радовішча дагэтуль працуе зладжана. За 55 гадоў эксплуатацыі з яе здабыта больш за 1 млн. тон “чорнага золата”. А ўсяго ў фондзе «Беларуснафты» ужо 15 свідравін-мільянераў.
Калі паўстагоддзя назад яны ўводзіліся ў эксплуатацыю, нафта з многіх біла амаль фантанам – пампаваць яе практычна не было патрэбы. Тэмпы здабычы раслі, і з цягам часу для вымання сыравіны на паверхню прыйшлося прыклаваць сур’ёзныя высілкі.
– За 55 гадоў працы беларускія нафтавыя радовішчы далі больш за 136 млн. тон “чорнага золата”. Самае буйнае з іх – Рэчыцкае, – адзначае начальнік нафтаздабываючага ўпраўлення “Рэчыцанафта” Сяргей Стэльмашок. – Тут прасвідравана звыш 400 свідравін, 203 з іх цяпер – эксплуатацыйныя і 47 – нагнятальных. Штогод на Рэчыцкім радовішчы здабываецца каля 500 тыс. тон сыравіны. Усяго ж у Беларусі адкрыта 85 радовішчаў, з іх працуе 61, зараз у эксплуатацыйным фондзе 849 свідравін.
У 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі страны гадавы аб’ём здабытай нафты прадпрыемствам перавысіў 1 млн. 670 тыс. тон. Пры гэтым новыя свідравіны далі больш за 94 тыс. тон нафты. Гэта лепшы вынік за апошнія 23 гады. І ўпершыню за 20 гадоў прырост запасаў нафты ў Беларусі дасягнуў узроўню здабычы. Сёлета нафтавікі плануюць давесці здабычу вуглевадародаў да 1 млн. 690 тыс. тон.
Чорная, чырвоная, жоўтая…
Спецыялісты абавязкова раскажуць, што ў Беларусі нафта не толькi чорная, бывае нават і ярка-чырвонай, і светла-жоўтай, і іншых адценняў. Чатыры гады назад ва ўсходняй частцы Рэчыцкага радовішча адкрылі Ланское сховішча нафты, пра якое не падазравалі геолагі і прамыславікі.
З развіццём тэхналогій пошуку і разведкі вуглевадародаў будуць яшчэ доўга адкрываць новыя радовішчы. Так, па аптымістычнай ацэнцы спецыялістаў, на тэрыторыі краіны нафтаздабыча будзе весціся не меней 30 гадоў, дзеля гэтага актыўна і вядуць пошук і разведаванне нафтавых рэсурсаў. За год тут распрацоўваюць каля 50 свідравін.
Уладзімір МІКАЛАЕЎ
Фота прадастаўлена газетай «Нафтафік»