На парозе юбілею: што чакаць аматарам тэатра імя Якуба Коласа ў новым сезоне
Беларускаму нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа, які працуе ў Віцебску, у гэтым годзе спаўняецца 95 год. Чым коласаўцы плануюць здзіўляць і радаваць гледача ў новым тэатральным сезоне, які пачаўся 12 верасня, расказала кіраўніцтва старэйшага ў краіне творчага калектыва.
Адноўленая традыцыя
У дзень адкрыцця сезона на сцэну выйшла трупа ў поўным складзе: гасцям свята прапанавалі візітную картку тэатра – спектакль «Несцерка» па п’есе Віталя Вольскага. Пастаноўка ў многім знакавая для коласаўцаў. Яе прэм’ера адбылася ў 1941 годзе, калі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў расійскім Петразаводску. А рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Навум Лойтэр, выканаўшы гэтую працу стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.
Але спектакль не мае і намека на састарэлую эстэтыку. Візітная картка коласаўцаў перажыла капітальнае пераўвасабленне, якое адбылося ў 2006 годзе. Рэжысёр Віталь Баркоўскі, мастакі Пётр Анашчанка і Ніна Бабровіч аднавілі знешні выгляд пастаноўкі, прыўнеслі ў яе ноткі сучаснасці. І спектакль заіграў новымі фарбамі. Гэты год прынёс і шэраг новых выканаўцаў. Так, у ролі бацькі Насты Мацея глядач пабачыў Генадзя Гайдука, у пана Бараноўскага пераўвасобіўся Юрась Цвірка, Другога шляхцюка сыграў Уладзіслаў Жураўлёў. А самую камічную ролю шкаляра Самахвальскага даверылі маладому артысту Аляксандру Казлову.
Дарогу маладым
Дарэчы, моладдзю калектыў папаўняецца рэгулярна. Кіраўніцтва прызнаецца: зараз запрашаць артыстаў на працу з іншых гарадоў краіны становіцца ўсё цяжэй. Але коласаўцы знайшлі выйсце:
– Я рэгулярна працую з 4 курсам Віцебскага коледжа мастацтваў, назіраю за выпускнікамі, – падзяліўся мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. – Дзякуючы гэтаму бачу артыста ў дынаміцы, у разнапланавых работах. І раблю выснову, ці патрэбны ён у нашай трупе. Прыйшоўшы ў тэатр, моладзь адразу акунаецца ў працу. Так, Дар’я Французава, якая прыйшла пасля коледжа ў наш калектыў у мінулым сезоне, 5 верасня ў пары з Аляксандрам Казловым сыграла сваю першую цэнтральную ролю ў спектаклі «Гісторыя кахання».
Працуючы ў тэатры, маладыя людзі паступаюць на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета студэнтамі сталі чацвёра юных коласаўцаў (трое паступілі на бясплатную форму навучання, адзін – на платную). Адзін чалавек не прайшоў па конкурсе, але Міхась Краснабаеў спадзяецца, што гэта адбудзецца праз год.
Выходзячы з анлайна
Пакуль жа коласаўцы (і маладыя артысты ў тым ліку) рыхтуюцца да напружанай тэатральнай восені. Такой яна будзе яшчэ і таму, што калектыў атрымаў цэлы шэраг запрашэнняў для ўдзелу ў фестывалях і конкурсах рознага маштабу.
– 22-23 верасня мы едзем у Магілёў на гастролі са спектаклямі «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча, «Восем закаханых жанчын» Рабэра Тама, вязем музычную казку «Сіўка-Бурка» Яўгена Тарасава, – пералічвае мастацкі кіраўнік. – У сярэдзіне кастрычніка на фестываль у Ліпецк едзе спектакль «Гульня ў джын» Дональда Лі Коўбэрна. Гэты спектакль паставіў наш малады рэжысёр Андрэй Жыгур.
У кастрычніку адбудуцца гастролі ў Гомелі, 15 лістапада цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «Метро» па п’есе Аляксандра Савухі (пастаноўка Андрэя Жыгура) можна будзе пабачыць на фестывалі ў Бабруйску, У канцы кастрычніка спектакль «Шагал… Шагал…» В Острава ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага коласаўцы пакажуць у беларускім пасольстве ў Маскве.
16–17 кастрычніка калектыў сыграе на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску два спектаклі, намінаваныя на Нацыянальную тэатральную прэмію – «Бальніца на краі свету» Хрысты Бойчава (рэжысёр Міхась Краснабаеў) і спектакль для камернай сцэны «Ваўкалак» паводле Яна Баршчэўскага (рэжысёр Ірына Цішкевіч).
– Мінулагодняя Нацыянальная прэмія не адбылася праз неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку, таму сёлета мы толькі падцвердзілі тыя ж назвы, якія былі гатовыя прапанаваць год таму, – растлумачыў Міхась Краснабаеў.
У няпростай сітуацыі тэатр з поспехам выпрабаваў новы фармат працы – архіўныя запісы спектакляў ішлі ў анлайн трансляцыі.
– Ці будзе мець такая форма працяг, сказаць адназначна цяжка, – разважае кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Алесь Замкоўскі. – У пандэмію трэба было нагадаць, што тэатр ёсць і што ён чакае свайго гледача. Гэтым праектам мы стараліся падмацаваць сябе, паказаць, што мы жывем і працуем. Калі будзем працягваць такую працу, то вядома задумаемся аб яе манетызацыі.
Запланаваны на гэты сезон і фестываль сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр». Гэты форум – вынаходніцтва коласаўцаў, з 1996 года (не адбыўся фестываль толькі аднойчы, у 2020 годзе) ён збірае на акадэмічнай сцэне лепшыя самадзейныя калектывы школ горада і раёна.
– Мы традыцыйна імкнемся прывабліваць юных гледачоў, падмацоўваць у горадзе разуменне таго, што тэатр – гэта не проста будынак, тэатр – гэта жывы арганізм, і ствараюць яго не толькі артысты і гледачы, але і аматары тэатра, – гаворыць Алесь Замкоўскі. – Многія з юных артыстаў потым прыходзяць у нашу трупу, выбіраюць прафесію, звязаную з тэатрам, культурнай сферай. Але галоўнае, гэтым фестывалем мы паказваем дзецям, тэатр знутры: яны знаходзяцца ў грымёрках, праходзяць праз рэпетыцыі, бачаць, як выстаўляюць святло і ніколі не забываюць гэтую атмасферу.
Сюрпрызы сезона
Галоўнай падзеяй юбілейнага сезона будзе новы спектакль. Мастацкі кіраўнік Міхась Краснабаеў абраў для пастаноўкі п’есу, у якой на сцэну выйдзе ўся трупа. Гэта спектакль «Ціль» па п’есе Рыгора Горына. Пастаноўка, як патлумачыў мастацкі кіраўнік, аб тым, што любой нацыі патрэбны герой, які будзе наперадзе, не пабаіцца ўзяць на сябе адказнасць.
– У цэнтры гэтай трагікамедыі – блазн. Але блазн, які праходзіць складаны жыццёвы шлях. На гэтую ролю прызначаны вопытны артыст, Яўген Бераснеў. Спадзяюся, ён гэта адолее, – падзяліўся рэжысёр. – Вельмі радасна таксама, што ў гэтым спектаклі адну з галоўных роляў выканае народны артыст Тадэвуш Кокштыс. Яму ў гэтым годзе будзе 87. За яго майстэрствам, я веру, пацягнуцца маладыя. Большага майстра на сёння ў тэатры няма.
У юбілейныя гады тэатр традыцыйна супрацоўнічае з краязнаўчым музеем горада. І сёлета коласаўцы спадзяюцца, што ўдасца арганізаваць тэматычную выставу.
Вікторыя Дашкевіч
Фота з архіва тэатра