Наверх

Музеі і галерэя Ады Райчонак: “Я працягваю працу сына”

24 июля 2018

Аграгарадок Германавічы Шаркаўшчынскага раёна вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Менавіта тут, у гэтых мясцінах, праходзіў шлях “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча, з дня нараджэння якога сёлета споўніцца 130 гадоў. Мастак, гісторык, этнограф, графік, разьбяр па дрэве, пісьменнік, фалькларыст і астраном. Вядомы беларускі мастак Пётр Сергіевіч назваў яго “беларускім Леанарда да Вінчы”.

Нарадзіўся Язэп Драздовіч непадалёк, у засценку Пунькі Глыбоцкага раёна, якога даўно няма на карце Віцебшчыны. У Германавічах у 20-30-я гады мінулага стагоддзя ён адкрыў культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”, бібліятэкі, арганізаваў мастацкую самадзейнасць, у якой прымалі ўдзел больш за сотню артыстаў. Тут, на мясцовых могілках, пахавана яго маці – і куды б ні йшоў шлях “дзядзькі Язэпа”, ён заўсёды вяртаўся да сваіх каранёў, да яе магілы.

Імя выдатнага земляка было незаслужана забыта. Не выпадкова, что сваё другое нараджэнне Драздовіч атрымаў менавіта ў Германавічах. Тут я сустрэла цудоўную жанчыну Аду Райчонак, былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, а цяпер пенсіянерку, якая больш за сорак гадоў жыве ў вёсцы і ўзначальвае культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча.

На жаль, не была знаёма з яе сынам Міхасём, пісьменнікам, этнографам, гісторыкам, які амаль 20 гадоў таму заўчасна пайшоў з жыцця. Між тым, дзякуючы менавіта іх намаганням у мясцовай школе Германавічаў спачатку быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей, затым – музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча (сёння гэта дзяржаўны раённы музей), а нарэшце і прыватны літаратурна-мастацкі музей, які носіць імя Міхася Райчонка, і карцінная галерэя, дзе прадстаўлены работы беларускіх і замежных мастакоў – удзельнікаў шматлікіх пленэраў.

– Гэту справу пачаў яшчэ малодшы сын Міхась, – рассказвае Ада Эльеўна. – Першы пленэр, прысвечаны Язэпу Драздовічу, мы правялі ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Так пачалося вяртацца з небыцця імя нашага земляка. Сёння ў гарадах і райцэнтрах з’явіліся вуліцы Драздовіча, ён вядомы ва ўсім свеце. І гэта наш галоўны здабытак. Наогул, культурна-асветніцкі цэнтр займаецца вяртаннем забытых імён славутых сыноў і дачок Бацькаўшчыны.

За час пленэраў сабралася шмат карцін. Спачатку яны захоўваліся ў доме Райчонкаў. Пасля з’явілася памяшканне. Адкрыўся музей у жніўні 2004 года. Цяпер у ім прадстаўлена больш за 200 работ беларускіх і замежных мастакоў. І гэта не ўвесь фонд – частка знаходзіцца ў сховішчах, дэманструецца на выставах.

Разам з Адай Эльеўнай мы прайшліся па карціннай галерэі. Вакол – знаёмыя імёны: Алег Скавародка, Віктар Шылко, Вячаслаў Шамшур, Мікалай Таранда, Аляксандр Шыёнак, Алесь Шатэрнік, Валерый Шчасны…

Вось на мяне глядзіць “Дзяўчынка 1941 года” – партрэт Ады Эльеўны ў дзяцінстве. Гэта работа Віктара Крука. Яго ж пэндзлю належыць і партрэт Міхася. Побач – вобраз Язэпа Драздовіча ва ўвасабленні Алега Скавародкі і зноў жа Віктара Крука. Ёсць і замалёўкі мастакоў з радзімы Васіля Быкава, “дзядзькі Язэпа”. А вось германавіцкія матывы Алега Маціевіча і Галіны Горавай, жонкі Міхася Райчонка. Вясковыя хаты, прыгожыя беларускія краявіды, храмы, партрэты вядомых паэтаў і пісьменнікаў…

Ада Эльеўна спыняецца ля наступнай карціны. “Работа Пятра Сергіевіча “Каханка”, – паказвае яна на партрэт абаяльнай дзяўчыны. – Гэта маці маіх вучняў. Яна была нявестай мастака. Паехалі яны разам у Вільню. Тая ўпершыню аказалася ў вялікім горадзе, убачыла шмат людзей, машын, мора. Спужалася вясковая дзяўчына і збегла. Ён ажаніўся на другой. А ў яе застаўся гэты партрэт, які сёння знаходзіцца ў нашай галерэі. Дарэчы, у Беларусі мала работ Сергіевіча. Большасць яго карцін знаходзіцца ў Польшчы і Літве”.

Спыняемся, пэўна, ля самага дарагога для маці кутка – тут захоўваецца памяць пра сына: партрэты Міхася, яго проза, вершы, навуковыя працы. У гэтым пакоі таксама шмат твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія падаравалі іх у фонд музея пасля сустрэч, арганізаваных Адай Райчонак. Пісьмы, рукапісы, карціны засталіся і пасля сустрэчы з землякамі – былымі вязнямі ГУЛАГа. Сярод экспанатаў – арыгінальны драўляны кій, зроблены паэтам Сяргеем Грахоўскім у час яго знаходжання ў ГУЛАГу, яго рукапісы, прысвечаныя славутым людзям Беларусі. На ганаровым месцы – рушнік, якому больш за 150 гадоў, – радавая рэліквія Райчонкаў.

Музей пастаянна папаўняецца новымі эспанатамі, а мастацкая галерэя – новымі работамі. Сюды прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Асабліва вядомымі сталі Германавічы пасля выхаду публіцыстычнай стужкі Уладзіміра Коласа «Галерэя Ады», якую адзначылі галоўнай узнагародай VIII Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў у горадзе Ля-Рашэль (Францыя).

…Няма Язэпа Драздовіча, але ў пакоях музея быццам чуюцца яго крокі. Няма Міхася Райчонка, але вобраз нязменна прысутнічаў побач. “Я працягваю працу сына, – паўтарала маці. – Пра што ён марыў, тое я і здзейсніла.”

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости