Наверх

Навошта музею займацца пошукавай работай і якая культурная падзея чакае Валожыншчыну?

18 мая 2018

— Уладзімір Іванавіч, наколькі нам вядома, установа, якой вы кіруеце, не толькі знаёміць сваіх наведвальнікаў з карцінамі славутых мастакоў, але і праводзіць пошукавую работу. Раскажыце пра гэта больш падрабязна, калі ласка.

 — Сапраўды, у музея ёсць і такі напрамак дзейнасці. 20 гадоў таму мы пачалі рэалізоўваць адмысловую праграму пад назвай “Вяртанне”: адшукваем і збіраем работы беларускіх творцаў. Калісьці карціны раздаваліся па розных установах культуры. Гадоў 8 таму, напрыклад, у адным з сельскіх клубаў у Лагойскім раёне мне пашчасціла знайсці работы мастака Цвіркі і партрэт Віктара Тарасава і Валянціны Гаявой. А калі абанкруціўся Мінскі фарфоравы завод, то мы набылі больш за 1,5 тыс. экзэмпляраў унікальных фарфоравых вырабаў. Цяпер маем намер прывезці калекцыю з Барысаўскага крыштальнага завода (прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі санацыі). Дзеля чаго? Каб не зніклі непаўторныя работы беларускіх майстроў – яны ж зрэз нашай эпохі. Вяртаем і знакамітыя імёны. Напрыклад, вядзём перамовы з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі і адначасова шукаем спонсараў, каб набыць жывапісную работу канца 1960 гадоў Надзі Лежэ (у нашым музеі захоўваецца графіка мастачкі).

— А якія яшчэ праекты плануеце ажыццявіць?

 — У 2020 годзе будзе адзначацца 150-гадовы юбілей Фердынанда Рушчыца, нашага славутага земляка з Багданава Валожынскага раёна. У экспазіцыі музея ёсць толькі адзін яго твор. І сёння мы працуем над тым, каб набыць яшчэ адну работу гэтага мастака. Да юбілею таксама збіраемся правесці свята пад эгідай ЮНЕСКА: арганізаваць вялікую выставу сумесна з двума польскімі музеямі — Кракаўскім і Варшаўскім, Львоўскай карціннай галерэяй і Літоўскім мастацкім музеем. Для гэтага створаны спецыяльны фонд імя Рушчыца. Узначальвае яго ўнук мастака, які жыве ў Варшаве. Плануем таксама з цягам часу зрабіць рэканструкцыю фамільных могілак Рушчыцаў і аднавіць сядзібу (яна згарэла падчас Вялікай Айчыннай вайны), каб стварыць на Валожыншчыне культурна-адукацыйны цэнтр імя Фердынанда Рушчыца.

 — Вы не толькі дырэктар, але і творчы чалавек; аўтар і кіраўнік праекта “Нашы славутыя мастакі з Беларусі”, самі ствараеце карціны…

 — Так, у аснове маіх работ – абагульняючы вобраз роднай вёскі Жгунская Буда, хаты, дзе я нарадзіўся і дзе зараз жыве мая маці. Усю прыгажосць роднай зямлі — сосны, рачулку, сад, які я садзіў разам са сваім бацькам, лазню — я трансфармую ў мастацкіх творах. У карцінах адлюстравана маё светаўспрыманне: мікракосм – бацькоўскі дом (куточак малой радзімы), і макракосм – Беларусь, што вельмі арганічна звязана одно з другім. Сёлета да друку будзе падрыхтаваны мастацкі альбом “Мая Беларусь”, дзе сабраны творы, якія перадаюць каларыт беларускай прыроды. Дарэчы, адкрыццё выстаўкі з аналагічнай назвай адбудзецца 8 жніўня ў 8 гадзін раніцы і 8 хвілін і будзе радаваць аматараў жывапісу на працягу 8 дзён. Потым выстава адправіцца на маю малую радзіму ў Добруш (мастак з’яўляецца ганаровым грамадзянінам гэтага горада. — Заўв. аўт.).

Даведка:

Уладзімір Пракапцоў працуе на пасадзе дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі 20 гадоў. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, вучыўся ў аспірантуры Акадэміі навук Беларусі. У той час там працавалі знакамітыя вучоныя Леанід Дробаў, Віктар Шматаў, Уладзімір Няфёд, Вольга Нячай.

Таццяна СЦЕШЫЦА

Фота БЕЛТА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости