Наверх

Старадаўнія муры і залатыя скарбы: якія яшчэ сакрэты раскрые горад над Нёманам?

27 июля 2018

Рарытэт пад нагамі

– Я б назваў знаходку дзівоснай, – распавядае гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч. – Мяркую, што гэта скляпенні альбо Уваскрасенскай царквы, альбо невядомага помніка архітектуры. Каб дакладна даведацца, што гэта, патрэбны сур’ёзныя даследаванні.

Работы па пракладцы цеплатрасы з самага пачатку вядуцца пад наглядам археолагаў.

– Каб высветліць стратыграфію пласта, прабілі некальскі шурфаў, і ў адным з іх навукоўцам істотна пашанцавала, – заўважае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Спірын. – Пад зямлёй, у яме глыбінёй каля 1,5 метра, мы ўбачылі мур, дакладней, тры ўзроўні мура. Гэта пабудова з плінфы XII стагоддзя (шырокая плоская абпаленая цэгла. – Заўв. аўт.) – з такога матэрыялу ў старажытныя часы ўзводзілі культавыя будынкі. Знайшлі таксама маёліку, каласнікі – падобныя да іх выкарыстаны і ў Каложскай царкве, пабудаванай у згаданы час.

Навукоўцы адабралі неабходныя ўзоры плінфы, будаўнічага раствору і ўсяго, што неабходна для вывучэння. Затым старажытны мур закансервуюць і зноў схаваюць пад зямлю – цеплатрасу пракласці ўсё ж такі трэба.

– Сёння мы не можам якасна даследаваць аб’ъект, – гаворыць Іван Спірын. – Для гэтага патрэбны вялікія грошы і немалая каманда навукоўцоў, экспертаў, рабочых. Аднак спачатку мы павінны вырашыць, што будзем рабіць са знаходкай. Можна аднавіць, а можна пакінуць як ёсць, змясціць пад празрысты купал і адкрыць для агляду.

У сярэдзіне ліпеня на тэрыторыі Новага Замка знайшлі рэшткі яшчэ адной пабудовы, толькі ўжо XVI–XVII стагоддзяў. Па словах Івана Спірына, гэта падмуркі будынка, які яднаў так званыя Маршалкоўскія кухні з каралеўскай рэзідэнцыяй. Справа ў тым, што ў рэзідэнцыі не было дзе гатаваць ежу, таму кухні знаходзіліся за агароджай. Стравы дастаўлялі ў галоўны будынак па крытай анфіладзе.

Крыху гісторыі

Новы замак у Гродне быў пабудаваны насупраць старога палаца (Старога замка) у 1734-1751 гадах, у часы праўлення польскага караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста III, як летняя рэзідэнцыя. Паводле гравюры Цюнта 1581 года, на яго тэрыторыі знаходзіліся Васкрасенская царква, Каралеўскі дом, мост і два доўгія будынкі (мураваны і драўляны).

Самай значнай гістарычнай падзеяй, што адбылася ў палацы, стаў апошні сейм Рэчы Паспалітай 1793 года, на якім быў зацверджаны другі падзел гэтай дзяржавы паміж Расійскай імперыяй і Прускім каралеўствам. У Сенатарскай зале ў ноч з 23 на 24 верасня 1793 года прайшло так званае «нямое пасяджэнне» сейма, калі паслы моўчкі прынялі падзел Рэчы Паспалітай.

Скрыначка дантыста

У Гродне апошнім часам знаходзяць не толькі невядомыя помнікі гісторыі і архітэктуры. Так, у 2016 годзе непадалёк ад цэнтра горада падчас рэканструкцыі аднаго з будынкаў былі знойдзены пярсцёнкі і 13 залатых манет з выявай імператара Мікалая ІІ.

А ў красавіку 2018-га падчас рамонту старога будынка на тэрыторыі габрэйскага гета рабочыя заўважылі пад бэлькай скрыначку. Там было схавана каля 500 грамаў залатых рэчаў. Раней у гэтым доме жыла сям’я зубнога ўрача, якая загінула ў лагеры смерці. Скарб перададзены ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Алёна СІНЕВІЧ

Фота аўтара і Віталія ГІЛЯ

 

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости