Наверх

На урокі ў Празарокі

04 октября 2019

Заўтра дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ігната Буйніцкага ў Празароках, што ў Глыбоцкім раёне на Віцебшчыне, адзначыць двайное свята: Дзень настаўніка і сваё 135-годдзе.

Глыбокія карані

Гісторыя адукацыі ў гэтым мястэчку бярэ пачатак у XVII стагоддзі, калі памешчык Шчыт прывёў у Празарокі трох манахаў-францысканцаў. Яны заснавалі кляштар, пры якім працавала і школа. У 1884 годзе за кошт дзяржавы і сялян адкрылася гмінная школа, згадкі пра якую можна знайсці ў геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага. У 1896–1897 навучальным годзе ў ёй набывалі веды 75 вучняў (на 14 чалавек больш, чым сёння).

Пераемнікам гміннай школы ў пачатку мінулага стагоддзя стала народнае вучылішча. Звесткі пра яе ўдалося знайсці дзякуючы мясцоваму краязнаўцу Кастусю Шыталю. Пад кіраўніцтвам колішняй выпускніцы Празароцкай школы педагога-арганізатара Марыны Дударонак вучні падрыхтавалі даследчую працу, і цяпер дакладна вядома: у 1930-я гады ўстанова працавала як пяцігодка, аднак вучні засвойвалі праграму сямі класаў. Школа не зачыняла свае дзверы і ў перыяд нямецкай акупацыі, выкладанне вялося на беларускай і нямецкай мовах. Адступаючы, немцы спалілі будынак.

Сёння ў Празароках створана выключна беларускамоўнае асяроддзе.

Нашы родныя дзеці

У гэтым навучальным годзе за парты адной з найстарэйшых школ Беларусі сеў 61 вучань. Яшчэ 10 наведваюць дашкольную групу. На жаль, навучэнцаў становіцца ўсё менш. У маі 2020-га апошні званок празвініць для 9 хлопчыкаў і дзяўчынак, а першы ў наступным верасні – толькі для траіх.

– Выпускны вечар у школе – агульнавясковае свята, – распавядае Марына Дударонак. – На святочнае мерапрыемства збіраюцца бацькі вучняў, настаўнікі, мясцовыя жыхары, сацыяльныя партнёры, прадстаўнікі ўлады, рэлігійных канфесій. У нас існуе прыгожая традыцыя: выпускнікі напярэдадні свята разам з бацькамі і педагогамі ідуць у царкву, потым – у касцёл і незалежна ад канфесійнай прыналежнасці атрымліваюць блаславенне абодвух святароў. І абавязкова робяць здымак на памяць. Ён зойме пачэснае месца не толькі ў альбоме кожнага вучня, але і ў Холе педагагічнай славы.

У холе, дарэчы, сабраны архіўныя дакументы пра школу, гістарычныя фотаздымкі і матэрыялы пра настаўнікаў-ветэранаў, выпускнікоў, якія праславілі Празарокі. Лагічны працяг экспазіцыі – герб навучальнай установы: на фоне тэатральнай заслоны – выява хлопчыка і дзяўчынкі і палаючае сэрца празора (так сябе называюць мясцовыя жыхары). «Мудрасць, радасць, гарэнне» – напісана на ім. Тут жа размешчаны і гербы класаў. Юныя празоры даюць назвы сваім маленькім калектывам, і іх ведаюць не як трэцякласнікаў ці пяцікласнікаў, а як «непасед» ці «скарынічаў». У цэнтры экспазіцыі – планы, праекты, дасягненні і фотаздымкі вучняў. Прадстаўлены таксама даследчыя работы школьнікаў.

– За мінулы год нашы дзеці атрымалі 75 дыпломаў за ўдзел і перамогі ў прадметных і творчых конкурсах, – гаворыць намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ларыса Вашыла. – 10 дыпломаў прывезлі з прадметных алімпіяд. А выпускніца Каця Маціеўская ў 2016 годзе была залічана ў БДУ без экзаменаў як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.

Апантаныя гісторыяй

Амаль кожны з празораў можа правесці экскурсію па школьным музеі Ігната Буйніцкага, і ўсе, у тым ліку настаўнікі, умеюць танцаваць танцы яго трупы.

У тым, што краязнаўствам зацікаўлены і дзеці, і дарослыя, вялікая заслуга дырэктара Вольгі Гінько – чалавека, апантанага сваёй справай і любоўю да родных мясцін. Педагагічны калектыў – гэта высокакваліфікаваныя прафесіяналы: 2 выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь, 19 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, сямёра з 22 педагогаў – былыя выпускнікі школы.

– У нашым калектыве пяцёра мужчын, – заўважае Ларыса Вашыла. – Ёсць і маладыя спецыялісты. Мы ствараем усе ўмовы для іх прафесійнага росту, жыцця і працы.

У Празароцкай школе адчуваецца асаблівая энергетыка. Яна і ад мінуўшчыны, і ад людзей, якія робяць усё магчымае, каб жылі традыцыі навучальнай установы, а яе выпускнікі станавіліся сапраўднымі грамадзянамі сваёй дзяржавы.

– Нягледзячы на тое, што дзетак становіцца меней, наша школа не закрыецца, – упэўнены настаўнікі. – Нездарма ж яна перажыла столькі няпростых выпрабаванняў і здолела застацца культурным асяродкам. 

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости