Свята слова: у Гомелі адзначылі лепшых аматараў мастацкай творчасці
Яго ўдзельнікамі сталі 49 фіналістаў абласных творчых конкурсаў, якія ініцыіравала і правяло абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
У конкурсах “Мая Перамога. Моя Победа”, “Да Года малой Радзімы”, “Да 80-годдзя паэта, празаіка, перакладчыка Анатоля Грачанікава”, “Да 100-годдзя паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава” і іншых прынялі ўдзел больш за 1300 аматараў мастацкай творчасці Гомельшчыны. Сярод пераможцаў – не толькі школьнікі, навучэнцы з розных устаноў адукацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, але і педагогі, работнікі культуры, сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі іншых сфер.
У зале пасяджэнняў Гомельскага аб’яднання прафсаюзаў фіналістам уручылі заслужаныя ўзнагароды за творчасць – спецыяльныя дыпломы і падарункі як абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і абласных прафсаюзных арганізацый работнікаў адукацыі і навукі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Так, член прафсаюза, настаўніца Чырвоненскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Валянціна Мікалаеўна Купрацэвіч атрымала спецыяльны дыплом за падрыхтоўку вучня 10-га класа, уладальніка Гран-пры конкурсу “Захаваем свет разам!” Святаслава Макарэвіча. Ён у трох турах па-майстэрску прачытаў урывак з твора Анатоля Грачанікава “Крывавая балада”.
– Я шчыра ўдзячна ўсім арганізатарам за такі цудоўны форум, за вялікую ўвагу з боку як гомельскіх літаратараў, так і нашага аб’яднання прафсаюзаў да пачынаючых аўтараў, выканаўцаў, чытальнікаў. Мы жывём у палескай глыбінцы, далёка да абласнога цэнтра. Тое, што і майго вучня заўважылі, ацанілі, вельмі важна і значна, стымулюе і надалей займацца творчасцю, – адзначыла Валянціна Мікалаеўна.
Цёпла павіншаваў з творчымі дасягненнямі маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці рэгіёна ўласны карэспандэнт штотыднёвіка “Беларускі Час”, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч. Ён праінфармаваў удзельнікаў форуму – членаў прафсаюза аб аб’яўленым Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі конкурсе на суісканне прэмій ФПБ у галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
Удзельнікі форуму “Слова” паўдзельнічалі ў майстар-класах, якія для іх правялі мясцовыя літаратары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун і Тамара Кручэнка, пазнаёміліся з экспазіцыяй музея прафсаюзнага руху Гомельшчыны, прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі на доме, дзе ў 1964–1969-х гадах жыў вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, ураджэнец в. Шарпілаўка Гомельскага раёна Анатоль Грачанікаў. Таксама наведалі Музей літаратуры Гомельшчыны ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна.
Уладзімір ІГНАТОВІЧ
Фота аўтара