У Калоннай зале Палаца прафсаюзаў запрацавала новая мастацкая выстава
У мінулую сераду, 2 мая, выставу ўрачыста адкрылі ў Калоннай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Дэманстравацца карціны будуць да 30 чэрвеня. Экспазіцыя працуе з 12 да 18 гадзін.
Арганізавалі выставу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў і Беларускі саюз мастакоў.
Выступленнямі адкрылі мерапрыемства намеснік генеральнага дырэктара Дварца прафсаюзаў Ніна Мікалаеўна Сучугава, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Васільевіч Хобатаў, начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Уладзімір Мацвеевіч Макараў. Сказаў слова і сам мастак.
Сярод жадаючых паглядзець палотны былі мастакі, ветэраны, прадстаўнікі СМІ і кітайскага пасольства ў Беларусі, навучэнцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Для апошніх Георгій Валянцінавіч пазней правёў экскурсію. Упрыгожыў падзею музыкай ансамбль цымбалістаў “Вярба”.
Як расказаў адзін з арганізатараў, Анатоль Мікалаевіч Суша, на карцінах Георгія Лойкі, прадстаўленых увазе наведвальнікаў выставы “Пад мірным небам Радзімы”, адлюстравана жыццё сучаснай арміі Рэспублікі Беларусь. На некаторых можна ўбачыць маладых людзей з пакалення 2000-х, сярод экспанатаў ёсць і нацюрморт.
Увогуле Георгій Валянцінавіч працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу: гістарычным, батальным, бытавым, ёсць у яго творчай скарбонцы пейзажы, нацюрморты і партрэты. Мастак імкнецца да вобразна-экспрэсіўнага выяўлення рэчаіснасці.
Г.В. Лойка – трохразовы лаўрэат прэміі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры і мастацтва і адзін з чатырох чалавек у Беларусі, хто мае ордэн Міжнароднай асацыяцыі інстытутаў навук, культуры і мастацтваў “Крылаты леў”.
Дарэчы, мастак не толькі піша карціны, але і перадае сакрэты майстэрства моладзі. У 1971–1992 гадах Георгій Валянцінавіч выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 2002 года – прафесар кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Мастак нарадзіўся ў 1946 годзе ў Расіі. У 1965г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1971-м – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Удзельнік выстаў выяўленчага мастацтва з 1967 года. Член Беларускага саюза мастакоў з 1978 года. У 1997–2003 г.г. займаў пасаду першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў.
Святлана ЛОКТЫШ
Фота Вікторыі ЯКІМАВАЙ