Наверх

Уладзімір Пракапцоў: “Каб культура развівалася, трэба працаваць саборна”

22 февраля 2018

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, мастак Уладзімір Пракапцоў падзяліўся думкамі наконт таго, як сёння захоўваецца і развіваецца духоўная спадчына беларусаў.

– Калі ў 2016 годзе давялося ўпершыню прадстаўляць выстаўку “Іканапіс Беларусі XVII–XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” у музеі Ватыкана, некаторыя гаварылі: “Чым вы можаце здзівіць Ватыкан? Там усё ёсць – гэта скарбніца сусветнага мастацтва”. Але калі мы прыехалі са сваімі прапановамі да дырэктара музея Антонія Паолуччы, той быў проста ў захапленні ад беларускіх экспанатаў. На працягу 3 месяцаў кожны дзень каля 30 тыс. чалавек прыходзілі паглядзець на ўнікальныя творы нацыянальнай сакральнай культуры. Дарэчы, кніжку водгукаў запоўнілі літаральна за некалькі тыдняў. Гэта пацвярджае, што мы вельмі багатая нацыя.

Што неабходна рабіць, каб культура развівалася?

– Лічу, што на чале з айчыннай прадукцыяй, такой як аўтобусы, трактары, калійная соль, наш самы галоўны брэнд – прафесійнае мастацтва. Не толькі выяўленчае, але і тэатральнае, музычнае, харэаграфічнае. Нашы таленавітыя майстры, выканаўцы вядомыя і запатрабаваныя. Тут іншая справа: штодня трэба працаваць, каб выхаваць у моладзі імунітэт ад розных заходніх плыняў. Распаўсюджваць і шанаваць сваё беларускае і гэтым ганарыцца трэба пачынаючы нават з дзіцячага сада. Як гэта зрабіць? Напрыклад, больш за 20 гадоў у нашым музеі працуе народная мастацка-адукацыйная дзіцячая студыя “У госці да Цюбіка”. Сюды прыходзяць маці з дзецьмі альбо бабулі з унукамі і ў нефармальных абставiнах пазнаюць свет мастацтва. Нам трэба працаваць ўсім разам, кожнаму на сваім месцы: работнікам культуры і педагогам школ, каледжаў, ВНУ… Безумоўна, у першую чаргу неабходна падтрымка дзяржавы.

Напэўна, мы мала пазнавальныя ў свеце, таму што імкнемся кагосьцi iмiтаваць. Але паглядзіце, як на нашых спартсменах, якія паехалі на Алімпійскія гульні, глядзіцца беларускі арнамент! I дызайн цудоўны, і наогул вельмі прыгожа. Можна нават праз гэта ісці да душы чалавека. Канешне, ніхто не выхавае нашу моладзь – толькі мы самі. Калі сумесна будзем працаваць, саборна, тады атрымаем гарманічна выхаваную развітую асобу, з высокім духоўным патэнцыялам, якая будзе шанаваць сваю гісторыю і культуру, мову і літаратуру, бацькоў і Айчыну.

Дарэчы, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі – сапраўдная культурная прастора нашай сталіцы. Днямі тут адбылося ўшанаванне творчага калектыву тэлеканала “Беларусь 3” – першага сацыякультурнага канала ў рэспубліцы з нагоды яго пяцігадовага юбілею.

Тэлеканал увайшоў у ТОП-10 праектаў культуралагічнай плыні. Па словах старшыні медыяхолдынгу Івана Эйсманта, тэлеканал выконвае важную місію, таму што распавядае пра значныя культурныя навіны і мерапрыемствы, якія адбываюцца ў нашай краіне: міжнародныя фестывалі, рэспубліканскія святы, юбілеі, конкурсы, форумы, творчыя сустрэчы і іншыя падзеі.

У сакавіку ў эфір выйдзе 4-серыйны гістарычны дакументальны фільм “Хатынь”, прымеркаваны да 75-годдзя трагедыі. Праца ідзе і над стварэннем стужак, прысвечаных юбілею з дня нараджэння Адама Міцкевіча, да 80-годдзя заснавання Нацыянальнага мастацкага музея.

Партал 1prof.by пагутарыў з вядомымі людзьмі і даведаўся, што для іх азначае беларуская культура.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў, графік, паэт Рыгор Сiтнiца:

 Толькі праз культурныя каштоўнасці мы можам замацавацца ў сусветнай супольнасці, выйсці на еўрапейскі ўзровень яшчэ на некалькі стагоддзяў. За намі ідуць нашы нашчадкі, і мы павінны зрабіць гэта дзеля іх.

Народная артыстка Беларусі, салістка Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Наталля Гайда:

– Без культуры – няма нацыі, няма дзяржавы. Дай бог, каб мы ведалі і шанавалі сваё культурнае багацце і захавалі яго для нашых дзяцей і праўнукаў. Тэлеканал “Беларусь 3” – гэта наша мінулае, сучаснае і будучыня.

Беларускі тэлевядучы, журналіст, рэжысёр, грамадскі дзеяч Алег Лукашэвiч:

– Немагчыма падзяліць культуру на беларускую ці французскую, еўрапейскую ці азіяцкую. Існуюць сусветныя агульныя рысы культурна-гістарычнага кшталту. Але ў беларускай культуры, як і ў іншых, ёсць свае каларытныя нацыянальныя асаблівасці і каштоўнасці.

Заслужаная артыстка, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Алена Сало:

– Мяне вельмі засмучае, што сёння ў культуру трапляе шмат выпадковага. Варта вучыцца ў старэйшага пакалення, мінулыя дасягненні ў культуры – вялікая каштоўнасць для нас. Мяне часам гняце маладзёжны слэнг і прымітыўнасць размовы. Калі чалавек размаўляе прыгожай літаратурнай мовай, для мяне гэта – як мастацтва. Лічу, што мы павінны берагчы сваю культуру, нацыянальную прыгажосць. І вельмі хацелася б, каб у любым куточку Зямлі ведалі, што ёсць такая краіна – Беларусь.

Таццяна IЛЬIНА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости