Наверх

У Гомелі прафсаюзы павіншавалі героя Алімпіяды-80 Мікалая Кірава з 60-годдзем

23 ноября 2017

Імя Мікалая Кірава 30 гадоў таму назад ведалі літаральна ў кожным доме: на алімпіядзе ў Маскве ён стаў першым савецкім бронзавым прызёрам у бегу на 800 метраў, а неўзабаве  на чэмпіянаце Еўропы ў Афінах першым у гісторыі савецкага спорту на дыстанцыі 1500 метраў заваяваў “серабро”. У гэтыя дні гомельскі лёгкаатлет, за якім сачылi статысячныя стадыёны, 7-кратны чэмпіён СССР, 3-кратны пераможца спартакіяды народаў СССР, экс-рэкардсмен свету, майстар спорту міжнароднага класа  святкуе свой юбілей.

 

Ён родам з гарадскога пасёлка Стрэшын, што на Жлобіншчыне. У школе вучыўся на «добра» і «выдатна», але больш за ўсё Мiкалаю падабалася фізкультура. Перамагаў на першынстве раёна i вобласцi па кросе, і ў 1975 годзе здольнага хлопца запрасілі ў Гомель.

З першым трэнерам Аляксандрам Чарнецкім.

Спартыўная кар'ера яго была імклівай. Якраз практыкаваліся матчавыя сустрэчы паміж рэспублікамі, і праз тыдзень вучобы ў Гомелі юнака заявілі на хатні матч БССР – Прыбалтыка. Пачатковец узяў «золата».

 

Неўзабаве, выступаючы на першынстве СССР сярод юнакоў у Бранску, на дыстацыі 1500 метраў заняў 2-е месца. Вынік для хлопца, які трэніраваўся некалькі месяцаў, ашаламляльны. І – пуцёўка ў юніёрскую зборную СССР.  А юніёры  ў 1976 годзе рыхтаваліся да адказных спаборніцтваў з камандамі ГДР і ЗША. У матчы з амерыканцамі беларус апярэдзіў супернікаў на 1500 метрах, а ў нямецкім Эрфурце выйграў на фінішы ў аднаго з наймацнейшых лёгкаатлетаў свету Дэтлефа Вагенкнехта. У складзе зборнай СССР неўзабаве ўстанавiў рэкорд свету ў эстафеце 4 па 800 метраў. А праз год, у 1977-м, на першых моладзёжных гульнях у Кіеве бліскуча выйграў  дыстанцыю 800 метраў.

Дзякуючы спорту, знайшоў сваё каханне: лёгкаатлетку з жаночай зборнай  краіны Любоў Іванову. У 1978-м, пасля таго, як у Тбілісі Мікалай выйграў чэмпіянат СССР сярод дарослых, аднеслі заяву ў загс. Вяселле згулялі, калі сезон завяршыўся. У падарунак ад гамяльчан атрымалі ключы ад двухпакаёвай кватэры. Мясцовыя спартклубы спадзявалiся, што сям’я застанецца ў Беларусі.

Напярэдадні алімпіяды ў Маскве нагрузкі ў зборнай краіны былі каласальныя. Кіраў разумеў: сустрэча са знакамітым брытанскім тандэмам рэкардсменаў С. Оветт – С. Коу будзе няпростай. Апошні ўстанавіў два сусветныя рэкорды – на 800 і 1500 метраў.

 

–  Мой асабісты рэкорд больш за 3 секунды саступаў рэкорду Коу, таму якая гаворка пра медаль…Выйсці б у фінал. – узгадвае чэмпіён. – Але сусветнаму рэкардсмену прайграў усяго 0,09 секунд. «Бронза!». Не мог паверыць!

Першым у гісторыі СССР  беларус увайшоў у тройку лідараў у бегу на 800 метраў. Алімпіяду-80 глядзеў увесь Саюз, пра Мікалая Кірава пісалі ўсе выданні  краіны.  А ён быў удвайне шчаслівы – у той дзень жонка нарадзіла дачку.

 

Але спартыўная кар'ера, якая распачалася нечакана, хутка і  спынілася. У 1985-м на спаборніцтвах у Маскве ўпершыню ў жыцці ён сыходзіць з дыстанцыі – страшэнна разбалеліся ногі. Перажыў шок i вырашыў: калі здароўе не дазваляе – усё…

Па-за спортам прыйшлося нялёгка. Адзін з лепшых бегуноў,  які прынёс краіне алімпійскую ўзнагароду, справядліва спадзяваўся на дапамогу, але яе не было.

Неўзабаве Кіраву прапанавалі пасаду дзяржтрэнера СССР па Гомельшчыне, але адразу зразумеў: праца з паперкамі – не яго справа.  А вось паспрабаваў сябе ў ролі трэнера-выкладчыка ў  спартшколе “Клён” прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Гомельдрэў” I зразумеў: тое!

 

З дачкой Хрысцінай, лёгкаатлетам у мінулым, а цяпер намеснікам дырэктара спартыўнай школы “Клён”.

І вось 26 гадоў радасць чэмпіёну прыносіць трэнерская праца: ён раскрывае юныя таленты, яго  вучні ёсць у многіх установах алімпійскага рэзерву, нацыянальнай камандзе краіны.

Цікаўлюся: «Ці такога лёсу сабе жадаў?» Прадстаўнік «залатой гвардыі» савецкага спорту ўсміхаецца:  «Чаго скардзіцца? Людзі ж памятаюць, што славу сваёй краіне прынёс, пакінуў след у спорце, гэта ўжо нямала…»

Так, памятаюць. У Гомелі не проста павіншавалі героя Алімпіяды-80 (ён удастоены ганаровай граматы абласной арганізацыі прафсаюза работнiкаў лесу і прыродакарыстання), але і правялі абласны лёгкаатлетычны турнір у гонар Мiкалая Кiрава.

Владимир ГАВРИЛОВИЧ

Фота автора и из архива героя

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости