Flow art з нацыянальным каларытам!
Кіраўнік калектыву Дар’я Андронава размаўляе са сваімі выхаванцамі толькі на роднай мове і ўпэўнена: ніякіх праблем у гэтым няма.
“Раскрыццё!” – камандуюць між тым дзесьці ля люстэрак студыйцы. І беларускамоўныя тэрміны гучаць на дзіва арганічна.
Пазнаюць віцебскі гурт не толькі па мове, але і па ўзросце артыстаў. На беларускіх фэстах для такіх малых нават намінацый няма, даводзіцца спаборнічаць з дарослымі. На міжнародным фестывалі святла GoLF у Гомелі студыя «CoolKids» выйшла ў фінал. А паколькі іншых дзяцей там не было, віцебскія хлопчыкі і дзяўчынкі паказвалі шоу на вялікай сцэне разам з дарослымі.
Убачыўшы відэа іх выступлення ў сацыяльных сетках, арганізатары запрасілі калектыў на дзіцячы фестываль у Чэхію. Там такое мастацтва развіваецца актыўна. Але сёлета ад запрашэння давялося адмовіцца. Даша лічыць, што няблага было б перад такой паездкай разжыцца рэквізітам і падрыхтаваць добрыя касцюмы. А праз год «CoolKids» абавязкова паедзе здзіўляць Еўропу.
Сказаць, што ўзроставых абмежаванняў у калектыве няма зусім, таксама нельга: сюды не прымаюць хлопцаў і дзяўчат пасля 14 гадоў:
– У гэтым узросце варта сур’ёзна заняцца фаер-шоу, а гэта трошкі іншая спецыфіка, –тлумачыць Дар’я. – Flow art – гэта фаер, але без агню, маніпуляцыя рэквізітам. Такое мастацтва развівае маторыку, паўшар’і мозга, каардынацыю. Заняткі з трохгадовымі дзеткамі накіраваны хутчэй на развіццё, чым на вынік. А яшчэ гэта эстэтычнае ўзбагачэнне. Мы вучымся выбіраць музыку, адчуваць рытм.
Выхаванцы Дар’і Андронавай імкнуцца да той музыкі, якая гучыць на занятках. Даніна модзе, напэўна, толькі адна песня – “Skibidi”, пад якую выступае самая маленькая артыстка. Астатнія выбіраюць больш складаныя і па рытму, і па мелодыцы кампазіцыі. Напрыклад, Green Day. І атрымліваецца вельмі стылёва.
Яшчэ адзін прынцып, якім кіруецца Даша, – прывучыць дзяцей пры пастаноўцы нумара думаць самастойна.
Дзеці, што займаюцца ў «CoolKids», як кажа Даша, цудоўныя: падабралася каманда з хлопцаў і дзяўчат, якія шмат чытаюць, маюць шырокі кругагляд. І іхнія рэгулярныя заняткі ўжо не ўпісваюцца ў фармат школы або гуртка. Гэта – кола аднадумцаў, дзе да дзяцей ставяцца як да роўных.
Бацькі юных артыстаў не саступаюць малым: яны адкрыты да ўсяго новага. І ўжо выказалі жаданне прыняць удзел у зімовым канцэрце, які ладзяць дзеці.
– Нашы заняткі – гэта не паток, не арыентацыя на абавязковы вынік, – падкрэслівае Даша. – Але за год нязмушана, не фарсіруючы, мы дасягнулі ўзроўню сярэдняга дарослага фаера. І наша адкрытая творчая атмасфера адыграла ў гэтым не апошнюю ролю.
Вікторыя ДАШКЕВIЧ