Наверх

Спатканне з невампірам: што рабіць пры сустрэчы з кажаном

18 сентября 2017

“На мой балкон заляцеў кажан!”, “У нашым пад’ездзе завяліся кажаны і не хочуць адтуль сыходзіць!” – з такімі жальбамі беларусы звычайна звяртаюцца да спецыялістаў МНС ці грамадскіх арганізацый, накшталт “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.

Тэлефануюць звычайна ўвосень – на пачатку зімы, калі кажаны пачынаюць уладкоўвацца на зімоўку. Тады ж некаторыя жывёліны спрабуюць шукаць утульную пячорку ў адчыненых вокнах кватэр.

– Кажаны жывуць сярод нас. Чалавек пабудаваў для іх шмат штучных пячор і сховішчаў. Сучасныя шматпавярховікі падаюцца жывёлінам аналагамі скал са мноствам расколін і пустоцін, – распавядае навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай заалогіі ДНВА “НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах” Аляксей Шпак (звычайна да яго накіроўваюць напалоханых грамадзян).

Дастаткова зваротаў аб выпадковым “спатканні” з кажанамі і ўлетку, калі звычайна нараджаюцца маленькія мышкi і сваім піскам абвяшчаюць людзей-суседзяў, што ў доме з’явіліся новыя жыхары. Як правіла, кажаняты нараджаюцца напрыканцы чэрвеня. І толькі тады людзі даведваюцца, што ў іх шматпавярховіку ці пад дахам дачнай пабудовы ўжо даўно жывуць рукакрылыя.

Па словах спецыяліста, усё ж такі сустрэча з кажаном для беларусаў выключэнне. Аднак здараліся выпадкі (як, напрыклад, 2 гады таму), калі на балкон мінчанiна заляцела калонія з некалькіх дзясяткаў кажаноў.

– Баяцца кажаноў не трэба. Яны зусім бяскрыўдныя. Калі да вас у госці ўжо заглянуў кажан, адчыніце вокны – ён вылеціць. Калі заляцеў днём, дайце дачакацца вечара – ён самастойна знойдзе выхад, – раіць спецыяліст.

Думаў, вампір, аказалася – прыгажунька

Кажаноў адносяць да млекакормячых, да атраду рукакрылых, прытым яны адзіныя з класа маюць здольнасці да палётаў. І, як птушкі, некаторыя віды кажаноў перад наступленнем халадоў адлятаюць у паўднёвыя краіны.

У Беларусі жывуць 19 відаў кажаноў. Адзін з самых вялікіх – рыжая вячэрніца. Памеры дарослай асобіны дасягаюць 64–82 міліметраў – некалькі такіх мышак цалкам змесцяцца на далонi.

– Прыкладна 85% кажаноў, якія зімуюць у гарадах Беларусі, – прадстаўнікі віду двухкаляровага кажана. Цікава, што яшчэ 20 гадоў назад гэты від лічыўся “мігрантам”. Перад халадамі яны ад нас зляталі на поўдзень. Акальцаваныя беларускімі даследнікамі двухкаляровыя кажаны былі заўважаны ў Аўстрыі. Але апошнім часам яны на зіму пачалі заставацца ў Беларусі, – гаворыць Аляксей Шпак.

Беларускія кажаны сілкуюцца выключна насякомымі. Таму, калі на вашым дачным участку пасяліліся рукакрылыя, радуйцеся – праблем з камарамі і іншымі шкоднікамі ў вас ужо не будзе.

Вядучы заатэхнік Мінскага гарадскога заапарка Аляўціна Цімашкова-Красоўская расказала, што часам ёй таксама тэлефануюць па праблеме “нашэсця” рукакрылых. Звычайна людзі задаюць пытанне: ці не вампіры кажаны? І супакойваюцца, даведаўшыся, што крывасосных відаў на ўсёй планеце толькі тры і ўсе яны жывуць у Паўднёвай Амерыцы. Дарэчы, кажаны-вампіры, як і іншыя віды, на людзей не кідаюцца – іх цікавіць кроў выключна буйной рагатай жывёлы.

– Адзінае правіла пры сутыкненні з кажанамі – калі будзеце браць іх у рукі (напрыклад, каб перанесці ў больш бяспечнае месца), апраніце на ўсялякі выпадак тоўстыя пальчаткі. Напалоханая жывёла можа паспрабаваць укусіць, і тады вам трэба будзе ехаць у паліклініку рабіць прывіўкі ад шаленства, – тлумачыць Аляксей Шпак.

Вучоныя высветлілі, што нават захварэлыя на шаленства кажаны не паводзяць сябе агрэсіўна. Больш за тое – у адрозненне ад іншых жывёл, яны могуць самастойна вылечвацца ад гэтага захворвання.

Кажан у хаце – гаспадару шчасце?

На форумах, прысвечаных кажанам, часта распавядаюць, як бяруць знойдзеных рукакрылых на так званыя ператрымкі, падчас якіх жывёлін выкормліваюць і лечаць. Калі верыць спецыялiстам, некаторых асобін нават атрымлівалася прыручыць – а што, чым кажан не дамашняя жывёліна? Яны нават вылізваюцца, як коцiкі! Але вучоныя раюць усё ж такі не пакідаць кажаноў блiзка каля сябе.

– Гэта толькі здаецца, што мець дома кажанчыка файна. Насамрэч адамашніваць кажаноў не вельмі правільна, а часам і шкодна для саміх жывёлiн. Трэба ведаць правілы іх ператрымкі. Кажаноў кормяць спецыяльнай ежай асаблівым чынам. Узімку яны павінны спаць, таму, калі ўпэўніцеся, што яго здароўю нічога не пагражае, лепш захаваць яго ў мяшочак з тканіны і падвесіць у лядоўню. Падчас зімоўкі тэмпература цела кажана зніжаецца да 5–8 градусаў – гэта нармальна, – распавядае вопытны ратавальнік.

Па ўспамінах Аляксея Шпака, былі праблемы, калі людзі трымалі кажаноў у кватэрах i не змяшчалі іх у належныя ўмовы да зімняга сну. Справа ў тым, што рукакрылыя спарваюцца звычайна ўвосень, потым – зімуюць, і толькі вясной пры больш-менш нармальнай тэмпературы паветра ў арганізме самак запускаецца працэс цяжарнасці. Таму, калі не даць ёй перазімаваць, кажаня народзіцца значна раней, а пры халодным надвор’і яно можа не перажыць зіму.

Няведанне не вызваляе ад адказнасці

За апошнія дзесяцігоддзі колькасць кажаноў па ўсім свеце значна скарацілася. Асноўная прычына – чалавек. З-за росту гарадоў страчваюцца натуральныя прыродныя сховішчы кажаноў. У развітых краінах штогод з-за пашырэння ветраных электрастанцый гінуць дзясяткі тысяч птушак і кажаноў.

– У Беларусі гэта пакуль не такая значная праблема – у нас ветракі не ўтвараюць вялізныя па плошчы паркі, як, напрыклад, у Германіі. Але ў нашай краіне з-за дзеянняў чалавека кажаны ўсё роўна гінуць. Могуць шкодзіць жывёлам дзеянні камунальных службаў. Яны праводзяць працы па ўцяпленні будынкаў ці прафілактычныя чысткі шахтаў. Так, не ведаючы, яны могуць замураваць цэлыя калоніі кажаноў! Праблемай з’яўляюцца таксама падвоеныя вокны – часам кажаны залятаюць у адчыненыя форткі і апынаюцца ў пастцы, – пералічвае Аляксей Шпак.

У некаторых еўрапейскіх краінах, дзе дзейнічаюць арганізацыі па абароне кажаноў, шматпавярховыя дамы будуюць спецыяльна са шчылінамі, каб жывёлы маглі ў іх ратавацца. У Беларусі ў абарону кажаноў існуе толькі адзіны заказнік “Барбастэла” – на тэрыторыі адной з фартыфікацыйных пабудоў Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, закінутыя памяшканні кажаны аблюбавалі даўно. Напрацягу некалькіх дзесяцігоддзяў у фортах крэпасці штогод зімуюць больш за 2,5 тысячы кажаноў.

Але ўжо некалькі разоў здаралася, што ў заказнік прабіраліся жывадзёры. Аднойчы яны падпалілі спячых кажаноў. У той раз загінула каля 500 асобін…

– Пакуль у Беларусі самая вялікая праблема для кажаноў – гэта стэрэатыпы. Сустрэўшы кажана, людзі палохаюцца, спрабуюць забіць яго. Калі знаходзяць дзесьцi спячага кажанчыка, часам проста выкідваюць… – гаворыць Аляксей Шпак і змаўкае.

На працягу 5 гадоў грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць мерапрыемствы дзеля папулярызацыі рукакрылых у межах Міжнароднай ночы кажаноў. На такіх сустрэчах людзям расказваюць праўдзівыя факты пра гэтых цудоўных жывёлiн і пазбаўляюць ад забабонаў. Большасць наведвальнікаў штогадовых начэй кажаноў ідуць туды з надзеяй “пабачыць мышку”, а калі пашчасціць – і пагладзіць яе па пушыстым карку.

Дзіяна ФIЛIМОНАВА

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости