Наверх

Энна Шубянок адной з першых жанчын у Савецкім Саюзе атрымала медаль “За адвагу”

02 июля 2018

Нарадзілася Энна ў 1916 годзе ў амерыканскім горадзе Філадэльфія. Яе бацька, Піліп Шубянок, прыехаў туды яшчэ да Першай сусветнай вайны ў пошуках лепшай долі, аднак чаканага багацця не нажыў. Піліп бачыў многа несправядлівасці. Шчаслівым для яго стала хіба што стварэнне сям’і – на чужбіне сустрэў добрую дзяўчыну.

Вярнуцца на радзіму Шубянкі вырашылі, як толькі пачулі пра Кастрычніцкую рэвалюцыю. Піліп тады ўжо ўваходзіў у шэрагі Камуністычнай партыі ЗША і дома адразу стаў членам РКП(б), арганізаваў першую ў Брагінскім раёне камуну і ўзначаліў калгас “Новы свет” у вёсцы Міхнавічы.

Энна ў 1932 годзе ўступіла ў камсамол. Скончыўшы Брагінскую сярэднюю школу, уражаная прыкладам Пашы Ангелінай, паступіла на курсы трактарыстаў мясцовай МТС і неўзабаве стала першай трактарысткай у сваім калгасе. Актыўную дзяўчыну заўважыла кіраўніцтва раёна, і Энна атрымала накіраванне на працу справаводам у Брагінскае аддзяленне міліцыі. Потым працавала загадчыкам сектара ў Палескім абкаме камсамола; была дэлегатам XIV з’езда камсамола Беларусі, кандыдатам у члены ЦК ЛКСМБ. Летам 1940 года вакол Энны ўжо гуртавалася ўся моладзь Тураўшчыны.

Але грымнула вайна. Энну Шубянок прызначылі сакратаром Тураўскага падпольнага райкама камсамола. Калі фронт наблізіўся да Турава, яна ў ліку апошніх пакінула райцэнтр і далучылася да партызанскага атрада, якім кіраваў начальнік райаддзела міліцыі Мікалай Голікаў. Па заданні камандавання Шубянок падпаліла ў захопленым ворагам Тураве нафтасховішча – 2 тысячы тон гаручага. Хадзіла ў разведку, узначальвала шпіталь у партызанскі атрадзе.

3 жніўня пад націскам Чырвонай Арміі і партызан фашысты вымушаны былі адступіць, і ў Тураве аднавілі савецкую ўладу. Навокал жа баі не спыняліся. Тураў пратрымаўся толькі 20 дзён, падчас якіх у раёне дзякуючы Шубянок былі створаны падпольныя камсамольскія арганізацыі і маладзёжныя патрыятычныя групы. А 6 жніўня ў газеце “Праўда” быў надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні партызан дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі. За вялікую мужнасць і арганізатарскія здольнасці ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі медалём «За адвагу» адзначылі і Энну Шубянок у ліку першых жанчын-партызан, аднак атрымаць узнагароду яна не паспела…

У канцы верасня 1941-га Тураўскі партызанскі атрад быў вымушаны прабівацца праз лінію фронту і каля вёскі Пільшчак Ельскага раёна натрапіў на карнікаў. Вырвацца з акружэння ўдалося нямногім. Шубянок цудам засталася жывой і дабралася да Брагіна, дзе звязалася з падполлем. У лістападзе таго ж года Энну, калі яна выконвала заданне ў Рэчыцы, апазнаў паліцай і выдаў фашыстам. Ворагі закатавалі камсамолку, але не пачулі ад яе ніводнага слова.

Медалём “За адвагу” былі ўзнагароджаны каля 10 тыс. партызан і падпольшчыкаў Беларусі, 500 з іх – жанчыны.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости