Наверх

Нашы Лаворы: чаму “французскія” прозвішчы беларусаў аказваюцца… сялянскімі?

11 июня 2018

Нашы продкі могуць быць з розных тэрыторый. Шмат у каго знойдуцца родзічы і сваякі ў краінах Еўрасаюза, ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Пры гэтым колькасць пакаленняў, якія нас аддзяляюць, можа быць не надта вялікай.

– Хваля ўнутранай і знешняй міграцыі асабліва актывізавалася пасля рэвалюцыі. Але і да гэтага людзі з’язджалі на чужыну, каб зарабіць грошай ці застацца на новым месцы назаўсёды, – адзначыў супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі. – У савецкія часы людзі з вёсак перабіраліся ў гарады, ехалі на цаліну ці на будоўлю і заставаліся там. Падчас “жалезнай заслоны” паміж СССР і Захадам сувязі савецкіх грамадзян і іх замежных родзічаў нярэдка перарываліся.

Калі ў аднаго-двух пакаленняў яшчэ захоўвалася памяць пра сваё канкрэтнае геаграфічнае паходжанне, то з цягам часу яна пачынала гаснуць: дакладнасць замянялася на агульнасць, і, напрыклад, Новааляксандраўскі павет Ковенскай губерні – на Вільнюс. Абставіны прыезду пры гэтым міфалагізуюцца або папросту забываюцца. Такія “перасяленчыя міфы” характэрны не толькі для сямейнай памяці нашчадкаў мігрантаў. Карэнныя жыхары Беларусі нярэдка прыпісваюць сабе рамантычнае паходжанне ад прадстаўнікоў іншых народаў. Аднак архівы дапамагаюць расставіць усё па сваіх месцах, у выніку чаго магчымы расчараванні. Род, які лічыўся родам замежнага паходжання, насамрэч аказваецца карэнным беларускім і да таго ж – сялянскім. Напрыклад, рэгіянальныя прозвішчы сялян Лавор, Аліфер, Жульега многія лічаць французскімі, а яны утвораны ад нашых імёнаў (Лаўрэнцій і Аліферый) і мянушак (Шульга, г. зн. “ляўша”).

– Прозвішча – гэта асноўная пошукавая адзінка ў генеалогіі. Веданне дакументальнага патэнцыялу таго рэгіёну, у якім пражывалі яго носьбіты-продкі, і асноўных яго пісьмовых формаў істотна дапамагае даследчыку генеалогіі, – лічыць гісторык-архівіст. – Увогуле, прозвішчы з’яўляюцца даволі позна – у Х–ХІ стагоддзях. Іх гістарычнай радзімай стала Паўночная Італія. Затым яны распаўсюдзіліся па Еўропе. Рост насельніцтва прыводзіў да юрыдычнай патрэбы адрозніваць шматлікіх цёзак паміж сабой, ад таго асабістыя і радавыя мянушкі праз некалькі пакаленняў легалізоўваліся ў сапраўдныя прозвішчы. У Польскае каралеўства прозвішчы прыходзяць недзе ў XV стагоддзі. У той жа час для шляхты ВКЛ пачынаюць фарміравацца радавыя празванні, якія затым працягваюць існаваць як устойлівыя фамільныя ўтварэнні. Сялянскія прозвішчы для тэрыторыі Беларусі фарміруюцца ў XVI – пачатку XVII стагоддзя. З большага яны паходзяць ад імёнаў па бацьку (Алісевіч, Багданчык, Жданюк), апелятыўных мянушак (Ваўчок, Драздовіч, Зайчык) ці паводле роду заняткаў (Лапанік, Кушнер, Седлярэвіч). Аднак для кожнага рэгіёна характэрна свая група канчаткаў. Напрыклад, у цэнтральнай частцы − -овіч, -евіч, у заходняй − -оўскі, -еўскі, на тэрыторыі Віцебшчыны – -онак, ёнак, Бабруйшчыны – -эня, -еня, Брэстчыны − -ук, -юк.

Важна адзначыць, што ўніяцтва і каталіцтва меньш уплывалi на тэрыторыі Усходняй Беларусі, таму там захаваліся іншыя традыцыі справаводства. Праваслаўная царква не фіксавала прозвішчы сялян і мяшчан. У інвентарах памешчыцкіх маёнткаў XVIII стагоддзя таксама прасочваецца няшмат прозвішчаў у параўнанні са значнай колькасцю імён па бацьку і радавых мянушак. Сітуацыя тут змянілася толькі падчас першага перапісу Расійскай імперыі 1897 года, калі паўнавартасныя ўстойлівыя прозвішчы ўрэшце пачалі з’яўляцца.

Ірына ЯНУШКЕВІЧ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 ноября 2024 27 ноября 2024 26 ноября 2024 25 ноября 2024
Все новости