Наверх

Чаму дзень 17 верасня для нашай краіны не менш значны, чым 9 мая ці 3 ліпеня

18 сентября 2022

Дзень народнага адзінства. Свята зусім маладое і пры гэтым – з глыбокімі гістарычнымі каранямі. Чаму дзень 17 верасня для нашай краіны не менш значны, чым 9 мая ці 3 ліпеня, паразмаўлялі з навукоўцамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі – загадчыкам аддзела навейшай гісторыі, кандыдатам гістарычных навук Сяргеям Траццяком і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Валянцінам Мазецам.

– Перш чым казаць пра гісторыю аб’яднання нашай краіны, неабходна ўзгадаць падзеі, якія прывялі да яе падзелу. Як сучаснікам ацэньваць Рыжскі мірны дагавор 1921 года?

Сяргей Т.: Падзел нашай краіны адбыўся з прычыны таго, што сама Беларусь не мела ні сілы, ні ўнутранага адзінства, каб адстаяць сваю цэласнасць у пасляваенным свеце. Усе ваенныя, а потым і рэвалюцыйныя пературбацыі адбыліся падчас пачатковага этапу складвання нацыі і нацыянальнай свядомасці. Беларуская эліта была раз’язданая, арыентавалася на розныя знешнія сілы і сацыяльна-палітычныя праекты. Дэлегацыі беларускіх урадаў здолелі дамовіцца дзейнічаць адзіным фронтам толькі пасля таго, калі лёс краіны ужо быў вызначаны іншымі ўдзельнікамі перагавораў у Рызе.

Валянцін М.: Кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іофэ пісаў: «З’яўленне прадстаўнікоў ад Савецкай Беларусіi на мірных перагаворах парушыць усе нашы камбінацыі, таму непажадана, каб яны тут прысутнічалі». З другога боку, кіраўніцтва Полькай дзяржавы бачыла нашы землі часткай Рэчы Паспалітай. Вельмі дакладна пра гэтую сітуацыю напісаў Якуб Колас: «Нас падзялілі – хто? Чужаніцы, цёмных дарог махляры. К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!.. Нашы тут гоні, бары!» Як можна Рыжскі мір ацэньваць сёння? Як гвалтоўны акт у дачыненні суверэнных народаў. Бо падзялілі не толькі Беларусь, але і Украіну.

– Заходняя Беларусь у разуменні польскіх улад была ўсяго толькі ўскраінай, часткай новай Рэчы Паспалітай. Ці маглі ў такой сітуацыі беларусы захаваць сваю этнічную ўнікальнасць альбо размова ішла пра поўную асіміляцыю?

Сяргей Т.: Польская дзяржава з самага пачатку паставіла мэтай этнічную асіміляцыю, у першую чаргу беларусаў і ўкраінцаў. У Польшчы, лічылі яны, павінны жыць палякі, прычым не па грамядзянству, а этнічныя. Польская улада не хавала таго, што яна праводзіць такую палітыку супраць сваіх міжнародных абавязкаў, прапісаных у Вярсальскім трактаце і Рыжскім міры, і нават супраць сваей Канстытуцыі.

Валянцін М.: Якім чынам гэта адбывалася? Па-першае: метадычна наступалі на беларускую асвету. Да Рыжскага міру на тэрыторыі, занятай палякамі, дзейнічала больш за 350 пачатковых школ, беларуска-настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы, гімназіі ў Радашковічах, Слуцку, Будславе, Вільні. Да 1924-га ўсе яны былі зачыненыя.

Сяргей Т.: Беларускім студэнтам не было дзе працаваць пасля навучання, беларускіх настаўнікаў пераводзілі, а на іх месца ставілі польскіх, нярэдка з ліку тых, каго за злачынства звольнілі са сваёй школы. Людзі пераходзілі на хатнюю адукацыю. Ціск быў і на беларускамоўную прэсу: газеты і часопісы закрывалі або ў іх выдаўцоў патрабавалі вялікія выплаты ў польскі бюджэт.

Валянцін М.: Акрамя таго, беларусам, як католікам, так і праваслаўным, забаранялася звяртацца да Божага слова на роднай мове. Была створана аўтакефальная польская праваслаўная царква, якая падпарадкоўвала сабе ўсе парафіі і епархіі. Службы бяспекі Польшчы адсочвалі настрой духавенства і манахаў: ці не збіраюць яны ў сябе ў неафіцыйнай абстаноўцы юнакоў і дзяўчат, каб весці пропаведзі на беларускай мове? За такое маглі нават выслаць за мяжу. Беларусы былі пастаўлены ў такія ўмовы: вы, канешне, грамадзяне Польшчы, але другога гатунку.

– Спрэчны момант у гісторыі: пакт Рыбентропа – Молатава, а дакладней, яго сакрэтная частка. Доўгі час лічылася, што гэта ганебная змова за спіной. Але ці без яе не адбылося б аб’яднанне беларускіх тэрыторый?

Сяргей Т.: У 1988–1989 гадах крытыкі гэтага пакта асуджалі найперш той факт, што былі парушаны высокія маральныя планкі савецкай знешняй палітыкі. Савецкая дыпламатыя ставіла сябе як сумленную, якая не вядзе сакрэтных перамоваў. Але насамрэч, да таемных дамоваў і негалосных дамоўленасцяў савецкая дыпламатыя была змушаная вярнуцца ў 1918 годзе. І гэта нармальная практыка, якая складалася тысячагоддзямі. Таму не нейкай адной дзяржаве яе мяняць. Акрамя таго, дамову аб ненападзе з Германіяй, у тым ліку і сакрэтную частку, мелі практычна ўсе дзяржавы Еўропы. Так што Савецкі Саюз не быў выключэннем.

Ота фон Бісмарк казаў: «Палітыка – мастацтва магчымага», так у гэтым мастацтве Саюз зрабіў немагчымае. Па-першае, у апошні момант ухіліўся ад удзелу ў вайне з Нямеччынай на невыгодных для сябе ўмовах. Па-другое, забяспечыў магчымасць без бою забраць тэрыторыі, якія планаваў узяць у выпадку вайны.

Гісторыя не церпіць ўмоўных ладаў, але я скажу так: без гэтага сакрэтнага дадатковага пратакола аб’яднанне беларускіх тэрыторый не было б магчымым. Магло б здарыцца, што Заходняя Беларусь апынулася б пад кантролем трэцяга рэйха, і ў Вялікай Айчыннай вайне беларусы ваявалі б з беларусамі пад рознымі сцягамі. Гэта была б незагойная рана расколу.

– На ваш погляд, назва «Вызваленчы паход» – гэта ідэалагічны ход ці насамрэч беларусы сустракалі чырвонаармейцаў як выратавальнікаў?

Валянцін М.: Фраза «Вызваленчы паход» у гісторыяграфіі пачала ўжывацца толькі пасля 1949 года. Раней ні ў адным афіцыйным дакуменце гэты паход так не называўся. «Вызваленчую» рыторыку з першых дзён пачалі весці журналісты газет і радыё. Канешне, у гэтым была ідэалагічная падаплёка, аднак не толькі яна: карэспандэнты апісвалі тое, што бачылі. Чырвоную Армію сустракалі трыумфальнымі аркамі, кветкамі, хлебам і соллю. Хаця і была частка людзей, якія ўспрымалі тое, што абдываецца, як трагедыю.

– З улікам таго, што падзеі 1939 года моцна паўплывалі на развіццё беларускай дзяржаўнасці, чаму 17 верасня не было ў нашай рэспубліцы прызнана дзяржаўным святам?

Сяргей Т.: Насамрэч Народны сход Заходняй Беларусі 29 кастрычніка 1939 года абвясціў 17 верасня Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў. Так было аж да 1950-га, але затым на саюзным узроўні прынялі рашэнне не засмучаць Польшчу, на той момант ужо важнага ваеннага і палітычнага саюзніка. Палякі прынялі падзеі 1939 года вельмі балюча, нават негледзячы на тое, што гаворка ішла пра аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Сваю ролю адыграла і тое, што ў гэты час да ўлады прыходзіць Польская аб’яднаная працоўная партыя. Свята адышло на другі план, аднак амаль ва ўсіх раённых цэнтрах Заходняй Беларусі засталася вуліца з назвай 17 верасня або ў гонар байцоў, якія удзельнічалі ў баях.

Валянцін М.: Шчыра кажучы, наш інстытут с 2009 года звяртаўся да дзяржаўных структур з прапановай увесці такое свята як Дзень народнага адзінства і адзначаць яго 14 лістапада, калі юрыдычна аформілі аб’яднанне беларускіх тэрыторый. Але галоўную ролю у выбары даты адыгралі людзі, якія прынялі ўдзел у апытанні і прагаласавалі менавіта за 17 верасня.

Юлія КУЛІК

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости