Наверх

Пакуль не пераможам. Як віцебскія рэстаратары дапамагаюць медыцынскім установам

29 апреля 2020

Захаваць калектыў і дапамагчы медыкам, якія зараз працуюць вельмі напружана, – гэтыя мэты ставіць перад сабой уладальнік арт-паба “Торвальд” Віталь Броўка. У такіх умовах самая папулярная гарадская маладзёжная ўстанова працуе ўжо месяц.

– Да валанцёрства мы далучыліся, як толькі ў Віцебску з’явіліся першыя хворыя на каранавірус, – расказвае Віталь. – Тады мы разам з калектывам культурнай прасторы “Vitebsk4me” пачалі збіраць грошы на першасныя сродкі абароны для медыцынскіх устаноў. Ініцыятыва належыць платформе MolaMola, а мы падтрымалі яе ў нашым регіёне.

Крыху пазней, калі на фоне пандэміі віцябляне пачалі самаарганізоўвацца, з’явілася супольнасць “Мы разам”. У яе ўвайшлі прадстаўнікі і буйнага, і дробнага бізнесу. Каардынатарам супольнасці стаў дырэктар Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Уладзімір Лук’янаў. Галоўнай мэтай неабыякавых людзей стала забеспячэнне ўстаноў аховы здароўя горада і вобласці ўсім неабходным. Бізнесоўцы заняліся пошукам грошай на патрэбы медыкаў, сродкаў індывідуальнай аховы, аналагаў апаратаў штучнай вентыляцыі – кіслародных канцэнтратараў.

Арт-паб “Торвальд” і рэстаран “Витебский трактир” сталі першымі прадстаўнікамі рэстараннага бізнесу, якія далучыліся да ініцыятывы “Мы разам”. Пачыналі працаваць, выкарыстоўваючы ўласныя сродкі, пасля звярнуліся па спонсарскую дапамогу.

– “Трактир” стаў гатаваць і вазіць гарачыя абеды ў чыгуначную бальніцу – яна першая прыняла хворых на каранавірус і пацыентаў з падазрэннямі, – прыгадвае Віталь Броўка. – А праз пару дзён з’явілася патрэба карміць і персанал інфекцыйнай бальніцы. І да гэтага далучыліся ўжо мы. Потым павезлі абеды ў дыягнастычны цэнтр, лабараторыю “Сівітал”, дзе вырабляюць тэсты, інфекцыйнае аддзяленне на 100 коек, створанае на базе паліклінікі тэлезавода “Віцязь”.

Віталь Броўка.

Віталь на хвіліну задумваецца і называе прыкладную лічбу – за дзень толькі яго ўстанова развозіць у сярэднем 70 порцый гарачых абедаў. Відавочна, гэтага мала. Але да дабрачыннай справы далучаюцца ўсё новыя і новыя рэстаратары. Ужо аб’явіў аб пачатку аналагічнай кампаніі рэстаран “Эрыдан”, абвешчаны збор сродкаў і для ААТ “Вітміл” – яго прадпрыемствы грамадскага харчавання таксама гатовы далучыцца да добрай ініцыятывы.

Віталь Броўка прызнаецца: раней сродкі на MolaMola паступалі больш актыўна – на сёння назіраецца “адкат”. Прадпрымальнік лёгка тлумачыць прычыну такога працэсу: і прыватныя асобы, і бізнес, які выдаткоўваў грошы на высокародную справу, разлічвалі, что пандэмія скончыцца хутка. Але яна зацягнулася, і цяпер кожны павінен думаць, як выжыць самому, дапамагчы калектыву.

Затое павялічылася колькасць прадуктаў, якія гатовы ахвяраваць простыя беларусы. Часта гэта робяць знаёмыя або сваякі прадпрымальнікаў. Не так даўно “Торвальд” атрымаў пасылку з Машканоў Сенненскага раёна – перадалі бульбу, свежую зеляніну, агуркі.

Развозіць абеды па медыцынскіх установах Віталь Броўка на ўласнай машыне, але не адмаўляецца ад дапамогі. Бо, напрыклад, каб праехаць ад чыгуначнай да абласной бальніцы, даводзіцца рабіць даволі вялікае кола па горадзе, а абед хочацца даставіць свежым і цёплым. Аўтааматары, ахвотныя дапамагчы, таксама знайшліся ў Віцебску.

– Мы імкнемся гатаваць добрую якасную ежу, – адзначае гаспадар арт-паба. – Каб яна не толькі насычала, але і прыносіла радасць, пазітыў. Каб медыкі не адчувалі сябе кінутымі, забытымі. Таму стараемся дадаваць садавіну, рабіць дэсерты.

Нягледзячы на ўсе супрацьэпідэміялагічныя правілы, за якімі ў “Торвальдзе” пільна сочаць, звычайных наведвальнікаў зараз няшмат. Раней арт-паб працаваў усю ноч і быў не толькі кропкай харчавання: тут праходзілі канцэрты, кінапаказы, інтэлектуальныя гульні, дабрачынныя кірмашы. Цяпер надзея толькі на адкрытую тэрасу, якая ўжо хутка з’явіцца каля ўстановы. Валанцёрства не прыносіць бізнесу прыбытку. І тым не менш рэстаратары плануюць працягваць гэтую дзейнасць так доўга, наколькі ў ёй будзе патрэба.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота аўтара і pixabay.com

 

 

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
19 апреля 2024 18 апреля 2024 17 апреля 2024
Все новости