Наверх

Чыгуном, траплом і верацяном: як настаўніца роднай мовы навучае вучняў

11 февраля 2020

Чыгуны і вілы, верацяно і трапло, а яшчэ кавярзні ды пасталы: такія рэчы служаць дыдактычным матэрыялам на ўроках настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 21 г.Баранавічы Галіны Кулак.

Кажаце, нават слоў некаторых не ведаеце? Тады самы час завітаць на ўрок да баранавіцкага педагога, якая справе сваёй аддала больш за чвэрць стагоддзя. І так аддана яе любіць, што гэта заўважылі на самым “версе” і адзначылі Галіну Мікалаеўну прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў.

Пацверджаннем прафесіяналізму настаўніцы – высокія дасягненні яе вучняў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па роднай мове і літаратуры. Шмат гадоў запар выхаванцы Галіны Мікалаеўны прывозяць дыпломы і падзякі, якія сведчаць аб дасканалым веданні мовы.

Пытаюся ў суразмоўцы, што яна робіць дзеля таго, каб вучні цанілі роднае слова. “Нічога, – прастадушна адказвае настаўніца, – даю ўрокі,  ды і ўсё!” “Але якія ўрокі!” – заўважае калега Вольга Хвайніцкая, з якой у творчым тандэме наша субяседніца рыхтуе і праводзіць цікавыя школьныя мерапрыемствы.

Разважаем аб стаўленні сучаснага пакалення да беларускай мовы. У словах Галіны Мікалаеўны скруха: “На жаль, зараз назіраецца збядненне духоўнага свету вучняў, страчваецца сувязь з культурнай спадчынай народа.Традыцыйная культура ўспрымаецца маладым пакаленнем у лепшым выпадку як музейная, у горшым – як далёкая ад сённяшняга жыцця, малапрывабная і непатрэбная рэальнасць”.

Таму Галіна Кулак і робіць усё для таго, каб жывая спадчына набыла новы сэнс, гаварыла пра сябе на мове, зразумелай пакаленню электроннай культуры.

Настаўніца згадвае, што яе ўласная цікавасць да фальклору і этнаграфіі зарадзілася ў 2013 годзе, калі ў адным з кабінетаў беларускай мовы і літаратуры  школы пачалі афармляць этнаграфічны куток. Прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, рамесніцкія і ткацкія вырабы збіралі настаўнікі, вучні, іх бацькі. І ў хуткім часе склаліся цэлыя тэматычныя раздзелы: “Печ”, “Бабін кут”, “Покуць”, “Народныя рамёствы” і іншыя. У этнакутку пачалі праводзіць урокі, класныя гадзіны, разнастайныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Далей – больш: у школе прыжыліся тэатралізаваныя фальклорныя святы, такія як “Калядкі”, “Нам засталася спадчына”, “Падарожжа ў свет народнага побыту”, “Свята нацыянальнай кухні”.

Усё гэта Галіна Мікалаеўна выкарыстоўвае і на сваіх уроках. Напрыклад, калі  вывучаюцца творы Якуба Коласа ці Уладзіміра Караткевіча,  то на занятках дэманструюцца жбанкі, чыгуны, вілы, патэльні. Адказ на пытанне “што больш за ўсё любяць есці беларусы?” атрымліваецца тэатралізаваным – тут табе і песня пра бульбу, і танец пра яе. “Падчас фізкультхвілінак даю дзецям магчымасць прадэманстраваць працэсс збівання масла ў маслабойцы, прасавання бялізны пры дапамозе качалак, карыстання вілкамі для вымання ежы з печы, прадзення з дапамогай прасніцы”, – канкрэтызуе суразмоўца.

Калі надыходзіць час вывучаць тэму “Загадкі”, якія, па разуменні Галіны Мікалаеўны, развіваюць у дзяцей вобразнае мысленне, назіральнасць, дапытлівасць, кемлівасць, то без этнакутка таксама не абысціся. Менавіта тут можна прадэманстраваць патрэбныя рэчы і знайсці адгадкі. “Чым больш кручуся, тым больш таўсцею”, – не паспее настаўніца дагаварыць загадку да канца, як дзеці ўжо імчацца шукаць адказ і сярод штатлікіх экспанатаў знаходзяць верацяно. А далей Галіна Мікалаеўна прапануе вучням узгадаць, як часта яны чуюць гэта слова ў дачыненні да сябе, сяброў ці родных. “У чый адрас можна сказаць “верацяно ты!”? – пытаецца настаўніца, дэманструе, як “працуе” верацяно, і чуе самыя розныя версіі.

“А ці ёсць сярод вашых знаёмых такія, пра якіх кажуць “трапло ты!”? Чаму іх так называюць?” – і ў руках настаўніцы з’яўляецца тое самае трапло, якім трэплюць лён. Дзеці бачаць, што “язык” у гэтага старадаўняга прадмета доўгі.

І дакладна ніхто не жадае, каб на яго казалі “лапаць”, бо нікому не хочацца быць занадта праставатым, недалёкім – якраз бы той самы лапаць. Дарэчы, калі размова заходзіць пра лапці, гучаць і словы “шчарбакі”, “пасталы”. Сэнс апошніх слоў ужо мала хто ведае, таму Галіна Мікалаеўна тлумачыць, што гэта на самай справе розныя віды лапцяў. Мы ж з вамі носім не толькі туфлі, але і басаножкі, і кеды. І нашы продкі насілі розныя лапці – крыху адкрытыя збоку ці наперадзе.

Здаецца, навошта сучаснаму чалавеку такія веды? Ну, кануў у нябыт сам прадмет, а за ім і слова, якім яго абазначалі. Але ж з гэтымі словамі мы страчваем мову, збядняем яе, чаго нельга дапусціць.

Галіна Кулак успамінае нядаўні выпадак. Яе вучаніца Дар’я Сай удзельнічала ў рэспубліканскім этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Адным з заданняў было адрэстаўрыраваць тэкст – уставіць на  патрэбнае месца назвы элементаў ткацкага станка. “А мы з дзецьмі некалькі гадоў таму даследавалі, з чаго складаецца станок, у чым асаблівасць працы ткача. Я нават маме сваёй у вёску тэлефанавала, каб яна падказала прызначэнне некаторых элементаў”, – усміхаецца Галіна Мікалаеўна.

Даша тады атрымала дыплом 1-й ступені. У цэлым жа вучні Галіны Кулак пачынаючы з 2009 года пастаянна прывозяць дыпломы з абласных і рэспубліканкіх алімпіяд. Сярод знакавых дасягненняў апошніх гадоў – дзве прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў, якія атрымалі Дар’я Сай і Лізавета Петрашэвіч.

“Гэтыя і іншыя вучні дапамагалі мне рэалізоўваць праект “Музей у чамадане”, – расказвае настаўніца. – Этнакуток – адзіны на ўсю школу. А яна ў нас вялікая, займаецца каля 1400 дзяцей. Заўсёды праводзіць урокі ў этнакутку не атрымліваецца. Таму мы збіраем чамадан – і такім чынам музей аказваецца ў нас на ўроку”.

І гэта яшчэ далёка не ўсе прыёмы таленавітай настаўніцы. Ды хіба раскажаш у кароткай замалёўцы пра ўсе штодзённыя напрацоўкі Галіны Мікалаеўны! Яна, упэўнена, атрымае яшчэ не адну высокую ўзнагароду, а яе вучні не раз стануць лепшымі ў рэспубліцы. Праўда, сама настаўніца пераканана, што не гэта галоўнае. Важней, лічыць, любоў і пашана да роднай мовы і культуры, што адназначна перадаецца ў любоў да Радзімы.

Галіна СТРОЦКАЯ

Фота аўтара і з архіва гераіні публікацыі

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости