Наверх

Запрашаем на выставу: у Палацы культуры прафсаюзаў святкуюць бабіна лета

13 сентября 2017

Трэцюю выставу беларускіх мастакоў у межах сумеснага праекта ФПБ, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў і Беларускага саюза мастакоў вырашылі прысвяціць творчасці цудоўнага жывапісца, карціны якога прасякнуты шчырасцю і дабрынёй, – Аляксея Панцюка-Жукоўскага.

У Калоннай зале палаца – бабіна лета. З карцін на гледача на ровары натуральна нясуцца шчаслівыя падлеткі – цешуцца апошняй цеплынёй. Побач усёй сям’ёй збіраюць яблыкі. У той жа час працаўнікі калгаса ссыпаюць маладую бульбу ў раўнюткія бурты. Дарэчы, карціна пад назвай “Бабіна лета. Бульба”, на думку самога мастака, з’яўляецца цэнтральнай ва ўсёй кампазіцыі.

“Сёння вы прыйшлі ў госці не да мяне, а да маіх вяскоўцаў, – распавядае Аляксей Панцюк-Жукоўскі. – Гэтая выстава – даніна павагі да простага чалавека. Бо наша Беларусь пачыналася з вёскі. І мы ўсе адтуль родам”.

Паказваючы карціну “Беларуская калыханка”, мастак параўноўвае сям’ю сялян пасярод возера, поўнага чароўных даўгавусых самоў, з сямействам біблейскага Ноя, які таксама ж блукаў на сваім чоўне па акіянах. Зараз Аляксей Панцюк-Жукоўскі піша да карціны дзве бакавыя часткі – яны дапоўняць гісторыю і саставяць трыпціх чароўнай байкі пра заснаванне беларускай краіны.

Творы Аляксея Панцюка-Жукоўскага насамрэч кранаюць да самай глыбіні. Нездарма ў 2009 годзе за серыю карцін пад агульнай назвай “Пад мірным небам – маладая Беларусь” ён быў адзначаны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.

Высока ацэньвае творчасць калегі і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. “Я ведаю Аляксея з дзяцінства. Мы з ім раслі праз лес адзін ад аднаго, у суседніх вёсках (Аляксей Панцюк-Жукоўскі нарадзіўся ў вёсцы Бабунічы Гомельскай вобласці. – Заўв. аўт.), – гаворыць Рыгор Сітніца. – Праз усё жыццё ён нясе тое, што ўвабраў з маленства. Вечныя каштоўнасці, якія чалавек павінен захоўваць, каб заставацца чалавекам, – гэта любоў да бацькоў, сваёй зямлі, краіны і народа. Толькі так, праслаўляючы сваю нацыю і замацоўваючы яе ў вечнасці, кожны з нас, мастакоў, мае магчымасць за гэтую вечнасць трошачкі зачапіцца…”

На фота мастак Віктар Барабанцаў (злева) і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Выстава карцін Аляксея Панцюка-Жукоўскага працягнеццца да 15 кастрычніка.

Дзіяна ФІЛІМОНАВА

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости