Наверх

Павел Латушка: «Мы ўсе купалаўцы»

12 октября 2019

Пра феномен «Паўлінкі» і будучыню беларускай культуры наш карэспандэнт пагутарыла з генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўлам ЛАТУШКАМ.

– У верасні Купалаўскі тэатр выступіў са спектаклем «Пінская шляхта» на міжнародным фестывалі ў Беластоку. Гэта былі першыя гастролі ў юбілейным 100-м сезоне. Цікавасць да Купалаўскага ў нашай краіне традыцыйна высокая. А як вы ацэньваеце месца Беларусі ў сусветным тэатральным рэйтынгу?

– У Польшчы нас сустрэў «перааншлаг»: квіткі на спектакль разышліся за адзін дзень. Артыстаў доўгі час не адпускалі са сцэны – апладысменты гучалі больш за 10 хвілін. Акрамя таго, пасля спектакля атрымалася добрая гутарка з гледачамі і прадстаўнікамі СМІ. Таксама мы правялі творчую сустрэчу з моладзю, якая вывучае беларускую мову, у лицэі ў польскім горадзе Бельск-Падляскі.

Калі мы аналізуем узровень беларускай культуры, то ён заслугоўвае станоўчай ацэнкі. Гэта мой уласны досвед, бо пад час дыпламатычнай працы і дзейнасці ў Міністэрстве культуры Беларусі мне даводзілася арганізоўваць культурныя мерапрыемствы ў розных краінах свету. Практычна ва ўсіх паездках беларусы  атрымлівалі даволі станоўчыя водгукі гледачоў. Я лічу, то культура – гэта імідж краіны, і Беларусі ёсць чым ганарыцца і што паказаць па-за межамі краіны. Так, арганізуючы падчас працы паслом Беларусі ў Францыі гастролі Купалаўскага тэатра ў нефармальнай культурнай сталіцы свету Парыжы (спектакль “Пан Тадэвуш” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна), у мяне была пэўная занепакоенасць. Але той факт, што гледачы стоячы віталі нашых артыстаў, найбольш яскрава сведчыць аб тым, як французская дасведчаная публіка ўспрыняла наша тэатральнае мастацтва.

І мова не становіцца перашкодай, а, наадварот, спрыяе ўспрыманню самабытнасці. Сучасныя тэхналогіі (транслітэрацыя, пераклад, бягучы радок) даюць магчымасць зразумець, што адбываецца на сцэне. Мы адкрыты і для новага досведу. Зараз, напрыклад, працуем над пластычным спектаклем «Мой Шагал» з выкарыстаннем мовы пластыкі, харэаграфіі і жэстаў (у пастаноўцы расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага).

Палітра нашых гастроляў па краіне і замежжы будзе багатай на працягу ўсяго сотага тэатральнага сезона. Восенню спектаклі адбудуцца ў Маладзечне, Бабруйску, Лідзе, Гродне, Гомелі. У снежні накіруемся ў Парыж са спектаклем «Ураджай», плапрацоўваем выступленні ў Кіеве, Вене, Вільнюсе, Варшаве, Маскве, Жэневе, Токіо.

– На святкаванні юбілею Купалаўскі тэатр выйшаў у інтэрактыў: гледачам прапанавалі наведаць закуліссе і тэатральны пікнік пад адкрытым небам. Гэта, напэўна, спрыяе развіццю нацыянальнай культуры?

– Мы хацелі выйсці па-за сцен тэатра і паказаць, што ўяўляе сабой сучасны тэатр. Гэта быў новы досвед для ўсяго калектыву, і, здаецца, ён быў паспяховы. У Аляксандраўскім скверы, як і 100 гадоў таму, мы зладзілі свята, усталявалі сцэну. Культурная праграма была разлічана на людзей рознага ўзросту. Упершыню паказалі трансляцыю спектакля «Радзіва Прудок» (яе пабачылі больш за 20 тысяч чалавек), а таксама фрагменты музычных спектакляў. Адбылася нават діскатэка, якую ладзіла музычная група артыстаў Купалаўскага тэатра. І мы задаволены, што колькасць жадаючых наведаць у гэты дзень з экскурсіяй Купалаўскі перавысіла магчымасці тэатра.

– Спектакль «Паўлінка» – феномен у тэатральным жыцці свету.

– Ён, напэўна, заслугоўвае таго, каб патрапіць ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і, магчыма, ЮНЕСКА. На працягу 75 гадоў «Паўлінка» не пакідае сцэну (упершыню яе паставілі ў 1944 годзе ў Томску падчас эвакуацыі трупы Купалаўскага тэатра). Дагэтуль спектакль адкрывае кожны тэатральны сезон і збірае глядачоў 2–3 разы ў месяц. Гэта фактычна школа «купалаўца», праз якую праходзяць усе нашы маладыя акцёры. Цікавы факт: у пастаноўцы быў задзейнічаны выключны акцёр — народны артыст Беларусі Арнольд Памазан, які больш за 1000 разоў адыграў пана Быкоўскага.

Невыпадкова ўсіх, хто працуе ў тэатры, мы называем купалаўцамі. Але мне падаецца, што варта пашырыць гэтую назву і на нашых гледачоў. Усе мы разам – купалаўцы. Нас аб’ядноўвае агульная павага да беларускай культуры, тэатральнага мастацтва, спадчыны і роднай мовы.

– Якая пастаноўка ваша любімая?

– Калісьці пажартаваў, што такі спектакль яшчэ не пастаўлены, бо творчы працэс не мае межаў і рубяжоў. Але, безумоўна, у мяне ёсць любімыя, і спадзяюся, што іх будзе яшчэ шмат. Атрымліваю асаблівую асалоду ад «Рэвізора», «Пінскай шляхты», «Местачковага кабарэ», «Шляхціца Завальні», «Вечара». Гэта драматургія высокай якасці, моцная праца рэжысераў, цудоўнае акцерскае майстэрства, выкарыстанне тэхналогій. (Дзякуючы рэканструкцыі тэатра ў 2013 годзе мы атрымалі адну з самых лепшых сцэн сярод сучасных беларускіх тэатраў драматургіі нашай краіны). У Купалаўскім выключная атмасфера, якая пераносіць у свет адчуванняў, поглядаў, пахаў, абагачае новымі ведамі, прымушае перажываць і рабіць высновы. Уявіце сабе: гэтаму будынку 130 гадоў, і ён адзін з найстарэйшых тэатраў у краіне! Гэта намоленае месца, яно дае магчымасць знаёміцца з тэатральным мастацтвам высокага узроўню і атрымліваць ад гэтага асалоду.

– У чым місія Купалаўскага ў нашы дні?

– Асноўная яго стратэгія была акрэслена яшчэ 100 гадоў назад, калі прымалася рашэнне аб стварэнні беларускага драматычнага тэатра нумар адзін. Гэта падтрыманне і папулярызацыя нацыянальнай драматургіі праз беларускую мову, тэатральнае слова і мастацтва, з выкарыстаннем класічнай і сучаснай драматургіі. Гэта адукацыя праз культуру, якая фарміруе вельмі важную базу для існавання беларускай дзяржаўнасці і нацыі. Метады рэалізацыі пералічаных мэт могуць быць рознымі: трэба рабіць гэта яскрава, маштабна, глыбока, каб трапляла ў душу кожнага суграмадзяніна.

– У адным са сваіх выступленняў вы казалі, што галоўнымі на працягу ўсяго юбілейнага тэатральнага сезона будуць тры словы: «гісторыя», «сучаснасць» і «будучыня». Якой вы бачыце будучыню тэатра?

– Мы плануем стварыць тэатральную школу для дзяцей і моладзі, бо адукацыя праз культуру – найбольш эфектыўная форма. Гэта дапаможа не толькі прывіць моладзі разуменне беларускіх традыцый, але і створыць падмурак для самарэалізацыі ў сферы мастацтва. Магчыма, дзякуючы тэатральнай школе з’явяцца новыя акцёры, рэжысёры, драматургі. Школа будзе працаваць на базе Малой сцэны па вуліцы Энгельса, 12. Яе адкрыццё, спадзяемся, адбудзецца ў верасні наступнага года. Увогуле Малая сцэна стане шматфункцыянальнай пляцоўкай, дзе будуць ставіцца новыя тэатральныя пастаноўкі, праходзіць паказы кінастужак, музычныя вечары, адкрыецца галерэя мастацтва.

Акрамя таго, рыхтуецца першы выпуск нашага культурна-асветніцкага часопіса для беларускіх і замежных аматараў тэатра. Пілотны нумар будзе прысвечаны гісторыі Купалаўскага тэатра, юбілейнаму сезону, міжнароднаму супрацоўніцтву, а таксама сучаснаму стану тэатральнага мастацтва. Акрамя таго ж мы плануем стварыць мабільны дадатак, які будзе утрымліваць максімальныя звесткі пра тэатар; магчыма, відэа і аудэа спектаклі; гістарычныя і сучасныя матэрыялы, а таксама магчымасць набыцця квіткоў.

Праектаў і ідэй, насамрэч, шмат. Але галоўнае – тэатральны працэс. Пачалі працу над новымі тэатральнымі пастаноўкамі: напрыканцы гэтага года адбудзецца прэм’ера «Караля Ліра», спектакль «Першы» пакажам у студзені, а вясной гледачы ўбачаць спектакль «Мой Шагал». Прадоўжым «Тэатральны пікнік», імпрэзу «Музычныя вечары ў Купалаўскім», праект «Купалаўскі адкрывае сэрцы». Паставім самую масавую ў гісторыі тэатра «Паўлінку», правядзём дабрачынны венскі баль. А ў наступным годзе каля ратушы – свята, прысвечанае Купалаўскаму і яго сотаму юбілею. Сардэчна запрашаем у Купалаўскі!

На мінулым тыдні быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд наведвання Купалаўскага тэатра. На працягу аднаго вечара два спектакля, якія ішлі ў адзін час на Асноўнай сцэне і сцэне Дома афіцэраў, наведала 943 гледача.

Вераніка САЛАВЕЙ

Фота Аляксандра ПОБАТА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости