Наверх

“Азарычы” – адно з самых жудасных месцаў Беларусі

18 марта 2019

Лагер смерці “Азарычы” нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі ў канцы лютага – пачатку сакавіка 1944 года з мэтай занясення ў савецкія войскі сыпнога тыфу для далейшага распаўсюджвання эпідэміі. На пярэднім краі абароны гітлераўцы стварылі тры канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер гэта Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Першы знаходзіўся непадалёку ад мястэчка Дзерць, другі – побач з мястэчкам Азарычы, а трэці – каля вёскі Падасіннік.

Для ажыццяўлення сваёй жудаснай мэты гітлераўцы за месяц да адступлення сагналі ў гэтыя лагеры звыш за 50 тысяч жанчын, дзяцей і старых жыхароў з Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей нашай краіны, а таксама са Смаленскай і Арлоўскай – Расіі. Сярод іх размясцілі да сямі тысяч людзей, якія хварэлі на сыпны тыф. Больш за тое, менавіта тут на жывых людзях фашысты выпрабоўвалі свае апошнія распрацоўкі ў вобласці бактэрыялагічнай зброі. Лагеры спецыяльна размяшчалі ў раёне балот, абгарадзiлі калючым дротам. Сваіх ахвяр фашысты амаль не кармілі, забаранялі разводзіць вогнішчы, майстраваць з яловых галінак буданы, а за парушэнне рэжыму расстрэльвалі.

Жудаснае відовішча ўбачылі тут савецкія воіны 65-й арміі, якія вызвалялі канцлагеры з 18 на 19 сакавіка 1944 года. З трох лагераў было вызвалена каля 33,5 тысяч зняволенных, у тым ліку 16 тысяч знясіленых дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. У выніку, па няпоўных падліках, за 2 тыдні з моманту арганізацыі лагера смерці і да дня вызвалення ў ім памерла ад знясілення і хвароб, а таксама было расстраляна каля 13 тысяч чалавек. Шмат хворых вязняў памерла і пасля вызвалення.

У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і народнай памяці гэты комплекс назаўсёды застаўся як Азарыцкі лагер смерці і значыцца ў спісе самых страшных месцаў па ўмовах утрымання і метадах знішчэння людзей нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тут пабудаваны мемарыяльны комплекс вязням, у падножжы якога ў любую пару года ляжаць жывыя кветкі. Дарэчы, у пасляваенны час у гэтым месцы амаль штогадова праходзяць жалобныя мерапрыемствы.

Шматлюднай будзе памятная ўрачыстасць і 19 сакавіка, у дзень 75-годдзя вызвалення канцэтрацыйнага лагера смерці. Акцыю памяці арганізуе Калінкавіцкі райвыканкам, Гомельская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” і іншыя грамадскія структуры Гомельшчыны. У мерапрыемстве прымуць удзел былыя вязні са Жлобінскага, Светлагорскага, Акцябрскага раёнаў Гомельшчыны, а таксама з Бабруйска і іншых мясцін Беларусі. Будуць прысутнічаць там і іх дзеці, унукі, праўнукі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з Калінкавіцкага раёна, моладзь Гомельшчыны, педагогі і вучні Азарыцкай сярэдняй школы. Каля мемарыяла пройдзе жалобны мітынг, на памятным месцы будуць ускладзены вянкі і кветкі, у тым ліку ад самай масавай грамадскай арганізацыі вобласці – прафсаюзаў.

Мерапрыемства з удзелам вязняў лагера смерці пройдзе і ў мясцовай школе ў Азарычах, дзе створаны ўнікальны музей, прысвечаны страшнай трагедыі, што адбылася на шматпакутнай палескай зямлi 75 гадоў таму.

Дарэчы, з 18 па 20 сакавіка не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне пройдуць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення лагера смерці “Азарычы”. Напрыклад, ужо сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца адкрыццё выставачных модуляў пра Азарыцкі лагер смерці, як часткі перасоўнай выставы “Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць”. Таксама тут пройдзе прэзентацыя кнігі гісторыка Міхася Сінькевіча і былога вязня Азарычаў Аркадзя Шкурана “Палессе: трагедыя і памяць”. А 20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца выстава “Азарычы – трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі” і пройдзе публічны паказ нямецкага дакументальнага фільма “Азарычы 1944 г.”. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам рэжысёра фільма Крыстафа Раса. Удзел у мерапрыемствах прымуць былыя вязні, гісторыкі, педагогі, беларускія і нямецкія эксперты, прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота з iнтэрнэта

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
4 мая 2024 3 мая 2024 2 мая 2024 1 мая 2024 30 апреля 2024
Все новости