Наверх

І прадмет стане любімым. Як настаўніца мовы і літаратуры выхоўвае сапраўдных беларусаў

26 апреля 2020

Вучні сярэдняй школы № 46 горада Віцебска не толькі з вялікім задавальненнем вывучаюць беларускую мову, але і пішуць навуковыя працы па гэтым прадмеце, займаючы прызавыя месцы на рэспубліканскіх канферэнцыях. Як дасягнуць такіх вынікаў ва ўмовах звычайнай гарадской установы адукацыі?

Пасля гутаркі з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вольгай Кісель стала зразумела: нічога немагчымага няма, калі з дзецьмі працуе сапраўдны прафесіянал, які ведае і любіць свой прадмет.

Шукаць, вывучаць, даследаваць

Напісанне навуковых прац і ўдзел у канферэнцыях не ўваходзіць у абавязкі школьнага настаўніка. Але паспрабаваўшы аднойчы, спыніцца ўжо немагчыма. Тым больш юныя даследчыкі самі падштурхоўваюць педагога да новых здзяйсненняў: “А што мы далей будзем вывучаць? А перад кім выступаць?”

Вольга Кісель да гэтых пытанняў ужо прывыкла. Самае галоўнае, прызнаецца яна, – знайсці цікавую і незбітую тэму для даследавання. Часта ў яе практыцы здараецца, што прапанаваны матэрыял застаецца незаўважаным на ўзроўні раёна, затое “выстрэльвае” на рэспубліцы. І прычына менавіта ў тэматыцы. Вучням Вольгі ўжо нецікавыя вузкапрофільныя лінгвістычныя працы – яны імкнуцца да сінтэзу школьных прадметаў. Трэба заўважыць, іх старанні ацэньваюць па заслугах.

Напрыклад, у 2018 годзе на вочным этапе рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Я ў свеце творчасці”, які праходзіць на базе каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, лепшай была прызнана праца, прысвечаная творчасці народнай мастачкі са Случчыны Алены Кіш. Тэму падказаў выпадак.

– У падручніку па беларускай мове ёсць практыкаванне – тэкст пра Алену Кіш, – прыгадвае Вольга Кісель. – І мне захацелася расказаць дзецям крыху больш пра гэту незвычайную жанчыну. Яны слухалі вельмі зацікаўлена. Тады я прапанавала падрыхтаваць пераказ тэксту, і адзін хлопчык раптам заўважыў: як шкада, што такая таленавітая мастачка ўтапілася. У той момант я адчула, што яе лёс неабыякавы вучням, а значыць, яны гатовы да новых ведаў.

Пра Алену Кіш не шмат інфармацыі, таму настаўніца і вучні вырашылі ізноў працаваць на стыку школьных прадметаў – беларускай мовы і літаратуры і выяўленчага мастацтва. Тым больш узаемаразумення з выкладчыцай працоўнага навучання Людмілай Дубовік даследчыкі дасягнулі яшчэ падчас працы над мінулым праектам. Яго вынікам стала распрацоўка вобраза і выраб тэатральнай лялькі да казкі Уладзіміра Караткевіча “Лебядзіны скіт”.

Аналізуючы творчасць Алены Кіш, вучні заўважылі, што яе творам уласціва парнасць вобразаў: два лебедзя, два льва, дзве птушкі. Вывад напрошваўся наступны: так мастачка гаварыла свету пра сваю асабістую адзіноту. Пасля настаўніца прапанавала дзецям пазнаёміцца са знаходкамі мастака Уладзіміра Басалыгі, які вывучаў жыццёвы шлях таленавітай суайчынніцы.

– Яго меркаванне адносна спадчыны Алены Кіш адрознівалася ад нашага, – прыгадвае Вольга Кісель. – І я лічу, што ў гэтым вялікая каштоўнасць дзіцячых работ: 14-гадовыя падлеткі робяць вывады, якія ніколі не зможа зрабіць дарослы мужчына. Проста таму, што ў яго іншы жыццёвы досвед.

Матэрыяльнай часткай даследчай працы стала маляванка, якую дзеці стварылі па матывах унікальных дываноў Алены Кіш. “Наўрад ці нехта рабіў для яе ў жыцці штосьці прыемнае. Чаму б нам гэта не выправіць?” – напісалі вучні ў суправаджальнай запісцы. Знайшлося месца ў кампазіцыі і самой мастачцы, увасобленай у босай ляльцы з ільну, што трымае на плячы торбу з пэндзлямі.

– Праца далася нам няпроста. Нібыта наша гераіня не хацела падпускаць да сябе, – расказвае настаўніца. – Гэта падаецца містыкай, але ў нас расцякаліся фарбы, не атрымліваліся контуры, з ноутбука загадкавым чынам знікаў тэкст. Але высокая ацэнка нашых старанняў стала доказам, што мы ўсё рабілі правільна.

Пад кіраўніцтвам Вольгі Кісель і Людмілы Дубовік школьнікі правялі яшчэ адно даследаванне ў намінацыі “дызайн”. Настаўніцы прапанавалі сабраць асацыяцыі, якія вызываюць роздумы пра Беларусь. На аснове дзіцячых разважанняў і малюнкаў з’явілася калекцыя экалагічных ільняных сумак. Праект заняў 2 месца на Рэспубліканскай  навукова-практычнай канферэнцыі вучняў.

Мова паэтаў, пісьменнікаў, настаўнікаў

Вядома, навуковымі даследаваннямі займаюцца не ўсе вучні, але настаўніца імкнецца зацікавіць сваім прадметам кожнага. І робіць яна гэта найперш тым, што паказвае: беларуская мова – гэта сучасна і модна.

– Няма сэнсу выкарыстоўваць колішняе клішэ – матчына мова. Хіба маці сучасных дзяцей размаўляюць па-беларуску? Але цяпер гэта мова паэтаў, пісьменнікаў, настаўнікаў. Ці не гонар далучыцца да такой кагорты? – разважае Вольга Кісель.

А яшчэ яна дэманструе дзецям сучасную цікавую, захапляльную беларускую літаратуру. Вучні школы № 46 праз сацыяльныя сеткі пасябравалі з паэтам Віктарам Шніпам – віншавалі яго з юбілеем, пісалі паведамленні і атрымлівалі адказы. Уважліва прачыталі творы Людмілы Рублеўскай дзеля вывучэння тапаніміцы яе твораў – да гэтага праекта далучылася таксама настаўніца геаграфіі Жана Саніковіч.

Каб зрабіць навучальны працэс яшчэ больш сучасным, адну з навуковых прац Вольга Кісель выканала сама.

– У час хросту маёй пляменніцы святар распавёў пра святога навамучаніка Канстанціна Жданава – служыцеля царквы з Шаркаўшчыны, які загінуў у часы калектывізацыі, – прыгадвае суразмоўца. – Аповяд стаў штуршком для пошуку матэрыялу пра яго.

Разам з калегай Аленай Касцюковіч Вольга аднавіла гісторыю святара па ўспамінах ягоных землякоў. Знайшлася і жанчына, бабуля якой хавала яшчэ аднаго служыцеля царквы, якога разам з айцом Канстанцінам вялі на растрэл. Той мужчына ўцёк, потым прыхаджане пераправілі яго за мяжу. Жданаў жа рабіць гэтага не стаў, бо не лічыў сябе вінаватым.

З працай, прысвечанай Канстанціну Жданаву, настаўніцы ўдзельнічалі ў Ефрасіньеўскіх чытаннях у Полацку, потым прадстаўлялі сваё даследаванне ў Жыровічах. Але самае галоўнае, лічыць Вольга Кісель, матэрыял можна выгадна выкарыстоўваць на занятках:

– У школьнай праграме ёсць урокі, прысвечаныя літаратурнаму жанру жыція. Узор – жыццяпіс Ефрасінні Полацкай. Але яго дзеці чытаюць як далёкую казку. А калі да абавязковага тэксту дадаць жыціе Канстанціна Жданава, матэрыял становіцца блізкім, сучасным, зразумелым. Мы можам пабачыць дом, дзе жыў святар, ягоныя здымкі, маем звесткі пра сям’ю. Дробязі? На першы погляд, так. Але дзякуючы ім “нудны” адукацыйны працэс становіцца займальным, “нецікавыя” прадметы ператвараюцца ў самыя любімыя.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота з архіва гераіні публікацыі

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости